Балючае пытаньне мовы — пякучае і пытаньне правапісу. Яно баліць носьбітам мовы. Ад яго залежыць лёс беларускай культуры, плённасьць дзейнасьці незалежнага грамадзтва. Яшчэ адна дыскусія, выкліканая артыкулам Сяргея Дубаўца, спалахнула на сайце газэты «Свабода».

Нагадаем, што дыскусію выклікалі артыкулы Віталя Тараса «Пара прыйсьці да аднаго правапісу». і Сяргея Дубаўца «Ганс вялікі і Ганс малы».

Вось некаторыя вытрымкі з дыскусіі.

«Ales Jaudacha: Дзіўная лёгіка. Калі ў «мы, ініцыятары «тарашкевіцы», за мінулыя 20 гадоў так і ня здолелі стварыць уласнага адзінага руху,» дык ня правапіс вінаваты. Гэта акурат таму, што ў стваральнікаў/ініцыятараў імпэту не хапіла. Калі стамімліся і зьнясілелі камандзіры, дык што і войска распускаць? Чаму раней часу рукі апусьцілі? Дзе напісаныя творы? Дзе выдадзеныя кнігі? Калі няма, дык давайце зоймемся стварэньнем.

Але пагаджацца і шукаць кампрамісаў можна з кім? З носьбітам беларускай мовы! А нам прапануецца прыняць за адзіны ўзор правілы, прыдуманыя расейскамоўнымі! Ды пры чым тут кампраміс? Гэта здача бяз бою.

Адзіны правапіс патрэбны, але ці будзе гэты новы афіцыйны правапіс адзіным? Нават калі нехта пераканае сам сябе, што мы ідзем да адзінства (а насамрэч проста падпарадкаваўшыся гвалту, стаміўшыся змагацца за сваё, стаміўшыся быць «тыпу ненармальнымі» у «тыпу нармальнай″ краіне).

Ніколі і падумаць ня мог, што буду абараняць клясычны правапіс ад саміх ініцыятараў «тарашкевіцы».

Дубавец: Алесь, гаворка не пра «здачу бяз бою», хутчэй, наадварот — пра бой. Сам бачыш, што ў чаканьні невядомага цуду паціху чаўрэе і неафіцыйнае кола, і афіцыйнае таксама. Мы павінны ісьці на апярэджаньне, узяць новы правапіс і разглядаць яго як адзіны, і пачаць зь ім працаваць, выступаць за рэформы ў ім. Гэта пазытыўны і наступальны крок. Трэба энэргію тых, хто цяпер сядзіць па кухнях, уліць у афіцыйны моўны працэс, які сёньня энэргіі пазбаўлены. Выбар у нас невялікі — або выйдзем (дзеці нашы выйдуць) на ірляндзкі варыянт і цалкам запануе расейшчына, альбо (пра што я пішу) на варыянт украінскі. Калі мы сёньня прызнаем новы правапіс за адзіны, нашай энэргіі, ведаў і прухі стане на тое, каб «асіміляваць» гэты правапіс явачным парадкам. У кожным разе мы выйдзем на клясычны правапіс — але для ўсяго народа. Ну і мову актуалізуем. Проста іншы раз, каб зрабіць два крокі наперад, трэба зрабіць адзін назад.

ilona urbanovic: «сёньня мы ператварыліся ў сэкту, бо абралі для існаваньня паралельны сьвет. Замест таго, каб дамагацца зьменаў у афіцыйным правапісе, мы здаволіліся закрытымі асяродкамі сваіх выданьняў і ніяк не сутыкаемся з тым, што прынята называць моваю школы».

«Трэба энэргію тых, хто цяпер сядзіць па кухнях, уліць у афіцыйны моўны працэс, які сёньня энэргіі пазбаўлены».

Хто сягоньня сядзіць па кухнях? Вы сам? Тfды несумненна варта ўліць энэргію. Вячорка? Вячорка — у палітыцы. Саўка? Саўка зь вясны грукаецца ва ўсе афіцыйныя дзьверы і толькі дзякуючы яму сёньня гэты праект яшчэ абмяркоўваецца і папраўляецца. А можа, маеце на ўвазе іншых кухонных сядзельцаў? То чаму б не падняць тэлефонную трубку і сказаць ім: «Хлопцы, да справы?» ці хаця б «Хлопцы, абмяркуем?»

Афіцыйнаму моўнаму працэсу не патрэбная нашая энэргія, яны імкнуцца яе заблякаваць, наколькі магчыма. Баршчэўскаму ў гарадзкім аддзеле адукацыі наўпрост сказалі, што шанцаў уладкавацца ў школу ў яго няма наагул. Можа, у Мнеску можна абараніць дысэртацыю ды ўмацаваць акадэмічную навуку? Хо‑хо.

Страшэнна расчаравалі.

