Сёньня — Дзень блогу, з чым вас і віншую!

Хацеў вось напісаць оду віртуальнай свабодзе, але, як казаў адзін імпэрскі паэт:), "лета к суровой прозе клонят".

Няма ў сьвеце дасканаласьці. Варта зьявіцца нейкаму чыстаму аазысу — і туды ўжо цягнуцца з розных бакоў потныя караваны цынічных купцоў.

Вось і ў благасфэры патыхае рознымі міязмамі. З аднаго боку, ня дрэмлюць людзі на службе, спрытна падсыпаюць на форумы свой палёній… Зь іншага боку, пайшла такая камэрцыялізацыя, што зьявіўся нават дасьціпны тэрмін — "БАБЛОгі":)

Узьнік і такі панятак, як "зоркаблогі". То бок сеціўныя дзёньнікі выбітных пэрсонаў. Не сакрэт, што мала хто зь іх сам дзяўбе постынгі. Шчыруюць найманыя людзі і нават цэлыя каманды. Ўэб-экспэрты кажуць пра "атаку клонаў" (дадамо: бываюць яшчэ і "атакі клоўнаў":).

Але факт тое, што нават суворыя дзяржаўныя мужы мусяць зважаць на эпідэмію віртуальнага самавыяўленьня і выкарыстоўваць яе хаця б дзеля прагматычных піяраўскіх мэтаў. Блог завёў нават пасыянарны Ахмадзінэжад, пры тым што сеціва ў Іране жорстка цэнзуруюць.

Цікава, а ці будзе ў нас дырэктыва аб разьвіцьці намэнклятурнага блогінгу — у сьвятле выказваньняў пра неабходнасьць ідэалягічнай экспансіі ў інтэрнэт, прагучалых на гістарычнай сустрэчы ў рэдакцыі "СБ"?

Уяўляю сабе пакуты рэфэрэнтаў. Бо, аднаго боку, нельга адхіляцца ад "генэральнай лініі", а зь іншага — ну не перапісваць жа кожны дзень пастуляты дзяржаўнай ідэялёгіі!

Добры блог — гэта нестандарт, нязмушанасьць, гульня думак і слоў, у пэўнай ступені — правакацыя. На тле гэтага жанру выразна бачная ўбогасьць створанай у нас сыстэмы. Крэда ейных функцыянэраў — "не высоўвацца". Артыкуляваць выключна "ў рэчышчы". Зь іншага боку, не сказаць каб блішчэлі ў блогах і "зоркі" палітычнай апазыцыі. Бо ў нашай бінарнай мадэлі апазыцыя шмат у чым ёсьць люстэркавым адбіткам улады. І яе дзеячы таксама прывыклі артыкуляваць толькі "ў рэчышчы".

Зрэшты, аўтар гэтых радкоў таксама зьбіваецца на шаблён, зноў малюючы біпалярную схему беларускага жыцьця:)

Яно непараўнальна багацейшае. І каму, як не блогерам, сілкаваць віртуальны абсяг жывымі вітамінамі!

ЗЫ. Дзень блогу вымагае даць пяць спасылак на іншыя блогі, пажадана не падобныя.

Прапаную зрабіць гэта калектыўна.

Я вось ужо зрабіў піяр аднаму блогеру з радзімы "Самандаў":) За непадобнасьць ручаюся… І, каб не тармазіць, памятайце, што на фарсі чытаюць справа налева:)

А вашы лінкі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?