Па прачытанні аднаго і другога «Клерыкалусаў» уражвае тое, што гэта разважанні верніка. Погляды спадара Карпава — гэта менавіта ВЕРА, і да яго разважанняў дакладна падыходзіць азначэнне апостала Паўла: «Вера — гэта… упэўненасць у тым, чаго мы не бачым» (Габ 11, 1).

У аснову сваіх разважанняў спадар Карпаў ставіць здольнасць аналізаваць досвед і прагназаваць вынікі сваёй дзейнасці. Не ведаю, на які досвед абапіраецца спадар Карпаў, калі ў першым «Клерыкалусе» вельмі кранальна апісвае чалавечае грамадства: там людзі не крадуць, а купляюць, каб падтрымаць існаванне грамадства, падаюць жабракам, каб не было беднасці, плацяць падаткі, вырашаюць спрэчкі ў судах і размовах і г.д.

Згадваецца стары анекдот пра Вовачку, які хацеў жыць у Савецкім Саюзе, бо настаўніца казала, што самае шчаслівае дзяцінства менавіта ў СССР. Я таксама хачу жыць у такім грамадстве, якое апісвае спадар Карпаў, але яно больш нагадвае творы Кампанэлы ці Мора, чым сучасную Рэспубліку Беларусь.
На якім досведзе грунтуецца перакананне спадара Карпава, што людзі не крадуць, бо такім чынам падтрымліваюць грамадства, якое гарантуе ім права на недатыкальнасць маёмасці? Калі хтосьці і лічыць так, то гэта вера, а не здольнасць прагназаваць вынікі сваёй дзейнасці. Я не ведаю людзей, якія, падаючы жабраку на мінскім вакзале, упэўненыя, што змагаюцца з беднасцю, бо кожны ведае, што дзевяноста працэнтаў такой міласціны апынаецца ў гарэлачным аддзеле найбліжэйшай крамы. Спадар Карпаў сцвярджае, што гэта спрыяе нашай бяспецы і паляпшае настрой. З’яўленне на вуліцы п’янага бамжа спрыяе маёй бяспецы? Скажыце, ці больш гэта лагічна, чым вера ў анёлаў? І калі спадар Карпаў плаціць падатак на дапамогу інвалідам, верачы, што гэта гарантуе нам дапамогу ў выпадку ўласнай інваліднасці, то ён робіць як сапраўдны вернік, бо большасць маіх знаёмых пасля перажытых крызісаў і дэвальвацый дзяржаве не давярае, трымае ў банку ці слоіку грошы «на чорны дзень» і спадзяецца толькі на сябе.
І чаму вера спадара Карпава менш ірацыянальная, чым мая вера ў Трыадзінага Бога? І нарэшце, салодкі прыклад пра маму, якая вучыць сына не біць сябра рыдлёвачкай. Мой досвед падказвае, што мамы вучылі так усіх дзяцей, дык адкуль жа бяруцца злачынцы?
Досвед падказвае, што дзіця засвоіць гэты імператыў, калі яго сябра на тры гады старэйшы і вышэйшы за яго на галаву. А вось калі наадварот, то навошта прытрымлівацца імператыву — ён жа і так мяне не стукне!

Веру спадар Карпаў абвяшчае «паразітам» і піша, што гэты «паразіт» прыпісвае сабе найлепшае ў чалавеку. Дык, вызваліўшыся ад гэтага паразіта, чалавек робіцца лепшым? Я такіх прыкладаў не ведаю, маю досвед, калі чалавек рабіўся горшым альбо не змяняўся. Так, пачынаў больш верыць у сябе, але пры гэтым не рабіўся дабрэйшым, не паказваў больш любові і разумення да іншых людзей, а наадварот!

Чалавек, пазбавіўшыся веры ў Бога, ставіць на яго месца не Чалавека, а сябе любімага.
І таму я не падзяляю веры спадара Карпава ў Чалавека. Напэўна, з той самай прычыны, з якой шмат людзей не падзяляе маёй веры ў Бога: я ніколі не бачыў Чалавека. Не бачыў, каб чалавек, пазбавіўшыся веры ў Бога, стаўся дасканалым.
Спадар Карпаў сцвярджае, што горы трупаў (не менш!) з’яўляюцца там, дзе ад чалавека патрабуюць прызнаць сябе недастаткова дасканалым для сябе самога. А ці не з’яўляліся горы трупаў там, дзе чалавека пачыналі вызваляць ад «рэлігійных забабонаў» ці «опіуму для народа»?
А да чаго можа прывесці вызваленне ад «паразіта веры»? Свет нашмат больш складаны, чым гэта бачыцца спадару Карпаву. Недастаткова пазбавіцца чалавеку ад «паразіта веры», каб стаць свабодным, творчым і шчаслівым. Перафразуючы самога Карпава, я не ведаю ніводнага грамадства, духоўны стан якога палепшыўся пасля пазбаўлення ад «паразіта веры». Рабства, масавыя забойствы, голад і генацыд, якія існавалі да, падчас і нават у імя хрысціянства, пасля хрысціянства пераўзышлі ўсё гэта маштабамі, я б сказаў, набылі маштабы прамысловыя.
Дык калі няма розніцы, навошта выбіраць новую веру спадара Карпава? Бо, як казаў Хрыстос, ніхто, пакаштаваўшы старога віна, не захоча маладога.
І я, паспрабаваўшы «Шато Ляфіт», не хачу «Крыжачка» карпаўскага разліву.

