Праваслаўныя вернікі сёння адзначаюць адно з найвялікшых хрысціянскіх святаў Пяцідзясятніцу, ці Дзень Святой Тройцы (Сёмуха).

Свята Святой Тройцы ўстаноўлена апосталамі. На пяцідзясяты дзень пасля Уваскрэсення Хрыстовага ўсе апосталы разам з Маці Божай і з іншымі вучнямі Хрыстовымі знаходзіліся ў адной святліцы ў Ерусаліме. У гэты дзень Бог Айцец паслаў на зямлю Святога Духа, які, з'явіўшыся апосталам, зрабіў так, што яны сталі разумець мовы ўсіх народаў і размаўляць на розных мовах. Таму слова Хрыста, сына Божага - Евангелле, якое прапаведавалі апосталы, было зразумела людзям, і гэта аб'ядноўвала вернікаў у Бога.

Наступны за Пяцідзесятніцай дзень - панядзелак - у праваслаўнай традыцыі называюць Днём Святога Духа. Гэта прастольнае свята галоўнага праваслаўнага храма Мінска - Свята-Духава кафедральнага сабора.

З даўніх часоў на Сёмуху прынята ўпрыгожваць храмы і хаты свежымі кветкамі, травой, галінкамі дрэў і прыносіць у царкву на асвячэнне букеты з травы і кветак.
Раней у сярэдзіну такога букета ставілі патройную свечку, якая павінна была гарэць на працягу ўсёй службы. Травы потым выкарыстоўваліся як абярэг ад розных хвароб, а траецкую свечку ўкладвалі ў рукі паміраючага.

У гэты дзень упершыню пасля Вялікадня спяваецца малітва Святому Духу "Цару Нябесны", а на вячэрні ў дзень свята ўпершыню за гэты перыяд у царквы здзяйсняюцца ўкленчаныя малітвы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?