Дзяўчына ў адной толькі бялізне прыхілілася плячыма да сценкі і апляла нагамі маладога чалавека ў трусах-сямейніках і майцы-алкагалічцы. У той жа прыгажуні на вечарынцы ў клубе кавалер аблізвае аголеныя грудзі, а потым запускае руку пад спадніцу.

Фрывольнымі здымкамі сёння складана кагосьці здзівіць. У сацыяльных сетках на іх трапляеш, нават калі нічога такога не шукаеш. Здаецца, гэта цалкам натуральна – распрануцца, надзьмуць вусны, сфоткацца і выкласці сябе ў Сеціва. Падзяліцца з астатнімі прыватным жыццём. Яна Канцавенка таксама падзялілася. А пасля перамагла на конкурсе «Міс Мінск – 2013».

Цяпер на ўсю моц абмяркоўваецца, ці можа такая дзяўчына насіць карону найпрыгажэйшай з мянчанак. Чаму не? У такіх конкурсах вызначаюць не проста прыгажуню з прыгажунь, а яшчэ і тую, хто найлепш адпавядае свайму часу.
Калі падыходзіць да конкурсу з такім стаўленнем, да Яны ўвогуле не павінна быць пытанняў. Яе канкурэнткамі аказаліся стрыптызёркі і дзяўчаты go-go, чые партфоліё ўтрымоўваюць не менш пікантныя здымкі і відэа. Тое, што прыгажосць Менска ўвасабляе такая кампанія, – ні добра і ні дрэнна, а проста факт, які адлюстроўвае і тое, як мы самі пазіцыянуем нашу краіну ў свеце.
Мы любім выхваляцца перад замежнікамі, якія ў нас у краіне прыгожыя дзяўчаты, трубім аб гэтым пры кожнай нагодзе. А з якой, уласна, мэтай? Расшыфраваць пасыл можна і так: трэба прыгожая краля – давайце да нас, у Менск! Тут вы ўсё знойдзеце.
Рэнаме пакрысе складаецца. Беларусь ужо зрабілася адным з улюбёных месцаў для секс-турызму.

На замежнікаў некаторыя грашаць.

Панаехалі, разбэсцілі нашых Янак і Адэлек, увялі іх у блуд, пазбавілі нявінных анёлаў цноты. Усё гэта трызненне. Госці сталіцы толькі карыстаюцца тымі пладамі, што ім дорыць горад.
Пра вытокі гіперсексуальнасці беларусак і пра тое, чаму нашу краіну (і ці толькі яе?) захапіў такі трэнд, можна разважаць і спрачацца вельмі доўга, аднак давайце іншым разам. Проста канстатуем: за апошнія гадоў дзесяць Беларусь значна прасунулася ў эратычным кірунку. Як Ксюша Сітнік, што ў дзяцінстве спявала наіўныя песенькі, а цяпер падрасла і радуе тых, хто не забыў яе творчасць, смелымі фоткамі ў станіку.
Самім беларусам не варта курчыць з сябе пурытан. Нават дзіўна, што нашыя праявы сексуальнасці ўсё яшчэ шакуюць нас саміх і выклікаюць нейкую дыскусію.
Выступ расійскай порназоркі Каці Самбукі сабраў у менскім клубе няхілую аўдыторыю. Арганізатары зазначалі, што людзям спадабалася. На «Еўрабачанне» мы пасылаем Алёну Ланскую, якая выходзіць на сцэну ў карацюсенькай сукенцы, і больш адкрытага ўбору няма ні ў каго з удзельнікаў конкурсу. У фотасправаздачах з начных клубаў больш за ўсё лайкаў атрымоўваюць здымкі з голымі дзяўчатамі. Гэта ж не арабы і расейцы клікаюць, так?
Над брэндам Менска ўжо некалькі месяцаў ламаюць галаву найлепшыя піяршчыкі краіны, ды і заходнія спецы не застаюцца ўбаку.
Англічане вось прыдумалі нейкія камбінацыі белых і блакітных палосак, каб адлюстраваць існасць нашай сталіцы. Think Minsk – цікава, з чаго б гэта? Мы што, для ўсяго свету выступаем заканадаўцамі мод у філасофіі, літаратуры і мастацтве? У нас запраўляюць інтэлектуалы?
Лагатыпам горада больш сумленна было б зрабіць стройны жаночы сілуэт. Каб добра праглядаліся сцёгны і, пажадана, грудзі.
Яшчэ можна выкарыстаць сілуэт дворніка (у нас жа добра прыбрана) ці бухога мінака, але жаночы выглядае прывабней. Fuck Minsk – гэта па-нашаму.
Журы конкурсу «Міс Мінск – 2013» інтуітыўна зрабіла самы аб’ектыўны выбар, які толькі магло зрабіць. Гэты выбар добра паказвае нашы норавы і густы. Стрыптызёркі, дзяўчаты go-go, развясёлыя тусоўшчыцы – менавіта яны дапамагаюць Менску ўмацаваць імідж горада, дзе можна добра адтапырыцца.
І наплыў такіх дзяўчат на конкурсе прыгажосці (яны ж на самой справе прыгожыя і, дарэчы, нічога дрэннага не робяць) выпадковасцю не назавеш. Сталіца атрымала каралеву, якую заслугоўвае. Галоўнае, каб журы не спужалася свайго рашэння.

Слаўся, каралева Яна!

***

Алег Гаруновіч, галоўны рэдактар Goals.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?