Кіраўніцтва ЗАТ «Магазін Талін» заяўляе, што інфармацыя, прадстаўленая журналістам былым дырэктарам гандлёвага прадпрыемства аб яго рэйдарскім захопе, не адпаведае рэчаіснасці. Аб гэтым гаворыцца ў лісце, што паступіў у БелаПАН.

«Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, а таксама ганьбіць годнасць і дзелавую рэпутацыю цяперашняга кіраўніцтва ЗАТ «Магазін Талін», — гаворыцца ў лісце.

У дакуменце паведамляецца, што адміністрацыя прадпрыемства мае шэраг дакументаў, якія абвяргаюць звесткі, распаўсюджаныя былым дырэктарам Віктарам Янушковым.

«Па-першае, ёсць шэраг набыўшых моц рашэнняў суда, якімі прызнаецца законным валоданне акцыямі цяперашнімі акцыянерамі, а таксама законнасць звальнення Янушкова Віктара і прызначэння новага дырэктара прадпрыемства», — гаворыцца ў лісце.

Кіраўніцтва гандлёвага прадпрыемства падкрэслівае, што дзеянні цяперашняга ўладальніка акцый не маюць нічога агульнага з праявамі рэйдарства.

«Цяперашні ўладальнік кантрольнага пакета акцый ЗАТ „Магазін Талін“ набыў іх праз прапановы старым акцыянерам канкурэнтаздольнай цаны за акцыю, якая ў некалькі разоў перавышае раней прапанаваную. Цяперашняе кіраўніцтва не пагаршала фінансавыя паказчыкі прадпрыемства, не выводзіла актывы прадпрыемства з абароту», — гаворыцца ў лісце кіраўніцтва ЗАТ «Магазін Талін».

У лісце таксама паведамляецца, што былы дырэктар ЗАТ «Магазін Талін» быў звольнены з пасады па рашэнні агульнага сходу акцыянераў, і законнасць гэтага рашэння была пацверджана ў судовым парадку.

Аўтары ліста інфармуюць, што на працягу апошняга года былы дырэктар «выкарыстоўваў магчымасці працэсуальнага заканадаўства для зацягвання ўваходжання рашэнняў суда ў сілу. Гэта дазволіла яму такі доўгі час фактычна кіраваць прадпрыемствам без законных на тое падстаў, у тым ліку неправамерна атрымліваць заработную плату, выкарыстоўваць службовы аўтамабіль у асабістых мэтах».

Як паведамлялася раней, 24 чэрвеня падчас круглага стала ў Мінску былы дырэктар ЗАТ «Магазін Талін» Віктар Янушкоў заявіў аб рэйдарскім захопе прадпрыемства.
Ён таксама адзначыў, што «ў маі, калі знаходзіўся на бальнічным, узламалі дзверы і перабралі ўсю дакументацыю», пасля чаго, паводле слоў Янушкова, прадпрыемствам сталі кіраваць іншыя людзі.
Каментуючы заяву Янушкова, кіраўніцтва прадпрыемства пацвярджае, што дзверы кабінета былога дырэктара сапраўды былі ўзламаныя.

«Дзверы ў кабінет былога дырэктара Віктара Янушкова сапраўды былі ўзламаныя, але ў мэтах выканання прынятых судом мер, а не самавольна, у прысутнасці сведак і прадстаўнікоў міліцыі для мэтаў атрымання паўнапраўным дырэктарам таварыства афіцыйных дакументаў, пячатак ЗАТ „Магазін Талін“ для выканання ім сваіх службовых абавязкаў. Гэтую меру прыйшлося скарыстаць з-за шматразовай адмовы нелегетымнага дырэктара Віктара Янушкова перадаць справы прадпрыемства новаму дырэктару (што ім не адмаўляецца і пацверджана матэрыяламі суда)», — падкрэсліваецца ў лісце кіраўніцтва ЗАТ «Магазін Талін».

У лісце таксама ўказваецца, што за год «неправамернага кіраўніцтва» Янушкова прадпрыемства фактычна «было даведзена да перадбанкрутнага становішча».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?