Сярэднегадавы курс даляра ў 2014 годзе беларускія эканамічныя ўлады чакаюць на ўзроўні 9.500 рублёў. Паводле інфармацыі БелаПАН, такая ацэнка прыводзіцца ў канцэпцыі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступны год.

Нагадаем, што пры падрыхтоўцы бюджэту на 2013 год улады заклалі сярэднегадавы курс долара на ўзроўні 8.950 рублёў за долар. Такім чынам, па ацэнках уладаў, у наступным годзе дэвальвацыя нацыянальнай валюты складзе каля 6%.

Паводле наяўных звестак, падрыхтаваная канцэпцыя прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця прадугледжвае захаванне ў наступным годзе дзейнага рэжыму забеспячэння збалансаванасці валютнага рынку і недапушчэнне рэзкіх ваганняў абменнага курсу.

Незалежныя эканамісты прыводзяць падобныя з афіцыйнымі ацэнкі па прагнозе курсу даляра на наступны год.
Так, эксперты даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджменту (ІПМ) чакаюць, што курс даляра да канца 2013 года складзе 9.200 рублёў, да канца 2014 года — 9.500 рублёў.

«Раўнавага, якая ўстанавілася на фінансавых рынках у апошнія перыяды, уяўляецца дастаткова крохкай. Пры гэтым манетарныя ўлады нацэлены на некаторае змякчэнне грашовай палітыкі, але імкнуцца забяспечваць адносна стабільны ўзровень намінальнага абменнага курсу», — гаворыцца ў макраэканамічным прагнозе, які падрыхтавалі эксперты даследчага цэнтра ІПМ.

Такая палітыка можа быць паспяховай толькі пры прыцягненні знешніх запазычанняў, лічаць эканамісты.

«Пры такім сцэнарыі мы чакаем, што намінальны абменны курс складзе 9.200 рублёў і 9.500 рублёў за даляр на канец 2013 і 2014 гг. адпаведна. Аднак пры недахопе знешніх пазык абясцэненне нацыянальнай валюты можа быць значна больш істотным», — мяркуюць эксперты даследчага цэнтра ІПМ.

Цяпер афіцыйны курс даляра складае 8.670 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?