У 2013 годзе ў Беларусі павялічылася колькасць выяўленых наркалабараторый і памяшканняў, прыстасаваных для вырошчання канопляў. Эксперты МУС упэўненыя, што асноўнай прычынай гэтага з'яўляецца эфектыўная праца па перакрыцці знешніх каналаў паставак наркотыкаў.

Як паведаміла ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, на мінулым тыдні ў сваёй кватэры па вуліцы Адзінцова ў Мінску быў затрыманы беспрацоўны 1980 года нараджэння. Адзін з пакояў мужчына прыстасаваў для вырошчвання канопляў (сам жа туліўся ў пярэднім пакоі).

У затрыманні зламысніка ўдзельнічалі супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС сумесна з калегамі з Ленінскага РУУС сталіцы і аддзела дэпартамента аховы. Ліквідавана 29 кустоў і абсталяванне. Аператыўным работнікам затрыманы растлумачыў, што насенне канопляў знайшоў на вуліцы. Распачата справа паводле ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).

Прыкладна месяц таму ў адным з прыватных дамоў па вуліцы Надзеждзінскай у Мінску адбыўся пажар. Ратавальнікі, справіўшыся з агнём, выявілі буйную лабараторыю па вырошчванні канопляў. Відавочнай прычынай узгарання стала замыканне, якое адбылося з-за выкарыстання вялікай колькасці электрапрыбораў, якія абслугоўвалі наркалабараторыю.

За пяць месяцаў гэтага года вартавыя парадку выявілі 20 падобных памяшканняў (за аналагічны перыяд мінулага — 4). Больш выяўлена і лабараторый па вытворчасці сінтэтычных наркотыкаў: з-за таго, што каналы іх пастаўкі з-за мяжы ўвесь час перарываюцца, з'яўляюцца ахвотныя вырабляць іх у самой краіне.

Каб апярэдзіць рост актыўнасці мясцовых наркадзяльцоў, у МУС прапрацоўваецца ініцыятыва аб змяненні заканадаўства ў частцы ўзмацнення жорсткасці санкцый за вытворчасць, вырошчванне, выраб наркотыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?