23 жніўня

Тацяне Севярынец не дазволілі працаваць

Віцебская абласная судовая калегія адмовіла Тацяне Севярынец ва ўзнаўленьні на працы, пацьвердзіўшы рашэньне Першамайскага раённага суду пра законнасьць ейнага звальненьня. Спн.Севярынец лічыць вырак палітычна матываваным. Маці Паўла Севярынца звольнілі зь сярэдняй школы №40 нібыта за прагулы.

Акцыя супраць затрыманьняў прайшла без затрыманьняў

Акцыя пратэсту супраць пазапраўных затрыманьняў і зьбіцьця маладых актывістаў апазыцыі прайшла на скрыжаваньні вуліцаў Няміга і Гарадзкі Вал. Дваццаць чалавек разгарнулі расьцяжку «Пакуль ты сядзіш дома, яны зьбіваюць дзяўчынак» і плякаты, на якіх была інфармацыя аб падзеях 16 жніўня. Акцыя доўжылася 15 хвілінаў і скончылася без затрыманьняў.

Не зарэгістравалі «Вясну»

Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі грамадзкаму праваабарончаму аб’яднаньню «Вясна». Арганізацыю не зарэгістравалі, бо 20 з 69 заснавальнікаў мелі адміністрацыйныя пакараньні, а некаторыя зь іх нават пяць разоў. Таксама незадаволенасьць у Мін’юсьце выклікаў статут «Вясны», бо «зьмяшчае не канкрэтныя мэты і прадугледжвае магчымасьць дадзенага аб’яднаньня дзейнічаць у дасягненьні іншых, не ўказаных у статуце, мэтаў». Прыкладна па той самай прычыне месяц таму было адмоўлена ў рэгістрацыі і менскай гарадзкой арганізацыі «Маладога фронту».

Кадэбісты дапытваюць «каліноўцаў»

20‑гадовага пінчука Ігара Салаўя міліцыянты выклікалі ў ГУУС да маёра Нікалайчанкі. Пасадзілі ў аўтамабіль, але адвезьлі не ў ГУУС, а ў гатэль «Прыпяць». Там трое людзей у цывільным, зь якіх пасьведчаньне супрацоўніка КДБ паказаў толькі адзін, вялі перакрыжаваны допыт хлопца. Распытвалі пра навучаньне ў Польшчы. Пры гэтым яны пагражалі хлопцу вялікімі непрыемнасьцямі ў выпадку, калі камусьці раскажа пра гэтую «гутарку».

25 жніўня

Падтрымалі Азарку

У ноч зь пятніцы на суботу ў Нясьвіжы міліцыянты затрымалі Насту Палажанку, Арцёма Дубскага і Аляксандра Жукава для праверкі дакумэнтаў і абвінавацілі ў нанясеньні надпісу «Беларусь — гэта сьвятое». Маладыя людзі прыехалі падтрымаць Насту Азарку, супраць якой узбуджаная крымінальная справа за палітычную дзейнасьць. Н.Палажанку, як няпоўнагадовую, адправілі дамоў. Астатнія ноч правялі ў пастарунку.

26 жніўня

Начное затрыманьне вернікаў у Гомелі

У Гомелі міліцыянты заблякавалі прыватны дом, у якім праходзіла сустрэча жыхароў гораду з былым вязьнем ГУЛАГу, пастарам закрытай уладамі Беларускай эвангельскай царквы Эрнстам Сабілам. Затрымалі дзевяцёх удзельнікаў сустрэчы. Кіравалі затрыманьнем маёр Уладзімер Гасімаў з Чыгуначнага райаддзелу міліцыі Гомеля зь лейтэнантам Анатолем Лоем. Абодва ня мелі ордэру на ператрус, свае дзеяньні тлумачылі тым, што шукаюць злачынцаў.

27 жніўня

Шыдлоўскага зноў у турму

Міліцыя затрымала актывіста дэмакратычнага руху Аляксея Шыдлоўскага і павезла ў турму на Акрэсьціна. Ён мусіць адседзець яшчэ пяць сутак паводле рашэньня суду.

Нагадаем, што напярэдадні сьвяткаваньня Дня незалежнасьці 27 ліпеня А. Шыдлоўскі цягам дня быў двойчы затрыманы. Двойчы на яго складалі пратаколы. Паводле другога быў вынесены прысуд — 15 сутак. Гэты тэрмін зьняволеньня апазыцыянэр адбыў. Цяпер Аляксей Шыдлоўскі павінен адсе¬дзець 5 сутак — прысуд паводле першага пратаколу. У абодвух выпадках ён абвінавачваўся ў дробным хуліганстве.

Міністэрства юстыцыі выбачылася

Офіс БСДП (Г) наведала прадстаўніца Міністэрства юстыцыі.

Яна папрасіла вярнуць ліст Міністэрства ад 22 жніўня «Аб вынясеньні пісьмовага папярэджаньня БСДП (Г)». Пры гэтым супрацоўніца Мін’юсту патлумачыла, што ліст быў накіраваны памылкова — насамрэч папярэдзілі сацыял‑дэмакрата Станіслава Шушкевіча.

Пісаць «Беларусь — гэта сьвятое» — не злачынства

Судзьдзя Нясьвіскага раённага суду Дзьмітры Гвозд спыніў справаводзтва паводле адміністрацыйнай справы Насты Азаркі, Алеся Жукава і Арцёма Дубскага. Суд не знайшоў у матэрыялах справы доказаў віны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?