Многія прадпрымальнікі гандлёвых цэнтраў і рынкаў Менску і рэгіёнаў Беларусі зьбіраюцца з 2 ліпеня прыпыніць сваю дзейнасьць з-за немагчымасьці працы ва ўмовах патрабаваньняў тэхнічнага рэглямэнту Мытнага зьвязу «Аб бясьпецы прадукцыі лёгкай прамысловасьці». Пра гэта паведаміў адзін з кіраўнікоў аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Вячаслаў Піліпук.

Актывісты РГА «Пэрспэктыва» і аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў «Разам» 1 ліпеня зьвярнуліся да намесьніка прэм’ер-міністра, старшыні Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва ў Беларусі Пятра Пракаповіча з просьбай паўплываць на міністэрствы і ведамствы — распрацоўшчыкаў сумеснай пастановы аб спрашчэньні парадку сэртыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасьці з улікам інтарэсаў прадпрымальнікаў.

Тэхрэглямэнт Мытнага зьвязу «Аб бясьпецы прадукцыі лёгкай прамысловасьці» ўступіў у сілу 1 ліпеня 2012 году. Каб перайсьці да яго выкананьня, быў вызначаны тэрмін да 1 ліпеня 2014 году, аднак у Беларусі для прадпрымальнікаў гэты тэрмін прызначылі ўжо на 1 ліпеня 2013 году. Згодна з дакумэнтам, прадпрымальнікі павінны замаўляць даволі дарагую экспэртызу пацьвярджэньня якасьці тавараў лёгкай прамысловасьці.

Вячаслаў Піліпук апавёў, што прадпрымальнікі працягваюць несьці ў падатковыя органы так званыя «нулявыя дэклярацыі», якія пацьвярджаюць адсутнасьць руху сродкаў па іхніх рахунках.

Прадпрымальнікі ня раз выказвалі незадаволенасьць Тэхрэглямэнтам. 27 чэрвеня яны правялі аднадзённы страйк. Лідэра «Пэрспэктывы»Анатоля Шумчанку затрымалі і асудзілі на 5 сутак арышту за арганізацыю несанкцыянаванага сходу.

28 чэрвеня актывісты «Пэрспэктывы» падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзеньне 15 ліпеня ў сталіцы маршу прадпрымальнікаў і мітынгу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?