Сям’я Чарняўскіх: Святлана, Алеся, Максім, Міхась. 1980-я.

Сям’я Чарняўскіх: Святлана, Алеся, Максім, Міхась. 1980-я.

Апошняе фота Святланы і Міхася Чарняўскіх разам, восень 2012.

Апошняе фота Святланы і Міхася Чарняўскіх разам, восень 2012.

З Міхасём Ткачовым.

З Міхасём Ткачовым.

Рэгістрацыя шлюбу, 12 красавіка 1968 года.

Рэгістрацыя шлюбу, 12 красавіка 1968 года.

На раскопках.

На раскопках.

Экслібрыс Міхася Чарняўскага, які выканаў Вячка Целеш.

Экслібрыс Міхася Чарняўскага, які выканаў Вячка Целеш.

Некалі ён хацеў, каб жонка стала яго сакратаром. Але жанчына сваё пакліканне бачыла ў лекаванні дзяцей. Яна і сёння працуе педыятрам. Але да апошняга заставалася першым чытачом і дарадцам мужа. Пра жыццё Міхася Чарняўскага па-за навукай расказала яго ўдава, спадарыня Святлана.

Святлана Чарняўская: Я мінчанка ў першым калене. Бацька быў партыйным работнікам з­пад Бабруйска, мама — настаўніцай з­пад Чавусаў. Калі я вучылася на другім курсе медінстытута, а брат хадзіў у восьмы клас, памёр тата. А праз тры месяцы не стала мамы. Мы засталіся ўдваіх у вялікай кватэры. І суседка ўгаварыла ўзяць кватаранткай дзяўчынку з педінстытута, Люду.

Яна першай пазнаёмілася з Мішам, і яны сустракаліся. Пасля вучобы Люда з’ехала ў Баранавічы, а Міша працягваў тэлефанаваць мне. Аказалася, што мяне ўпадабаў, хаця я кахала іншага. І неяк позна патэлефанаваў стомлены, расказваў, што рыхтуе экспанаты для музея. Мне так шкада стала яго, што хутчэй са спачування сказала: «Хаця б адным вокам паглядзець на тыя знаходкі». Так усё і вырашылася...

Да вяселля мы сустракаліся толькі тры месяцы. Праўда, калі ён прыходзіў на спатканні, казаў, што не збіраецца жаніцца. А ён быў «стары» — амаль 30 гадоў, а мне 22.

«Наша Ніва»: Як ён заляцаўся? На танцы запрашаў?

СЧ: Не было часу на танцы. Ды ён і танцаваў слаба, а я ўвогуле іх не люблю. Ён прыходзіў да мяне і мы размаўлялі, цалаваліся... Ну і пастаянна ж хадзілі на беларускія імпрэзы, канцэрты.

«НН»: Чаму ён не хацеў жаніцца?

СЧ: Ён быў шчырым — шукаў каханне. І да мяне не сустрэў той, з кім мог бы ажаніцца.

Мяне на пятым курсе збіраліся адправіць на практыку ў Добруш. Міша спалохаўся, што магу там застацца альбо вярнуся не адна. І прапанаваў хутчэй распісацца. Мы прыехалі ў ЗАГС, каб выбраць дату, а загадчыца нам кажа: «Ведаеце, у мяне хвілінка ёсць, давайце зараз і распішу». Спачатку Міша не мог напісаць заяву — рука дрыжэла. А пасля я ад хвалявання не магла пісаць. На сёлетні Дзень касманаўтыкі было б 45 гадоў, як мы разам.

«НН»: Сапраўднага вяселля не было?

СЧ: Мішавы бацькі зрабілі вяселле пасля маёй сесіі, у чэрвені. Гэта было ў вёсцы Мікасецк на Мядзельшчыне. Цэлы аўтобус супрацоўнікаў з Акадэміі навук прыехаў, а з майго боку былі толькі брат і цётка.

Свёкар дастаў дзве скрыні «Бакштанкі» — вядомай самагонкі, але пасаромеўся выстаўляць на стол. А раніцай нехта знайшоў яе і адразу ўсе наляцелі: «Навошта вы нам тую манапольку (крамную) ставілі, калі такое дабро ёсць?»

