Да пяці гадоў турмы і дзясяці гадоў забароны кіравання аўтамабілем асуджаны грамадзянін Беларусі, з-за якога ў 2012 годзе каля Ломжы загінулі тры чалавекі, паведамляе беларуская служба «Польскага радыё».
Кіроўца фуры прызнаў сваю віну і прасіў асудзіць яго на 4 гады турмы.
Трагічнае здарэнне адбылося ў лістападзе 2012 года на аўтадарозе № 8, паміж Замбравам і Беластокам. Грамадзянін Беларусі на фуры выехаў не левую паласу руху, дзе грузавік сутыкнуўся з мікрааўтобусам. Загінулі тры чалавекі. Пяць чалавек, у тым ліку і сам беларус, былі параненыя.
Паводле суда, 37-гадовы кіроўца няўважліва сачыў за дарогай і не разлічыў хуткасць. Пасля ДТЗ яго змясцілі пад варту.
Прысуд пакуль не ўступіў у сілу.