Доследы паказваюць, што большасць людзей патрабуе сем-восем гадзін сну дзеля аптымальнага функцыянавання ў жыцці. Калі вы рэгулярна не дасыпаеце, гэта можа адмоўна адбіцца на вашым здароўі і нават скараціць ваша жыццё.

Наступствы недастатковай колькасьці сну могуць адмоўна адбіцца на вашай здольнасьці запамінаньня і працэсе вучэньня, крэатыўнасьці, прадуктыўнасьці, эмацыянальнай устойлівасьці і фізычным здароўі наагул.

Паводле адмыслоўцаў зь Пітсбурскага ўнівэрсытэту ў ЗША, недахоп сну можа адмоўна паўплываць на шэраг унутраных органаў чалавека, такіх як сэрца, лёгкія і ныркі, ды на мэтабалізм арганізму, яго імунітэт і разумовыя працэсы.

Некаторыя досьледы сьведчаць пра тое, што недахоп сну можа прывесьці да непатрэбнага набіраньня вагі ці нават атлусьценьня. Ня толькі таму, што чалавек, які ня сьпіць, больш есьць, але і таму, што ў людзей, якія не дасыпаюць, замала гармону, які выклікае пачуцьцё насычанасьці, і зашмат гармону, які павялічвае апэтыт.

У адным дасьледаваньні — у якім узялі ўдзел маладыя здаровыя мужчыны, якім не давалі спаць больш чым чатыры гадзіны на суткі шэсьць дзён запар — выявілася, што ўзровень глюкозу і цукру ў іх арганізмах дасягнулі такога ўзроўню, які назіраецца ў людзей на парозе захворваньня дыябэтам.

Але найбольш пагрозьлівы вынік атрымалі японцы, абсьледаваўшы 24 тысячы жанчын ва ўзросьце ад 40 да 79 гадоў, якія ня спалі больш чым шэсьць гадзін на суткі, і прыйшоўшы да высновы, што імавернасьць захворваньня на рак грудзей у іх значна большая, чым у тых, якія спалі даўжэй.

Карацей, калі ўзьнікае пытаньне — спаць ці ня спаць? — прыгадайце сабе гэты тэкст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?