«Пазваніў і расплакаўся...»

«НН»: Калі пазнаёміліся, было бачна, што ён такі шчыры беларус?

СЧ: Не тое слова. Ён, калі прапанаваў ажаніцца, сказаў: «Я цябе моцна кахаю, але Беларусь заўсёды перад усім. І калі трэба будзе выбраць паміж вамі, я выберу Беларусь». А пасля, у 1995, ён мяне на выбары ў Мінскі гарсавет 22 склікання адправіў. Я не хацела, але ён сказаў: «Так трэба для Беларусі». І я прайшла. Тады яшчэ маглі апазіцыянеры трапіць, але ішла як беспартыйная. Я загадвала аддзяленнем прамянёвай дыягностыкі 10-й дзіцячай паліклінікі.

Я не размаўляла па-беларуску. І Міша саромеўся гэтага. Мы паехалі на раскопкі ў Ваўкавыскі раён і вырашылі заехаць да Ларысы Геніюш: жыла недалёка. Але ён папрасіў, каб толькі па-руску чаго не сказала. Ларыса Антонаўна нешта запыталася, а я адказала: «Да». «Не да, а так», — лагодна паправіла. Мне стала страшна і сорамна, што нічога не запомніла з той сустрэчы — была бы ў тумане. Але я вывучыла беларускую мову.

«НН»: Геніюш і рукапіс «Споведзі» аддала Міхасю Міхайлавічу на захаванне. Дзе была схованка?

СЧ: Калі яна аддала рукапіс, Міша засунуў яго пад кашулю. За яе домам сачылі, але адна сценка не праглядалася з вуліцы. І ён уздоўж гэтай сцяны выйшаў на абхадную дарогу. Прыехаў увесь усхваляваны, аддаў мне папку. А дзе схованка найлепшая? Пад бялізнай у шафе, куды злодзеі адразу лезуць. І калі натыркалася на тую папку, проста пот халодны выступаў.

«НН»: Помніце, калі пачаўся пераслед мужа?

СЧ: Гэта быў 1974 год. Міша прыйшоў расстроены, нават шакаваны. «Сказалі, што кніжкі выходзяць, а мяне здымаюць з аўтарства». А пасля быў нейкі вялікі сход у Акадэміі навук. Ён патэлефанаваў: «Мяне звольнілі». І расплакаўся, бо без навукі не ўяўляў сваё жыццё. Я толькі двойчы бачыла яго слёзы — другі раз, калі хаваў маму.

«НН»: Тлумачыў, за што з ім так?

СЧ: Я ведала пра дапамогу звольненым украінскім нацыяналістам, якую яны збіралі і адвозілі. І што кніжку прывёз забароненую, якую выдалі ў Англіі. Яны ж самі адчувалі, што робяць недазволенае, што за імі сочаць.

«НН»: Доўга ён быў без працы?

СЧ: Яго паабяцалі аднавіць у Акадэміі навук, калі папрацуе на заводзе — дакажа, што «нармальны чалавек». Ён хадзіў на МАЗ, МТЗ, і яго з задавальненнем гатовыя былі ўзяць. А як толькі бачылі працоўную кніжку, адразу адмаўлялі: кім узяць кандыдата гістарычных навук?

Сябры ўладкавалі яго ў вытворча-мастацкі камбінат. Ён наносіў ляўкас (грунт) на фанерныя шчыты перад тым, як мастак маляваў на іх агітплакаты. Міша стамляўся моцна, і на яго гэта страшэнна ціснула маральна. Так адпрацаваў больш за год. А пасля яго аднавілі ў акадэміі.

«У палатках я наспалася»

«НН»: Раскопкі займалі шмат часу. Не крыўдавалі, што мужа часта не было дома?

СЧ: Я ж ведала, за каго замуж выходзіла. Прывыкла, хоць і цяжка было адной з дзецьмі. Я на раскопкі з ім нават як у шлюбнае падарожжа паехала — у Асавец. І адразу знайшла проста пад нагамі ўпрыгожванне з косткі. Яго фотаздымак пасля ва ўсіх падручніках друкаваўся. Пакуль была маладая, хаця б на некалькі дзён з ім выязджала на раскопкі. Таму ў палатках я наспалася.

