«Спрытная кабетка гэтая Яніна», — часта казалі пра настаўніцу беларускай мовы ў нашай вёсцы. Хоць ёй і стукнула пад саракоўку, але выглядала яна, даводзілі знаўцы, «як шаснаццатка»: зграбная, з точанай таліяй ды доўгаю касою. Са спіны дык і не пазнаў бы, што гэта ўжо далёка не маладуха.

У Яніны быў добры муж, рахманы ды працавіты аграном Стась — мужчына вялікага росту і шырокай косці. Яны жылі заможна, але і не былі ламакамі — хадзілі і на працу, і гаспадарку мелі, а Стась дык яшчэ вечарамі машыны правіў за грошы. Скупаваты, можа, быў мужык, але затое не піў і ўсё цягнуў у хату. Адна была ў іх бяда — не было дзяцей.

Яшчэ не старыя яны, спадзяваліся, што сплодзяць нашчадкаў, але надзеі тыя штораз слаблі. Гады міналі за гадамі, а чаканага прыбаўлення так і не было.

«Пракляў нехта іх альбо сурочыў, пазайздросціўшы багаццю», — тлумачыла іх суседка Мозарыха. Яніна не верыла ў забабоны ды ездзіла, казалі, у Мінск па дактарах лячыцца ад бясплоднасці, але дарэмна. Разам са Стасем, каб хоць неяк адвесці душу, яна кінулася ў работу, запусціўшы вялікую гаспадарку. Мелі дзвюх кароў, свіней, авечак, гусей, качак, індыкоў. Насадзілі ля хаты плантацыю клубніцаў, вішнёвы сад ды заняліся гандлем садавіною. Нешта везлі ў Мінск, а частку адпраўлялі на Расею. Зараблялі. Дык а што з тых грошай, калі не было каму пакінуць заробленага? Відаць, зразумеўшы гэта, Яніна пачала з часам астываць да працы. На сенаванне, праполку буракоў, капанне бульбы не ляцела ўжо першая — наймалі некага з вёскі.

Пляткарылі, што з роспачы па сваіх ненароджаных дзецях Яніна пачала падгульваць. Пакуль Стась быў на пасяўной ці ўборачнай, да Яніны заходжваў малады старшыня калгаса — вусаты бландзін з задзірыстай усмешкай.
Суседка Мозарыха нібы бачыла, як той некалькі разоў ставіў свой рабочы «Газік» пры ляску за вёскай, а потым з паўкіламетра пешкі шкандыбаў да Яніны. Настаўніца сама выходзіла ў лес на доўгія шпацыры, што таксама многія палічылі падазроным. Казалі, што ў тым лесе яе звычайна чакаў белабрысы кіраўнік калгаса. Старшыня, аднак, дзіцяці Яніне не зрабіў.
У школе Яніна муштравала дзяцей творчасцю беларускіх пісьменнікаў.

— Толік, раскажы, калі ласка, што ты ведаеш пра жыццё нашага славутага песняра Купалы, — звярнулася яна была да цыбатага сына галоўнага інжынера калгаса.

У адказ пачула маўчанне. Вучань-старшакласнік нават вухам не павёў, разглядваючы пакінуты кімсьці надпіс на парце.

— Толік, у каго я пытаюся? Устань, калі з табой настаўніца размаўляе, — павысіла яна голас.

Вочы ўсіх вучняў былі звернутыя цяпер на Толіка. Ён ляніва ўстаў, утаропіў позірк у столь і, прыцмокнуўшы языком, выдаў:

— Нічога я не знаю пра гэнага калхозніка...

— Толік, як у цябе язык паварочваецца так казаць? — нервова загаварыла настаўніца, голас якой рваўся на канцах слоў. — Гэта ж ніякі не калгаснік, а волат нашай культуры, класік, геній, пакутнік... — тут Яніна спынілася, пабачыўшы, што Толік калупаецца пальцам у вуху.

Нахабства Толіка вельмі ўразіла Яніну. Яшчэ доўга яна не магла забыцца пра інцыдэнт на ўроку, але яна яшчэ больш упэўнілася ў вартасці сваёй справы, усвядоміўшы сябе «рыцаркай беларушчыны ў часы бескаралеўя, калі мужчыны­воіны пагінулі падчас духоўнага змагання».
Калі раней Яніна ў горадзе ці з настаўнікамі адзывалася і па-руску, то цяпер пачала размаўляць выключна па-беларуску.

