Лідэры АГП і ПКБ Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін 31 жніўня позна вечарам вярталіся зь Берасьце, дзе ў іх адбывалася сустрэча з партыйнымі актывістамі.

“Недалёка ад Стоўбцаў мы пачалі адчуваць, што з заднім колам нашага аўтамабіля нешта не ў парадку. Яно ўвесь час грукатала, – кажа Анатоль Лябедзька. – Мы зьехалі на ўзбочыну, хаця гэтага і нельга было рабіць. Амаль адразу да машыны пад’ехалі міліцыянты з аўтаматамі, якія пачалі дапытваць, што здарылася. Мы сказалі, што маем праблемы з заднім колам. Хаця зьнешні яно й выглядала нармальна, то калі мы пачалі яго больш шчыльна аглядаць, то высьветлілася, што ўсе чатыры балты кола былі адкручаныя. Калі б не спыніліся высьветліць, што за праблемы з колам, то не выключаю, што ўсё гэта магло б скончыцца досыць трагічна для нас».

Анатоль Лябедзька кажа, што з машынай не было ніякіх праблем да гэтага моманту. “Кіроўца езьдзіў на гэтай машыне адпачываць у Крым. У Берасьці яна таксама была ўвесь час на сыгналізацыі. Недалёка ад Бярозы мы спыніліся ў прыдарожнай кавярні. У гэты час да кавярні пад’ехаў нейкі мікрааўтобус адкуль выйшлі чатыры чалавекі. Кіроўца бачыў, што адзін зь іх аблакаціўся на нашу “Міцубісі”, найхутчэй правяраў ці была ўключана сыгналізацыя. У кавярні мы сядзелі хвілін 30-40, што робіцца з машынай бачыць не маглі, бо было цёмна, а да ўсяго яшчэ від загароджваў той мікрааўтобус. У той час наша машына сапраўды была не на сыгналізацыі”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?