Мы ў вёсцы называлі яе «чаромхай». Прыезджыя з Барысава казалі «бузіна».
Вялізны куст гэтых ягад рос на засценні (так называлі мы тэрыторыю паміж людскімі гародамі і калгасным полем).

Малымі не маглі дачакацца, калі ж гэтыя ягады нарэшце паспеюць. Ператворацца з чырвоных у цёмна сінія. Таго самага чакалі і вераб’і, якія з радасцю дзяўблі «чаромху».

Потым я разам з суседскімі хлопцамі (адзін з іх сёння біятланіст зборнай Беларусі, другі займаецца вытворчасцю гаджэтаў) узбройваліся самымі вялікімі, якія толькі можна знайсці, кубкамі. Ды ішлі іх збіраць. Спачатку чорнымі станавіліся рукі, а потым ужо рты.

Расла «чаромха» і ў лесе. Дакладней на ўзлесках.

Смак у гэтай ягады прыемны. Не надта салодкі, але і без гарчынкі ці кіслінкі. Елі іх усе: і малыя, і дарослыя. А вось варэнне не памятаю, каб хоць хтосьці варыў.

Тое, што гэта не чаромха, даведаўся ўжо праз шмат гадоў. Калі спрабаваў растлумачыць камусьці са знаёмых пра гэтую ягаду. Ва ўсіх былі свае назвы. Разынкі, карынка, разморыны, какалуша. Так у розных рэгіёнах краіны называюць гэтую ягаду.

Насамрэч — гэта ірга. Толькі вось сапраўдная назва чамусьці не прыжылася. Кажуць, што расліна гэтая трапіла ў Беларусь толькі ў ХХ ст., таму такая рознасць у назвах.

Падзяліцеся ў каментах, як называлі гэтую ягаду ў вас. І, калі можна, пазначайце мясцовасць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?