Дубавец: Не расчараваны і не разгублены, а якраз наадварот — усьцешаны, што зьявілася магчымасьць адзінай мовы, што гэта дзяржаўная ініцыятыва і што нарэшце мы выйдзем з гэтага тупіка, і ўсё пачне патроху наладжвацца (нашымі намаганьнямі). 20 гадоў «тарашкевіцы» былі абсалютна слушным крокам, своеасаблівым тылам для ўсяго моўнага працэсу, пэўнай «эўрапейскай падсьветкай″. Але новая нармалізацыя «тарашкевіцы» не пакаціла. Я не мовавед, але вынік відавочны і мне.

Н. Мацяш: Стрэл у сьпіну. Вы прызнаяце, што 20 гадоў вялі нас не туды, а цяпер ведаеце правільны шлях? Мо ў вас ёсьць нейкія прыклады, датычныя іншых сфэраў, ня правапісу, калі б ваш шлях «крок назад, два наперад» аказаўся стваральным?

Дубавец: Ня думаю, што 20 гадоў мы йшлі не туды. Дзякуючы пашырэньню «тарашкевіцы» самае галоўнае, што мы атрымалі, гэта новае прыхільнае да беларушчыны пакаленьне, дый сам вобраз беларусаў як рэальнай нацыі ўмацаваўся. Згадайце, што яшчэ ў 90‑х часьцяком нават самыя перакананыя ўспрымалі незалежнасьць, як цуд зь неба. Сёньня ўсё спакваля ўстае на свае месцы. Мы адна краіна, адна нацыя, адна мова. І трэба або ісьці на гэтае адзінства, або далей чакаць няясна якіх і няясна адкуль перамен.

Новыя правілы, што стануць законам, даюць нам шанец распачаць усебеларускае моўнае аб’яднаньне. Можа быць, я памыляюся, але ніводнага пераканаўчага аргумэнта пакуль не сустрэў. Дарэчы, нават калі памыляюся, пры сваім мы застанемся ў кожным разе. Як засталіся сёньня заўзятыя прыхільнікі ірляндшчыны.

Калі сабраць у адно гэтыя два фактары: патрэбу візуальна адной мовы і пагрозу выданьням, — можна зрабіць наступныя крокі: застацца пры сваім (ірляндызацыя) і — прыняць прапанаваныя правілы, выйсьці на ўкраінскі варыянт. Першы выпадак — гэта здрада ўнукам. Другі выпадак — здрада сваім звычкам. На жаль, трэцяга ня дадзена.

Мне верыцца, што з выхадам на візуальна адну мову мы паступова выйдзем на пэўнае ўзаемапранікненьне ў грамадзтве, на ўзаемаўплывы розных асяродкаў — афіцыйных і неафіцыйных. Хоць можна, вядома, працягваць жыць спадзевам, што нехта «заб’е дракона». Толькі я ня веру ні ў гэта, ні ў тое, што са сьмерцю дракона ўсе раптам зажывуць шчасьліва і так, як ім мроіцца ў іхных снах.

Дубавец: Ведаеш, чаму не паўстала тарашкевічнага фронту? Таму што «Свабода» перайшла на «наркамаўку», але зрабіла гэта ня ў час і таму пАдала далей — у расейшчыну — і так да закрыцьця. А чаму «Бел. гіст. агляд» перайшоў на «наркамаўку»? Тлумачэньняў шмат (навука, панімаеш), але па сутнасьці — няма. А чаму ТБМ усе свае выданьні друкуе «наркамаўкай″? А чаму каталіцкія часопісы выходзяць «наркамаўкай″? А «Куфэрак Віленшчыны»… Гэта ж усё самыя, нібыта, пасіянарныя беларускія асяродкі. Чаму? Што нас зь імі разьдзяляе? Гэта ж не афіцыёз. Дык нашто мы робім выгляд, што мы па‑ранейшаму фронт? Ці мы за апошнія гады чым‑небудзь прырасьлі? Не. Таму трэба сабе адкрыта сказаць — мы выканалі гэтую місію і вось нашы актывы ў пацьверджаньне яе небясплённасьці.

Што да мэханізмаў, дык добра ўжо тое, што мы пазбавімся блытаніны і таўраваньня. А ўсе навокал будуць успрымаць беларускую мову як адну — што ў контаркультурным часопісе, што ў афіцыйным. Як на маю думку, такое моўнае адзінства было б вялізным здабыткам нацыі. Я марыў, што да яго прывядзе менавіта наш рух з клясычным правапісам. Але руху даўно няма. Зрэшты, цяпер гэта ня важна. Усе пяройдуць на новыя правілы незалежна ад таго, ці напісаў бы я свой артыкул ці не. Я ўсяго толькі шукаў пазытыўную праграму ў такім кроку. Каб гэта не выглядала капітулянцтвам, а зусім наадварот.

Што да канкрэтыкі, дык трэба думаць пра шырэйшы час, а не пра сёньняшняе супрацьстаяньне. Трэба думаць пра дыфузію паміж афіцыёзам і неафіцыёзам на глебе адной мовы і гэтай мове на карысьць. Усё мінецца, а што застанецца?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0