— Разумееце, прыслалі да нас новую выкладчыцу рускай мовы, адразу пасля педуніверсітэта, — тлумачыла Яніна праз плот суседцы Мозарысе. — Дык яна да мяне падышла неяк у настаўніцкай і па-руску чэша на паказ перад рэштай настаўнікаў, маўляў, «разговарівайце нармальна, ваші выраженія усложняют камунікацію». Мне і дух заняло. А я ёй усё роўна па-беларуску ў адказ: «Не дай Бог свінні рог, а ахлудзе панства».

— І правільна сказалі, Паўлаўна. Хай ведае смаркачка... Во дзе маладзёж пайшла, каб яе ліха, — падтрымала Мозарыха суседку.

— Альбо яшчэ быў выпадак, — цягнула далей Яніна. — Павезла я дзяцей з дырэктаркай у тэатр у Мінск. Там ставілі «Паўлінку», то дырэктарка надта ж здзіўленая была, што п’еса па-беларуску, і ўвесь спектакль крывілася, што нешта ёй не пасуе. Уяўляеце, гэта ж адукаваная асоба, хай сабе і матэматыку выкладае, але як можна элементарнага не ведаць і даваць такі адмоўны прыклад стаўлення да роднай мовы?

— Так, ваша праўда, вучаная баба, а такое змарозіла, — Мозарыха згодна ківала галавою, але, каб размаўляла з кім іншым, ахвотна б пакруціла пальцам ля скроні.

«Прыдурнела Яніна ад бяздзетнасці. У галаве ёй па-круціўшыся. Занадта беларускай зрабілася», — расказвала яна потым на выгане, чакаючы карову з пашы.

Неяк, ужо па поцемках ідучы з дзяжурства на школьнай дыскатэцы, Яніна заўважыла, што яе дагнала ватажка ейных вучняў. Не зважаючы на забарону, яны былі добра падхмеленымі ды на ўсю вёску, будзячы сабак, гарлапанілі рускую папсу.

— Яніна Паўлаўна, беўаруская моўа — вэлмі прыгошая, — прамовіўшы знарок з нейкім замежна­англійскім акцэнтам, зачапіў настаўніцу цыбаты Толік.

Двоечніца Светка ў ружовай блузцы, на плячах якой ляжала Толікава рука, захіхікала. Настаўніцы зрабілася прыкра.

— Неяк хутка ты паразумнеў, Анатоль Бацькавіч, — адказала жанчына ды неяк ужо няўпэўнена пакрочыла далей.

— Божа, абы бутэльку якую ў галаву не кінулі, — шаптала яна пад носам.

«Касіў Ясь канюшыну, паглядаў на Яніну. А Яніна ў жыце ср@ла ды на Яся паглядала», — заспяваў ёй нехта з вучняў услед. Настаўніца адчула, што спужалася, што сэрца затахкала, а дыханне зрабілася часцейшым, аднак, сабраўшы волю ў жменю, зрабіла выгляд, што не пачула, інстынктыўна сышоўшы з дарогі, прыціснуўшыся бліжэй да плота. «Варвары», — круцілася ў галаве.

Улетку Яніна часта сядзела з томікам вершаў Янкі Купалы на ганку. З кнігай яна выходзіла ў лес ці на поплаў ля ракі. Сядзела на беразе, бывала, адклаўшы ўбок чытанне, глядзела некуды ўдалеч ды ў руках перабірала нейкія каменьчыкі.
З гэтага, відаць, і пачалася ўся авантура. Гарачыня, самыя сенакосы, людзі ўсе ў поце з косамі ды граблямі, палохаюцца кожнай хмары, якая б магла змачыць сена, а Яніна — з кніжкай ля ракі. Настаўніцы няшчадна мылі косткі гэтым летам, а найбольш шчыравала Мозарыха: «Людцы, гляньце, мужык за работай ні дня, ні ночы не бачыць, а гэтая лафірында толькі кніжачкі пачытвае».

Праз пэўны час вяскоўцы яшчэ больш захваляваліся, даведаўшыся, што Яніна пачала калекцыянаваць камяні і нават выдзеліла для свайго «хобі» спецыяльны пакой.

— Нашто старой бабе такія цацкі? — казала ў краме Мозарыха, чакаючы завоз свежага хлеба. — Гэта ж не жартачкі — змарнаваць у хаце цэлы пакой на каменне. Ці тое хто бачыў ці чуў? Зусім здзяцінела кабета. Трэ’ было б яе да доктара звазіць...

