«Ведала яе сямнаццаць гадоў. Як кажуць, разам у лялькі гулялі. Гэта быў вясёлы і жыццярадасны чалавек. Шкада, што нейкі вылюдак можа вырашаць чужыя лёсы, — не стрымлівае эмоцый сяброўка забітай Аня. — Ліля была адзіным дзіцём у сям’і.
Мне дарагі гэты чалавек, а гэтаму ... пагражае, як мне сказалі, 6-15 гадоў. Малавата неяк. Яму б пажыццёвае...»

23-гадовая Лілія знікла ў панядзелак. Увечары выйшла з дому і не вярнулася. Дзяўчыну знайшлі забітай на наступныя суткі ў лесе пад Рэчыцай. А праз дзень у Мазыры затрымалі і падазраванага. Гэта сакурснік Ліліі, з якім яна некалі сустракалася. Але затым адносіны не склаліся. Цяпер хлопец хацеў «адматаць» ўсё назад.

У панядзелак увечары Лілія вярталася са спаткання. Абяцала патэлефанаваць свайму маладому чалавеку, калі вернецца. Але каля пад’езда яе чакаў былы бойфрэнд, грамадзянін Расіі з відам на жыхарства ў нашай краіне. Ён прыехаў на машыне, прапанаваў пагаварыць. Ад’ехалі да вёскі Ваўчыная Гара.
Толькі размовы не атрымалася: дзяўчына адмовілася зноў сустракацца.

Хлопец схапіў востры прадмет і ўдарыў каханую па твары. А калі зразумеў, што дзяўчына памерла, схаваў у лесе, прысыпаўшы лісцем.

«Такая фармулёўка — «колюча-рэжучы прадмет» — праз тое, што прадмет пакуль не знайшлі. Таму не можам назваць яго», — сказала «Нашай Ніве» прадстаўніца Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава. Па яе словах, пакуль можна гаварыць пра адзін удар у твар. Ёсць і іншыя пашкоджанні на целе, але іх паходжанне вызначыць экспертыза: магчыма, яны з’явіліся, калі цела пераносілі.

Цяпер падазраваны знаходзіцца ў ізалятары. Ён прызнаў сваю віну.

«Лілія была добрай дзяўчынай, адказнай, разважлівай, — прыгадвае сваю аднакурсніцу Таццяна. — Была харашысткай, яе фотаздымак вісеў на стэндзе найлепшых студэнтаў. Шкада, калі сыходзяць такія людзі».

Яна вучылася ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Шамякіна. Спецыяльнасць — біялогія і ахова прыроды.

«У суботу мы павінны атрымліваць дыпломы. Ліля паспяхова здала ўсе дзяржэкзамены... У сувязі з жалобай урачыстасці адмененыя»,

— расказала Таццяна.

Сябры забітай не хочуць гаварыць пра затрыманага хлопца. Кажуць толькі, што вучыўся ён не ў адной групе з Ліліяй.

26 ранкам падазраваны пераставіў абвестку аб пошуку дзяўчыны на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках. А 26 чэрвеня ўдзень яго затрымалі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?