Алігархі Юрый Чыж (уладальнік кампаніі «Трайпл») і Аляксандр Машэнскі (генеральны дырэктар «Санта Імпэкс Брэст») сталі кавалерамі Ордэна Айчыны ІІІ ступені. За якія заслугі бізнэсоўцы атрымалі гэтыя ўзнагароды, не паведамляецца. Мы паглядзелі, якія дзяржаўныя ордэны існуюць у Беларусі і хто іх атрымлівае.

Ордэн вайсковай славы

За выключныя заслугі ў кіраванні войскамі, падтрыманнi iх высокай баявой гатоўнасці і прафесійнай вывучкі. За адвагу і самаадданасць, праяўленыя пры абароне Айчыны і яе інтарэсаў.

У цэнтры ордэна размешчаная рэльефная выява двух ваяроў, якія ўвасабляюць сухапутныя і паветраныя сілы. Ордэн вайсковай славы вырабляецца са срэбра з пазалотай.


Хто атрымліваў? Толькі Мальцаў.

Адзіным чалавекам, хто атрымаў гэты ордэн, з’яўляецца былы міністр абароны, сённяшні дзяржаўны сакратар Рады Бяспекі Леанід Мальцаў.

Ордэн Дружбы народаў

За значны ўклад у справу ўмацавання міру, дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, канса­лідацыі грамадства і адзінства народаў.

У цэнтры ордэна размешчаная накладная выява зямнога шара з пяццю кантынентамі, асобныя дэталі якога пакрытыя сіняй эмаллю. Зямны шар аблямаваны абадком з выявай поціскаў рукі.


Хто атрымліваў? Уладзімір Пуцін і Уга Чавэс.

Ніводзін прадстаўнік краін Еўрасаюза гэтай узнагароды не атрымліваў. Затое яе маюць кіраўнікі сяброўскіх Лукашэнку краін Уладзімір Пуцін, Ільхам Аліеў, Уга Чавэс. Былы дырэктар знешняй разведкі Расіі Сяргей Лебедзеў, генсак АДКБ Мікалай Бардзюжа, патрыярхі РПЦ Аляксій ІІ і Кірыл. Уладальнік «Ітэры» Ігар Сцяпанаў. Былы мэр Масквы Юрый Лужкоў. Ніводзін з замежных кавалераў гэтага ордэна не гаворыць па-беларуску.

Ордэн «За асабістую мужнасць»

Уручаецца за асабістую адвагу пры выкананні вайсковага абавязку, самаадданыя ўчынкі, здзейсненыя у экстрэмальных умовах, за мужнасць пры абароне мяжы, за смелыя дзеянні ў абставінах, звязаных з рызыкай для жыцця. У цэнтры ордэна размешчанае кола, пакрытае белай эмаллю, з надпісам «За асабiстую мужнасць» i выявай лаўровых галін. Вырабляецца са срэбра з пазалотай.


Хто атрымліваў? Кучынскі і Навумаў.

Першым кавалерам гэтага ордэна ў 1997 быў выратавальнік з Барысава Аляксандр Хоміч, які праявіў сябе падчас пажару на чыгунцы. Увогуле, ордэн «За асабістую мужнасць» атрымлівала вялікая колькасць людзей, якія адзначыліся не толькі ў адданасці ўладзе. Напрыклад, 19-гадовы шараговец Сяргей Свянцецкі з каравула спецвагона, які ўступіў у бой з бандытамі і быў забіты, курсант Дзмітрый Гвішыяні, які стаў тушыць пажар у цягніку Брэст—Мінск. З моцнымі апёкамі ён быў дастаўлены ў вайсковы шпіталь, але ўратаваць яго не ўдалося.

Хоць атрымлівалі гэты ордэн і былы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў, а таксама экс-памочнік Лукашэнкі па асаблівых даручэннях, дэпутат палаты прадстаўнікоў Віктар Кучынскі. Растлумачыць іх асабістую мужнасць цяжэй.

