У перапынках паміж этапамі цэнтралізаванага тэставання і рэпетыцыямі гурта The Stampletons Паша Міхалок, які селёта скончыў школу і адзначыў сваё паўналецце, даў першае ў жыцці інтэрв’ю, сустрэўшыся з агентамі 34mag у спякотным Менску. Чытай, якім бачаць свет сённяшнія 18-гадовыя, праз вочы нашчадка імперыі Lyapis-crew.

Пра ўласную творчасць

Я граю на басу ў The Stampletons — цяпер гэта асноўнае месца, дзе я магу ўвасабляць свае творчыя ідэі. Гэта канцэрты, уражлівыя гастролі, развіццё тэхнічнага майстэрства. Я ў гурце два гады, мы селёта выдалі другі альбом. Асноўны пасыл ідзе ад вакаліста, а я дапамагаю данесці яго да людзей. А наш былы бубнач нядаўна зваліў у Швецыю — ён даўно марыў там жыць і выдатна вывучыў шведскую мову. Я паважаю яго ўчынак. Мне ж вельмі падабаецца Менск, гэты горад мяне задавольвае.

У дзяцінстве я хацеў стаць акцёрам або рэжысёрам. Аднак пазней прыйшоў да высновы, што музыка — гэта маё. З гітарай пазнаёміўся, калі мне было 10 гадоў. У 16 пачаў граць на басу і паралельна асвойваць бубны і клавішы.
Часам, калі лянуюся адказваць на некаторыя пытанні, я падыгрываю жартам пра басістаў: маўляў, я ж тупы басіст, я стаю сабе і чухаю падпахай. Але ёсць у свеце і такія крутыя хлопцы, як Флі ў RHCР, на якіх трымаецца ўвесь гурт.

Я памятаю, як мы з The Stampletons аднойчы давалі інтэрв’ю нейкаму сайту. Гэта было ў «Лондане». Я прыйшоў пад добрай мухаю, замовіў віскі і пачаў лаяцца, і, здаецца, гэтае інтэрв’ю не атрымалася.

Увогуле мне паступова пачынае падабацца і рэп, і хардкор, і іншыя стылі. Магчыма, у хуткім часе я пачну чытаць рэп. Паглядзім. Планаў шмат. Гэта не перашкаджае быць басістам.

Пра бацьку і «Ляпіс Трубяцкой»

Бацька для мяне — самы лепшы сябар, і я ім вельмі натхняюся. Мне было недзе два гады, калі ён разышоўся з мамай. Я часта думаў, якія б былі ў нас адносіны, калі б гэтага не адбылося, але адказу не знайшоў. Нягледзячы на адлегласць, на нейкую мяжу паміж намі, у дзяцінстве ён вельмі моцна пра мяне клапаціўся, і мы знаходзілі магчымасць быць разам.

Сур’ёзныя размовы з бацькам пра маю будучыню і дарослае жыццё, безумоўна, былі. Ён часам даваў мне добрых «ляшчоў», бо я быў больш замкнёны, меў шмат комплексаў і саромеўся адкрыта размаўляць з ім і матуляй.
Цяпер усё наадварот, але гэты пералом адбываўся паступова, і калі стукнула 18, у мяне з’явілася ўпэўненасць у сабе.

Нашы з бацькам густы ў музыцы, літаратуры, кіно і нават у дзяўчатах супадаюць. Шмат з таго, што я гляджу і чым цікаўлюся, — гэта ад яго. Але ёсць і моманты, калі я падпіхваю яму новую музыку або нечаму вучу. Апошняе, што ён мне падказаў і чым я вельмі натхніўся, быў гурт Die Antwoord. Нават вырашыў паехаць на іх канцэрт у Маскву.

З бацькам бачымся стабільна некалькі разоў на месяц. Летам часцей, бо я магу ездзіць з ім у туры. Нядаўна былі разам у Нямеччыне. Такія паездкі добра трэніруюць з маральнага боку, бо ты разумееш, як знутры функцыянуе вялікі калектыў і як самому паводзіцца надалей у турах.
Усе «напругі», калі такая колькасць мужыкоў праводзяць доўгі час разам, — гэта абсалютна нармальна і само сабой разумеецца. Да таго ж мне падабаецца такая бытавуха, гэта вельмі крута.

«Ляпіс Трубяцкой», вядома ж, у ліку маіх любімых гуртоў. Я вельмі люблю і тое, што яны рабілі ў 1990-я. Сур’ёзна. Вельмі любіў патусіць на карпаратывах: п’яныя твары ў аліўе — гэта ж весела. Усялякія жанчыны бальзакаўскага ўзросту, якія танчаць пад «Сочи», — гэта вельмі натхняе.

Працяг чытайце тут.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?