Спадар Карпаў дэкларуе, што ў сваім «Клерыкалусе» пад верай мае на ўвазе кананічную хрысціянскую веру ў Бога (а потым як прыклад прыводзіць Саудаўскую Аравію, Емен, Бангладэш і ўвесь мусульманскі свет, але даруем яму такую непаслядоўнасць). Чамусьці «кананічным» спадар Карпаў называе ўсё адмоўнае і пачварнае, што можа прыдумаць пра рэлігію. Чаго вартае ягонае «Я не баюся кананічнага псіхапатычнага бога»! Але калі б спадар Карпаў даў сабе клопат зазірнуць, напрыклад, у «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (Мінск, «Беларуская энцыклапедыя», 1996), ён знайшоў бы там значэнне слова «канон»: «Правіла альбо сукупнасць правіл якога-небудзь напрамку, вучэння». Дык у якіх зборах правіл знайшоў спадар Карпаў такую хрысціянскую веру? І ўвогуле, ці звяртаецца спадар Карпаў да якіх-небудзь крыніц, якія змяшчалі б сукупнасць правіл хрысціянства? Да Бібліі? Да Кодэксу кананічнага права? Катэхізіса? Вучэння аўтарытэтных царкоўных дзеячаў? З усіх царкоўных дзеячаў двух тысячагоддзяў хрысціянства ён згадвае толькі брата Пётру Рудкоўскага, «папулярнага» амерыканскага прапаведніка Гаральда Кемпінга (пра якога я і, падазраю, большасць чытачоў чуе першы раз) і дыктатара Уганды мусульманіна Ідзі Аміна. У семінарыі на першым курсе я вывучаў логіку і метадалогію. Шкада, што не існуе семінарый для атэістаў, бо і з логікай, і з метадалогіяй у спадара Карпава праблема.

Ён не сягае крыніц, каб даведацца, якое яно — сапраўднае хрысціянства, не аналізуе яго вучэння і гісторыі, ён сам стварае вобраз хрысціянскай веры, абвяшчае яе кананічнай, і потым з ёй змагаецца! Таму не стану абвяргаць такія сцверджанні спадара Карпава, як «першай прыкметай сапраўднага хрысціянства з’яўляецца страх», «кананічная вера ў Бога падрывае ў чалавеку веру ў сябе», «рэлігія не мае мэты дазволіць чалавеку спасцігаць свет, бо аперуе догмамі» і г.д. Я б назваў гэтыя сцверджанні дагматамі веры спадара Карпава, бо яны альбо бяздоказныя, альбо іх доказы смеху вартыя.

Дзякуй спадару Карпаву, ён стварыў новы тэрмін: «кананічная вера». Але паколькі я другі, хто карыстаецца гэтым тэрмінам, дазволю сабе ўкласці ў яго іншы сэнс, чым шаноўны апанент.

Кананічная вера для мяне — гэта вера Евангелля, Сусветных Сабораў, Айцоў Царквы (калі хто не ведае, гэта царкоўныя пісьменнікі, якія жылі ў першыя стагоддзі хрысціянства), вера святых падзвіжнікаў Сусветнай Царквы, старажытных і сучасных, такіх як святы Францішак, Ян Павел ІІ, Маці Тэрэза з Калькуты і шмат іншых. Вера нашых продкаў — Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, ксяндзоў Казіміра Сваяка, Адама Станкевіча, Вінцэнта Гадлеўскага і яшчэ многіх і многіх. Вера ў Бога, які не патрабуе ад чалавека страху, але чакае яго любові, бо Ён сам першы паказвае сваю любоў на справе: Бог стаў Чалавекам, перажыў тое, што перажывае кожны з нас: генацыд, выгнанне, працу, неразуменне блізкіх і нават смерць.
Вера ў тое, што кожны чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае, таму парабуе пашаны і любові, і сапраўднае хрысціянства гэтую любоў нясе людзям ужо дзве тысячы год, у тым ліку праз розныя дабрачынныя арганізацыі (пра гэта спадар Карпаў не ведае ці не хоча ведаць). Вера ў тое, што свет створаны Богам, таму жыве паводле разумных законаў, якія можна спазнаць чалавечым розумам, таму Царква стварала бібліятэкі і ўніверсітэты, падтрымлівала навуковыя даследаванні і працягвае гэта рабіць сёння. Вера ў тое, што людзі, аб’яднаныя хрысціянскай любоўю, павінныя змяняць не толькі сябе, але і сацыяльныя структуры, таму гэтая вера можа руйнаваць рэжымы, як гэта было ў блізкай Польшчы ці на далёкіх Філіпінах. Кананічная (у такім разуменні) вера дае мне адказы на пытанні пра мяне самога, пра чалавека, пра свет.
І неяк мне спакойна, бо гэтая вера прайшла выпрабаванні часам, і мне неяк не хочацца, каб хтосьці ставіў чарговыя эксперыменты па вызваленні чалавека ад «паразіта», якога ён сам не ў стане пазбавіцца.

Спадар Карпаў ганарыцца, што іконкі «Эпл» яму эстэтычна больш падабаюцца, чым іконы. Што ж, камусьці падабаюцца творы Мікеланджэла, Рублёва і Маларыцкага майстра, камусьці — схематычная выява пагрызенага яблыка. Але гэта не сведчыць пра розныя эстэтычныя густы. Гэта сведчыць пра наяўнасць густу ў аднаго і адсутнасць яго ў другога…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?