26 чэрвеня 29-гадовую жыхаркі горада Урадзіеўка (Мікалаеўская вобласць Украіны) знайшлі распранутай і жорстка збітай, паведамляе Gazeta.ua. Пазней яна расказала, што яе зацягнулі ў аўто два супрацоўнікі міліцыі і мясцовы таксоўшчык. Лейтэнант Дзмітрый Палішчук і старшы лейтэнант Яўген Дрыжак жорстка збівалі дзяўчыну і гвалтавалі, таксіст Рабіненка толькі збіваў.

Лейтэнанта Палішчука і таксоўшчыка затрымалі. Старшы лейтэнант Дрыжак, па інфармацыі следства, нібыта меў алібі — у тую ноч дзяжурыў у аддзяленні.

Гісторыя абурыла жыхароў Урадзіеўкі. Каля пастарунка міліцыі сабралася каля тысячы мясцовых жыхароў. Прысутнічалі не толькі родныя і сябры згвалтаванай дзяўчыны, але і сем’і іншых пацярпелых ад дзеянняў мясцовай міліцыі, пішуць украінскія СМІ.

У ноч на панядзелак пратэстоўцы паспрабавалі ўзяць штурмам будынак міліцыі. Нагодай стала з’яўленне ў акне райаддзела аднаго з падазраваных — Дрыжака. У вокны паляцелі камяні, міліцыя адказала газам з балончыкаў і мусіла хавацца ў сутарэннях.

Паводле прадстаўнікоў мясцовых апазіцыйных партый, якія ладзяць паралельнае расследаванне, старшы лейтэнант Дрыжак не мае алібі. Па інфармацыі мясцовых жыхароў, у будынку міліцыі ёсць чорны выхад, якім рэгулярна карыстаюцца дзяжурныя міліцыянты. Яны ўваходзяць праз галоўны ўваход, рэгіструюцца ў дзяжурцы, а па патрэбе неафіцыйна пакідаюць памяшканне праз запасны выхад.

Жыхары Урадзіеўкі застаюцца каля аддзялення міліцыі, яны патрабуюць арышту Дрыжака.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0