Сёння, 20 чэрвеня, у Менску на 83-м годзе жыцця памёр кандыдат філалагічных навук, навуковец, літаратуразнавец, даследчык беларуска-нямецкіх сувязяў Уладзімір Сакалоўскі.

Пра беларускага пісьменніка і перакладчыка Уладзіміра Сакалоўскага прафесар Адам Мальдзіс неяк сказаў: “Я не ўяўляю сабе беларуска-нямецкія грамадска-культурныя, асабліва літаратурныя сувязі без прац Уладзіміра Сакалоўскага. Ён адкрыў многія іх факты, сістэматызаваў і абагульніў”.

Да гэтых слоў я хачу яшчэ дадаць, што цяпер, калі яго не стала, не магу ўявіць Слонімшчыну без майго старэйшага сябра, земляка, таленавітага чалавека.

Пазнаёміўся я з Уладзімірам Лявонцьевічам Сакалоўскім дзесьці ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Тады якраз з друку выйшлі дзве яго арыгінальныя кнігі, якія адразу зрабілі даследчыка літаратуры вядомым і кампетэнтным знаўцам у галіне перакладу і нямецка-беларускіх сувязяў. Гэта былі кнігі “Пара станаўлення” і “Беларуская літаратура ў ГДР”. Гэтыя кнігі літаратуразнавец мне даслаў у Слонім, і я пра іх напісаў добрыя словы ў мясцовым друку. Так мы пасябравалі. І калі ён бываў на роднай Слонімшчыне, ніколі не мінаў маёй хаты, бо нам заўсёды было пра што пагутарыць.

Родам Уладзімір Сакалоўскі са слонімскай вёскі Мяльканавічы, дзе нарадзіўся 10 снежня 1930 года.
Бацька яго Лявонцій Аляксеевіч на вёсцы быў даволі адукаваным чалавекам. Ён у свой час скончыў гімназію і некалькі курсаў Варшаўскага ўніверсітэта. Добра валодаў беларускай, польскай, рускай і нямецкай мовамі, ведаў таксама лацінскую і старажытна-грэцкую мовы, прымаў актыўны ўдзел у мясцовай філіі Таварыства беларускай школы (ТБШ). Так што прыклад Уладзіміру было з каго браць. Таму юнак таксама пайшоў у навуку, бо меў талент да замежных моў, да вучобы.

Пасля заканчэння факультэта замежных моў Гродзенскага ўніверсітэта Уладзімір Сакалоўскі працаваў перакладчыкам ва Усходняй Германіі, потым выкладаў нямецкую мову ў Латвіі, працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, пасля — у Бонскім універсітэце.

Побач з беларускай мовай у яго заўсёды была нямецкая. А асноўнай тэматыкай даследаванняў стала гісторыя развіцця і ўзаемадзеяння беларускай і нямецкай культур.

Ведаў даўно, што ў 1961 годзе ў Боне на нямецкай мове выйшла кніга Анджэя Цеханавецкага Michal Kazimierz Oginski und sein Musenhof zu Slonim. Кніга гэта ўнікальная, яна з’яўляецца адным з першых спецыяльных даследаванняў па гісторыі прыдворнага тэатра Беларусі, да таго ж напісаная аўтарам па невядомых раней архіўных матэрыялах. Доўгі час гэтае выданне было недаступным беларускім даследчыкам і простым чытачам. І толькі дзякуючы Уладзіміру Сакалоўскаму кніга Анджэя Цеханавецкага пабачыла свет і ў Беларусі. Першая выданне па-беларуску выйшла ў 1993 годзе і адразу хутка разышлося. Другое выданне, з больш дапоўненымі каментарыямі, у перакладзе Уладзіміра Сакалоўскага з’явілася ў 2006 годзе.

У апошні час беларускі вучоны і перакладчык вялікую ўвагу аддаваў даследаванню Беларусі ў перыяд Першай сусветнай вайны, а таксама Надзвычайнай місіі БНР у Нямеччыне.
Справа ў тым, што адну з важных роляў у знешнепалітычнай дзейнасці Беларускай Народнай Рэспублікі адыграла Надзвычайная місія рэспублікі ў Берліне, якая на працягу амаль сямі гадоў (1919-1925) у цяжкіх і складаных умовах годна прэзентавала Беларусь у Нямеччыне і доўгі час з’яўлялася адным з галоўных цэнтраў БНР па каардынацыі дзейнасці беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой. Вось гэты перыяд актыўна і грунтоўна даследуе Уладзімір Сакалоўскі. Вялікі артыкул на гэтую тэму ён апублікаваў у 2009 годзе ў часопісе Arche.

Усе кнігі, артыкулы, выступленні юбіляра немагчыма пералічыць. Дый няма сэнсу. Усё зробленае Уладзімірам Сакалоўскім трэба чытаць, даследаваць, аналізаваць. Працы яго - сур’ёзны ўклад у нашу айчынную гісторыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?