Ордэн Францішка Скарыны

Адзіная найвышэйшая ўзнага­рода, названая імем славутага земляка (яшчэ быў заснаваны ордэн Кастуся Каліноўскага, але так нікому і не ўручаўся). Узнагароджваюць ім за асаблівыя поспехі ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, за даследаванні гісторыі Беларусі, мовы, літаратуры.

У цэнтры кола рэльефная выява Францішка Скарыны, у ніжняй частцы — лаўровая галіна. Авал апраўлены бела-блакітнай эмалевай стужкай з надпісам «Францыск Георгiй Скарына». Вырабляецца са срэбра з пазалотай.


Хто атрымліваў? Баскаў і Зімоўскі.

Першым гэты ордэн атрымаў у 1997 мастак Міхаіл Савіцкі, другім — балетмайстр Валянцін Елізар’еў. Сярод першых кавалераў быў акадэмік Аляксандр Вайтовіч, які пасля перайшоў у апазіцыю і нават паспрабаваў удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Першымі замежнікамі, хто атрымаў ордэн Скарыны, былі брытанцы Віктар Міці і Лінда Уокер, а таксама ірландзец Эдзі Роўч, якія дапамагалі чарнобыльскім дзецям. З расейцаў першым узнагароду атрымаў патрыярх Аляксій ІІ. Мае ўзнагароду і Філарэт (у дадатак да ордэнаў ён яшчэ і Герой Беларусі).

Пачынаючы ад 2006 года, Лукашэнка актыўна ўручае ордэн Скарыны прадстаўнікам расій­скай папсы — Мікалаю Баскаву, Надзеі Бабкінай, Юрыю Антонаву, што дэвальвавала значэнне гэтай узнагароды.

У апошнія гады з беларусаў ордэн Скарыны атрымлівалі гро­дзенскі гісторык Валерый Чара­піца, літаратуразнаўцы Уладзімір Гніламёдаў і Адам Мальдзіс, старшыня БТ Аляксандр Зімоўскі, мастак Май Данцыг.

Затое пісьменнік Васіль Быкаў так і не атрымаў ніводнага дзяржаўнага ордэна.

Ордэн Айчыны

Існуе І, ІІ і ІІІ ступеняў. Ім узнагароджваюць за дасягненні ў вытворчасці, навукова-даследчай, сацыяльна-культурнай, грамадскай дабрачыннай дзейнасці. За мужнасць і адвагу, праяўленыя пры абароне Айчыны і яе інтарэсаў. За вялікія заслугі ў развіцці сувязяў паміж Беларуссю і іншымі краінамі.

Ордэн Айчыны I ступені вырабляецца са срэбра з пазалотай, II ступені — са срэбра з частковай пазалотай, III ступені — са срэбра. У цэнтры ордэна знаходзіцца выява дзяржаўнага герба, апраўленага вянком з дубовага і лаўровага лісця.


Хто атрымліваў? Шэйман і Шамякін.

За поспехі на Алімпіядах кавалерамі ордэна стала вялікая колькасць спартсменаў. Сярод іх тэнісістка Вікторыя Азаранка, вяслярка Кацярына Карстэн (адзіная, хто мае Ордэн І ступені), фрыстайліст Аляксей Грышын, біятланістка Дар’я Домрачава, стралок Сяргей Мартынаў, лёгкаатлетка Юлія Несцярэнка, малатабойца Іван Ціхан (злоўлены на ўжыванні допінгу) і многія іншыя.

З чыноўнікаў ордэн атрымалі спікер палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, былы віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза, старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура, былы пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Грыгор’еў, былы старшыня Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Дубко, член ЦК КПСС Анатоль Малафееў, прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, банкір Пятро Пракаповіч. Ордэн ІІ ступені мае Віктар Шэйман, які загадвае кіраўніцтвам справамі прэзідэнта.

