Журы беларускага конкурсу «Прэс-фота-2013» адзначыла першым месцам у намінацыі «Навіны» эксперыментальны здымак Сяргея Гудзіліна.

На ім — журналіст газеты «Комсомольская правда в Белоруссии» Ірына Козлік (злева) і фатограф-фрылансар Юлія Дарашкевіч чакаюць суда ў машыне міліцыі. Суддзя суда Савецкага раёна горада Мінска Дзмітрый Паўлючэнка аштрафаваў журналістак на 3 млн. беларускіх рублёў (каля $360) кожную. У адміністратыўных пратаколах, складзеных у дачыненні да журналістак, было напісана, што затрыманыя абвінавачваюцца ў «пікетаванні шляхам фатаграфавання» з плюшавым мядзведзем і надпісам «No pictures — no problems?». Таксама першае месца ў Гудзіліна ў намінацыях «Рэпартажны партрэт» — за серыю «Чорны спіс мастацтваў» і «Мабілаграфія» — за фота з беларускага «Поля цудаў», што ля рынку «Ждановічы». У той самай намінацыі адзначаная серыя Гудзіліна «Супрэматычны Мінск», прысвечаная вулічным мастакам і тым, хто з імі змагаецца.

У намінацыі «Пастановачны партрэт (серыі)» адзначаныя фота жодзінскіх выпускніц, серыя «Артадаксальныя выбары», прысвечаны рытуалу народнага волевыяўлення, трапіла ў намінацыю «Мастацтва ды забавы».

У 2011 Гудзілін атрымаў Гран-пры «Прэс-фота Беларусі», летась — прызы ў чатырох намінацыях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0