Праз нядбальства мясцовай адміністрацыі павысыхалі ставы Міхала Клеафаса Агінскага.

Кожны год, вяртаючыся з вучобы ў Менску на вакацыі ў Залесьсе, я заўсёды наведваю былую сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага — кампазытара, грамадзкага і палітычнага дзеяча. У Залесьсі ён пражыў з 1802 па 1822 г.г., дзе стварыў сядзібу «Паўночныя Афіны», якую наведвалі музыкі, паэты, мастакі, навукоўцы і студэнты Віленскага ўнівэрсытэту. Тут, у нашай сядзібе, дзе каля палацу зіхацела люстэрка става зь лебядзінай выспай, сярод водару ружаў, лілеяў, фіялак і гудзеньня пчолаў Агінскі складаў свае «Мэмуары», рамансы і палянэзы.

Сёньня ў «Паўночных Афінаў» дзіўны стан хранічнай летаргіі, якая часам аздабляецца бадзёрымі абяцанкамі‑цацанкамі аб «ажыўленьні» сядзібы, што даходзяць да Залесься са сталіцы. Гэтая летаргія пачалася з рэстаўрацыі ў 70‑х гадах мінулага стагодзьдзя і зараз працягваецца пад загадкавай назвай «кансэрвацыя». Здаецца, што стануць ужо вечным экспанатам гнілыя рыштаваньні на млыне каля става, а трушчаная цэгла на куце гэтага будынку ніколі не зьнікне.

Падчас майго прыезду на гэтыя летнія вакацыі я са скрухай і сумам пабачыла, што цяпер ужо і стаў пакіне аб сабе толькі адбітак — са става зьнікае вада…

Як кажуць у Залесьсі гэты дэфіцыт звычайнай вады пачаўся зь… мінулагодняга патопу. Тады залева дажджоў затапіла ўсе гароды і склепы на вул.Чыгуначнай, бо, зразумела, аніякай зьліўной каналізацыі ў Залесьсі ніколі не было. Жыхары затопленых двароў дарэмна спрабавалі дабіцца паратунку ў тагачаснага старшыні сельсавета і, урэшце, рызыкнулі знайсьці праўду і напісалі аб сваёй бядзе ў адну з цэнтральных газэтаў сталіцы. У адказ зьявіўся артыкул «У Залесьсі патоп». Па Залесьсі пайшлі чуткі, што раённае начальства прачытаўшы той артыкул вельмі абурылася, выклікала залескага старшыню сельсавета і дапякала яго — Вось, маўляў, з‑за вас такая «пляма» на раёне!!! Што ж зрабіў таварыш старшыня? Тав. старшыня сьмела пайшоў на сядзібу Агінскага, дзе самастойна і рашуча падняў шлюзы става, бо быў вельмі ўпэўнены ў справядлівасьці і праўдзівасьці фізычнага закону таварышаў Бойля і Марыёта! Нягледзячы на тое, што тыя затопленыя двары на вул.Чыгуначная знаходзяцца на адлегласьці меней за кілямэтар ад ставу, закон, пэўне, спрацаваў. Але… Адзін са шлюзаў става тав. старшыня неяк сапсаваў сваім энэргічным пад’ёмам, шлюз «спорціўся», не апусьціўся і вада з таго часу ўсё лета так і выцякае са става.

За час сьпякотнага лета двары на вул. Чыгуначнай даўно высахлі, затое жахары двароў каля става са зьдзіўленьнем заўважылі што ў іх студнях вады — усё меней і меней. Большасьць з гэтых жахароў наракае на сьпякоту. Але ж яны ня ведаюць аб сьмелым «экспэрымэнце» тав. старшыні (ня кажучы ўжо пра закон ужо вядомых нам тав. Бойля‑Марыёта)! Дарэчы, той старшыня, ліквідаваўшы гідрапраблему і праверыўшы сваё веданьне фізыкі, пэўне, быў так задаволены, што вырашыў сысьці са сваёй пасады. Хаця, сярод жыхароў, ёсьць і іншае меркаваньне — гэта за яго вырашылі, што ён мусіць сысьці. Яшчэ раней, у час татальнага зьнішчэньня высокіх дрэваў па ўсёй краіне, наш вынаходнік‑старшыня, да таго ж кіраваў і сьпілоўкай старой алеі Агінскага каля залескай школы. Ліпы ХVIIІ ст. так крыва‑коса сьпілавалі, што зараз гэтае месца жыхары называюць сумным словам «Хатынь». (Па прыкладу тав. старшыні і тав. дырэктар школы праявіў «ініцыятыву» — выкарчаваў увесь яблыневы сад перад школай. Зараз перад ёй голы газон зь сіратлівымі клумбачкамі. І ніякіх праблемаў са зборам яблыкаў і касьбою травы).

Мясцовыя ж улады Залесься (сельсавет, раённая інспэкцыя аховы прыроды, музэй Агінскага, райвыканкам) ужо чатыры месяцы, дзень і ноч, вырашаюць паміж сабой — каму выпраўляць вынік «ініцыятывы» былога старшыні? А вада зьнікае са става кожны дзень і Лебядзіную выспу часоў Агінскага трэба перайменаваць ужо ў Паўвыспу, бо на яе можна прайсьці па дне ставу. Па высахлых берагах адкрыліся бутэлькі, шклянкі і жалезьзе — вынікі адпачынку «любіцеляў» прыроды.

Аб высыхаючым ставе некаторыя жыхары Залесься кажуць, што гэта такая «новая тэхналёгія» асушэньня става — доўга, але затое надзейна, — каб потым, праз год ці два, лягчэй было чысьціць. Іншыя сьцьвярджаюць, што так рыхтуюцца да сьвяткаваньня ўгодкаў Агінскага і наступнае сьвята будзе праходзіць на дне высахлага става, дзе пад гукі палянэза будуць частаваць дармавымі юшкай і півам. А болей прагматычныя тубыльцы ўжо плянуюць начны ўлоў, калі ад става застанецца мелкая лужына, зь якой можна будзе выцягваць рыбу кошыкамі — на халяву. Улада ж гэтую праблему «дзержыць на кантролі» — да поўнага зьнікненьня прадмету кантролю.

…Цяпер ужо пайшлі дажджы. Але, калі часам прыпякае сонейка, вакол става былых Паўночных Афінаў лунае зусім не фіялкавы пах і людзі, што прыяжджаюць на экскурсію ў сядзібу Агінскага з розных куткоў Беларусі ўжо не падыходзяць блізка да става, а толькі пытаюцца зь недаверам і скепсісам: «І ў вас тут калісьці плавала лебядзіная пара Ля і Мінор?!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?