«НН»: Адпачываць Міхась Міхайлавіч умеў?

СЧ: Канечне, ён быў звычайным чалавекам. Любіў паглядзець тэлевізар. Тэлеканал «Еўраньюс» — абавязкова. Глядзеў фільмы, якія атрымлівалі «Оскар». А захапленнем быў бокс: заўжды сачыў за паядынкамі. Відаць, праз тое, што сам не мог займацца боксам.

Ён любіў выязджаць за горад, але няўрымслівы быў. Калі нават на мора паехалі, я загарала, а ён усе ваколіцы абышоў, абследаваў. У вёсцы адпачывалі. Але ж летам Міша праводзіў раскопкі, таму выбіраліся ненадоўга.

Сяброўства пакаленнямі

СЧ: Ён быў кампанейскім. Самым блізкім сябрам быў народны мастак Васіль Шаранговіч. Прычым спачатку сябравалі іх бацькі — служылі разам у войску Пілсудскага. Пасля яны. Цяпер і нашы дзеці сябруюць.

Калі Мішу выгналі з Акадэміі навук, я пазваніла Васілю. І ён адразу прыехаў, хаця рызыкаваў кар’ерай. Яны прагаварылі ўсю ноч.

«НН»: Яны разам у школе займаліся маляваннем, але ў прафесіях разышліся.

СЧ: Міхась хораша маляваў. Але з настаўнікам не паразумеўся. Міша і Васіль былі розныя па характары. І Васіль з настаўнікам душа ў душу трапілі, а Міша — не. Ён увесь час казаў, што толькі праз настаўніка не пайшоў вучыцца на мастака.

Але маляваў заўжды. І ў «ЛіМе» друкалівася яго малюнкі. А для мамы чацвёртакласнікам намаляваў ікону. Некалькі гадоў таму з дома ў вёсцы яе скралі. Амаль нічога не ўзялі, а гэтую выгаралую ікону забралі.

«НН»: Тры гады таму Вы даведаліся пра хваробу мужа. Як Міхась Міхайлавіч гэты час жыў?

СЧ: Пасля першай аперацыі дактары паставілі яму дыягназ: рак. Мы Мішу нічога не сказалі. Я два тыдні адплакала — рыхтавалася, што ён будзе дома паміраць. Але ў іншай бальніцы вызначылі, што пухліна не злаякасная. Памыліліся, але мы пра гэта даведаліся толькі мінулай восенню, пасля новай аперацыі. Але Міша зразумеў, што кепскае нешта адбываецца. Казаў, што баіцца страціць любую хвіліну. Ён спаў у суткі гадзін па пяць — усё працаваў. Адзін з вялікіх яго праектаў, якія рыхтаваў разам з Уладзімірам Крукоўскім і Змітром Санько, — «Тысяча Пагоняў», альбом з выявамі герба ад старажытнасці да нашых дзён. Міша збіраў Пагоні з усяго свету. І набралася іх нават 1100—1200.

Альбом яшчэ не выдалі.

Міхась Чарняўскі

7.03.1938—20.01.2013. Гісторык, археолаг. Нарадзіўся ў вёсцы Круці Мядзельскага раёна. Вучыўся ў Мінску. Быў удзельнікам Акадэмічнага асяродка беларускай інтэлігенцыі, разгромленага ў 1973—1974.

У 1988—1989 быў сярод стваральнікаў БНФ, адраджаў сацыял­дэмакратыю.

Як навуковец вывучаў нёманскую археалагічную культуру, даследаваў крэмневыя шахты, помнікі каменнага і бронзавага веку. Пісаў папулярныя кнігі па гісторыі Беларусі: «Страла Расамахі», «Вогнепаклоннікі», «Правадыр крылатых вершнікаў». Вярнуў забытае імя аднаго з удзельнікаў пасляваеннага антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага.

Пахаваны ў Круцях. У яго засталіся дачка Алеся, сын Максім, трое ўнукаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?