«Дзякуючы намаганням грамадзянскай супольнасці, праваахоўных органаў наркасітуацыя ў Беларусі кантралюецца, становішча стабілізуецца», — заявіў на прэс-канферэнцыі 25 чэрвеня начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Мікалай Карпянкоў.

Пры гэтым ён канстатаваў, што «наркасітуацыя ў свеце мае стабільна пагаршаючы вектар».

Што да Беларусі, то, паводле слоў Карпянкова, на сённяшнюю дату ў 2012 годзе на ўлік было пастаўлена прыкладна 900 нарказалежных, у 2013-м — 700. Знята з уліку 300 і 500 чалавек адпаведна.

Супрацьдзеянне наркатызацыі краіны, як лічыць спецыяліст, павінна весціся па чатырох кірунках: забеспячэнне недаступнасці наркатычных сродкаў; ранняя дыягностыка; павышэнне ўзроўню рэабілітацыі; навука і заканадаўства.

Намаганні МУС, паводле слоў Карпянкова, засяроджаныя, у прыватнасці, на адбіцці знешняй наркапагразы, выяўленні вытворцаў і збытчыкаў наркотыкаў.

У 2012 годзе, паведаміў прадстаўнік МУС, у краіне было зарэгістравана прыкладна 1.800 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, затрымана 300 сістэмных збытчыкаў.

Кажучы пра сітуацыю на ўнутраным наркарынку, Карпянкоў канстатаваў, што цяжкія наркотыкі тут «вельмі недаступныя». Асноўны наркотык — опіум. Таму МУС і ініцыявала падрыхтоўку дэкрэта прэзідэнта аб узмацненні адказнасці незаконных збытчыкаў насення маку.

Іншая праблема — курыльныя сумесі. Толькі ў маі гэтага года затрымана 35 іх распаўсюджвальнікаў. Галоўным чынам усе яны будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.

Карпянкоў сказаў, што гэтай праблеме будзе прысвечана народная канферэнцыя, якую запланавана правесці ў Беларусі ў верасні з удзелам спецыялістаў Расіі і ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?