Яніна не звяртала ўвагі на агаворы ды працягвала зносіць у спецыяльна адведзены пакой не¬вялікія каменьчыкі цікавага колеру ці формы. Былі там квадратныя, ромбы, як гузікі, бліскучыя, зялёныя, блакітныя, чырвоныя, у крапінкі, з зігзагамі, у паскі ды гарохі і г.д.
Прачуўшы пра новы занятак настаўніцы, дапамагаць ёй пачалі некаторыя вучні, дорачы незвычайныя камяні, што знайшлі недзе выпадкова. Большыя ды брыдчэйшыя камянюкі жанчына скідвала ў кучу ля хлява. «Пойдуць на падмуроўку пад новую паветку». З часам вяскоўцы пачалі менш дзівіцца занятку Яніны. «Нечым жа мусіць заняцца, шалее без дзяцей», — казалі пра настаўніцу суседзі з Мозарыхай на чале. Стась таксама, здавалася, разумеў, што жонка шукае адтуліны, каб забыцца ці рэалізаваць сябе, і не пярэчыў ёй ні ў чым, дбаючы пра яе душэўны спакой.

Зноў распачаўся навучальны год. Яніна крыху адышла ад сваіх камянёў, зноў захапіўшыся чытаннем. Адным восеньскім вечарам яна глядзела разам са Стасем тэлевізар.

Прытулілілася да мужа, паглядзела яму ў вочы ды прыняла пасму валасоў з яго ілба. Стась усміхнуўся, гэткая нечаканая ласка жонкі была прыемнай. Праз гадзінку ён пайшоў спаць. «Ідзі, ідзі, дабранач. Я зараз прыйду, толькі фільм дагляджу», — Яніна засталася на канапе ў пакоі.

Прачнуўшыся на світанні і не знайшоўшы жонкі ў ложку каля сябе, Стась пачуў, што тэлевізар усё яшчэ ціха бубніць у пакоі. «Заснула перад тэлевізарам», — падумаў ён. На змятай канапе ў пакоі Яніны не было. «Можа, доіць кароў». Стась пайшоў у хлеў, у якім не было святла.

Адчыніў дзверы і жахнуўся — падвешаным да бэлькі вісела цела. Стась, ачомаўшыся ад першага шоку, падышоў бліжэй, глянуў яшчэ раз і задрыжаў: пятлю на шыі няшчасніцы заціснуў мяшок з камянямі, сабранымі Янінай у крушню пад хлявом.
Жанчына перад смерцю накідала камянёў у белы мяшок з­пад салетры, прывязала да яго адзін канец вяроўкі, а другі канец вяроўкі, з пятлёю, — яна перакінула праз бэльку. Мяшок з камянямі стаўся процівагай для цела жанчыны. Калі Стась падышоў яшчэ бліжэй, не паверыў сваім вачам: у сукенцы, падобнай да хатняй вопраткі Яніны, у пятлі боўталася зусім не яна. Гэта была Мозарыха.

Стась адным рухам абрэзаў вяроўку нажом для буракоў, што ляжаў у куце, але пасінелая суседка ўжо не дыхала. Мужчына выклікаў участковага і хуткую, не перастаючы думаць пра Яніну. «Забіла, а потым збегла, — Стась, аднак, чамусьці не асуджаў жонку — Напакутавалася яна досыць, больш не сцярпела яе балесная душа».

Экспертыза паказала потым, што на целе «грамадзянкі Мозар адсутнічаюць прыкметы супраціўлення і гвалту». Паводле следчых, гэта яна сама, прыйшоўшы сярод ночы ў хлеў суседзяў, там павесілася.
«Помсціла нам Мозарыха, ці што? Дзе ж тады дзелася Яніна?» — не знаходзіў спакою ад думак Стась. З Мінска выклікалі нават вадалазаў, што шукалі цела настаўніцы ў рэчцы, прачэсвалі таксама лясы, паразвешвалі яе фатаграфіі на слупах — нічога, правалілася як скрозь зямлю.

«Бедны Стась, вар’ятка ўсё жыццё атруціла. Што цяпер рабіць будзе?» — гадалі ў вёсцы маладыя ўдовы. Стась жа пасля гэтага здарэння таксама нібы перамяніўся. Думалі, што зап’е з гора, а ён толькі перастаў глядзець тэлевізар і цэлымі вечарамі праседжваў з кнігай Янкі Купалы ў руцэ.

Жупраны

Віктар Шукеловіч

Нарадзіўся ў 1982 у Жупранах (Ашмянскі раён). Скончыў беларускі філфак БДУ (2004), тэалагічны факультэт Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта (2011).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?