«Мы дасылаем паштоўкі з песняй абсалютна бясплатна», — расказвае Мікіта Найдзёнаў, фронтмэн беларускамоўнага гурта Hurma, які пасля першага сольнага выступу ў Мінску, вырашыў выпусціць сінгл у незвычайным фармаце.

«Нам захацелася паспрабаваць для сябе нейкую новую магчымасць прэзентаваць чарговую песню, — кажа Найдзёнаў. — І мы захацелі зрабіць песню з дастаўкай на дом нашым слухачам. Друкаваць цэлы дыск дзеля адной песні не зусім рацыянальна, а вось зрабіць паштоўку з QR-кодам, каб чалавек мог знайсці і спампаваць новую песню, — тое, што трэба».

Першымі атрымалі такія паштоўкі гледачы дэбютнага сольнага канцэрта. Цяпер паштоўку можа атрымаць кожны жадаючы — дастаткова пакінуць свой адрас тут альбо тут, ці даслаць яго ў прыватныя паведамленні музыкам.

«Новая песня называецца "Амазонка", — расказвае спадар Найдзёнаў. — Песня пра такую дзяўчыну-вамп, якая сама вырашае, якімі павінны быць адносіны, калі гэта каханне, а калі — сяброўства.

Паштоўкі адпраўляем абсалютна бясплатна. Дарэчы, адпраўляем не толькі Амазонкам з палескай глушы, але ўсім ахвочым. Даслалі ўжо у Баранавічы, Магілёў, Нясвіж, Асіповічы, Віцебск, Калодзішчы, Мінск, Пінск. І гэта не ўсе беларускія гарады і вёскі. Яшчэ плануем даслаць нашым слухачам за мяжу. Ужо ёсць некалькі прапаноў у Нямеччыну, Расію. На паштоўцы выкарыстаны здымкі Віктара Дабрыяна, рабіў макет паштоўкі Ілля Красоўскі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?