Напярэдадні Дня Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка 28 чэрвеня ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Сярод першых Лукашэнка ўручыў ордэн «За асабістую мужнасць» сям’і Ігара Іванчыка, міліцыянера патрульна-паставой службы галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама, які загінуў пры выкананні службовых абавязкаў, ратуючы свайго сябра. «Для ўсіх нас ён назаўжды застанецца прыкладам адвагі і самаадданасці. Гэта ўзнагарода — знак глыбокай пашаны да людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё барацьбе са злачыннасцю і забеспячэнню правапарадку ў грамадстве», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Адметнай рысай цяперашняй цырымоніі стала прысутнасць сярод узнагароджаных прадпрымальнікаў. «Ордэны і медалі — гэта прызнанне заслуг тых, хто стварае новыя працоўныя месцы, укараняе перадавыя тэхналогіі, папаўняе падаткамі бюджэт краіны, уносіць важкі ўнёсак у развіццё сацыяльна-культурнай сферы рэгіёнаў і сталіцы Беларусі, клапоціцца пра рост дабрабыту нашых грамадзян», — адзначыў Лукашэнка, дадаўшы, што ў апошнія гады «асаблівае гучанне набыла тэма партнёрства дзяржавы і прыватнага бізнесу і павышэння яго сацыяльнай адказнасці». Ён, у прыватнасці, адзначыў паспяховую працу ТАА «Трайпл», групы кампаній «Санта Брэмар», ЗАТ «Вітэкс», ААТ «Бабулін гладыш» і групы кампаній «Алютэх».

Сярод узнагароджаных былі і прадстаўнікі дзяржаўнага вытворчага сектара эканомікі. «Дасягненні кожнага з іх адлюстроўваюць поспех пэўных прадпрыемстваў розных галін. Перад імі сёння стаяць вельмі адказныя задачы мадэрнізацыі вытворчасці, нарошчвання экспарту, павышэння якасці і рэнтабельнасці выпушчанай прадукцыі ў новых, больш жорсткіх умовах гаспадарання», — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў поспехі навуковых, медыцынскіх работнікаў, лесаводаў, дзеячаў культуры, спартыўных трэнераў, пагранічнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?