Пасяджэнне нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускай пісьменнасці прайшло ў Быхаве пад старшынствам намесніка прэм’ер-міністра Анатоля Тозіка.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, разгледжана канцэпцыя правядзення свята, ход падрыхтоўкі аб’ектаў і добраўпарадкавання тэрыторый, арганізацыя працы гандлёвых кропак, парадак удзелу замежных гасцей і іншыя пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай мерапрыемства.

Па выніках пасяджэння дадзены даручэнні органам дзяржкіравання і арганізацыям па актывізацыі работ, звязаных з падрыхтоўкай аб’ектаў да правядзення мерапрыемстваў, іх матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем.

Як адзначыў у інтэрв’ю журналістам Анатоль Тозік, Быхаў да Дня беларускай пісьменнасці набудзе новае аблічча. У горадзе ўжо шмат зроблена па падрыхтоўцы да свята пісьменнасці. Прыняты на першым пасяджэнні аргкамітэта ў лістападзе графік работ практычна поўнасцю выконваецца. Усе праблемныя бягучыя пытанні вырашаюцца аператыўна ў рабочым парадку. «Нідзе грошы не патрачаны дарма. Мы будуем і рэканструюем аб’екты з такім разлікам, каб яны служылі быхаўчанам шмат гадоў. Па сутнасці, да 1 верасня горад набудзе зусім новае аблічча: актыўна добраўпарадкоўваецца цэнтр, будуецца новы басейн, ідзе рэканструкцыя кінатэатра, Палаца культуры, будынкаў аўта- і чыгуначнага вакзалаў з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі. Распачаты маштабныя работы па аднаўленні ўнікальнага помніка архітэктуры ХVII стагоддзя — Быхаўскага замка», — расказаў ён.

Віцэ-прэм’ер таксама падкрэсліў, што работы на шэрагу аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры вядуцца з некаторым апярэджаннем устаноўленага графіка, ніхто з падрадчыкаў не падвёў, таму можна з упэўненасцю канстатаваць, што Быхаў будзе гатовы прымаць гасцей ужо пасля 25 жніўня, як і планавалася.

Юбілейны ХХ Дзень беларускай пісьменнасці пройдзе ў Быхаве 1 верасня 2013 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?