Узнагароджваўся Ордэнам Айчыны пісьменнік Іван Шамякін, маюць таксама старшыня афіцыйнага саюза пісьменнікаў Міка¬лай Чаргінец, балетмайстар Валянцін Елізар’еў, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

З вучоных узнагароджа­ны канструктар МАЗа­ Міхаіл Высоцкі, фізік Віктар Буракоў, заолаг Леанід Сушчэня, інжынер Павел Шыпук.

Ордэн «За службу Радзіме»

За ўзорнае выкананне вайсковага абавязку, за падтрыманне высокай баявой гатоўнасці войскаў, за адвагу і самаадданасць, за асаблівыя заслугі ва ўмацаванні дзяржаўнай бяспекі. Існуе І, ІІ і ІІІ ступеняў.

У цэнтральнай частцы ордэна на вянку з дубовага лісця размешчана пазалочаная пяціканцовая зорачка, апраўленая паяском, у ніжняй частцы якога знаходзіцца пазалочаная лаўровая галіна, у верхняй частцы, пакрытай белай эмаллю, — надпіс «За службу Радзiме». Вырабляецца са срэбра.


Хто атрымліваў? Зноў Мальцаў і Усхопчык.

Ордэн І ступені таксама мае Леанід Мальцаў. Вельмі заслужаны чалавек, калі меркаваць па ўзнагародах. Хаця некалі ж Лукашэнка пазбаўляў яго працы з ганебнай фармулёўкай «за п’янства». Другім кавалерам з’яўляецца генерал Уладзімір Усхопчык, той самы, што камандаваў штурмам Віленскай тэлевежы, а пасля быў намеснікам міністра абароны ў Беларусі.

Ордэн ІІ ступені маюць касманаўты Уладзімір Кавалёнак і Пятро Клімук, некалькі ўдзельнікаў Другой сусветнай (Глебаў, Барданаў, Гарбанёў, Дзюбко), цяперашні дэпутат, а некалі вайсковы камісар Брэстчыны Уладзімір Базанаў…

Ордэн Пашаны

За дасягненні ў вытворчай, навукова-даследчай, дзяржаўнай, сацыяльна-культурнай, спартыўнай, грамадскай i iншай дзейнасцi, за значныя поспехі ў медыцынскім абслу­гоўванні.

Ордэн Пашаны мае форму круглявага пазалочанага васьміканцовіка, на які накладваецца чатырохканцовая сярэбраная зорка з рэльефнай выявай мужчыны і жанчыны ў цэнтры, якія трымаюць дзяр­жаўны сцяг і сноп пшаніцы. Вырабляецца са срэбра з пазалотай.


Хто атрымліваў? Макей і Трашчанок.
Сярод кавалераў зноў шмат прадстаўнікоў Расіі — ужо нябожчыкі Аркадзь Вольскі і Рэм Вяхіраў, канструктар Міхаіл Калашнікаў, дыпламат Тыгран Караханаз, сакратар Рады Бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў.

З беларусаў варта адзначыць міністра замежных справаў Уладзіміра Макея і ягонага папярэдніка Сяргея Мартынава, Філарэта, Мікалая Чаргінца, спартсменаў Карстэн і Астапчук (таксама злоўленая на ўжыванні допінгу), гісторыка Якава Трашчанка.

Ордэн Маці

Узнагароджваюцца жанчыны, якія нарадзілі і выхавалі пецярых або больш дзяцей.

У цэнтры ордэна рэльефная выява жанчыны і дзіцяці ў промнях сонца, з вянком з дубовых і лаўровых лісцяў. Вырабляецца з тампака (від латуні) з пазалотай.


Хто атрымліваў? Самы масавы.

Гэтую ўзнагароду атрымалі больш за 7 тысяч беларускіх жанчын. Сумнявацца ў справядлівасці ўручэння не даводзіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?