Дзве экалагічныя арганізацыі — таварыства «Зялёная сетка» і аб’яднанне «Экадом» — звярнуліся ў пракуратуру Мінскай вобласці з заявай аб праверцы законнасці дзяржаўных экспертыз праекта «Генеральны план Кітайска-беларускі індустрыяльны парк».

Як адзначаецца ў заяве, па генплане былі атрыманыя станоўчыя заключэнні дзяржаўных экспертыз, нягледзячы на шэраг зафіксаваных парушэнняў і неадпаведнасцяў заканадаўству.

У адпаведнасці з артыкулам 27 закона «Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь», эколагі просяць:

— праверыць законнасць працэдуры правядзення грамадскага абмеркавання горадабудаўнічага праекта «Генеральны план Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку», у прыватнасці падвядзенне вынікаў і афармленне пратакола з улікам патрабаванняў заканадаўства;

— праверыць законнасць складання дзяржаўных экспертыз (санітарна-гігіенічнай, дзяржаўнай экалагічнай і дзяржаўнай экспертызы);

— у выпадку ўстанаўлення парушэнняў заканадаўства прыняць меры пракурорскага рэагавання.

«Пакуль заява будзе праходзіць па бюракратыі пракуратуры, дзяржустанова «Адміністрацыя Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку», якая з’яўляецца замоўцам праекта, нягледзячы на шэраг выяўленых парушэнняў, працягвае дзейнічаць, а таксама Смалявіцкі раённы выканаўчы камітэт.

Сёння ўжо распачата працэдура грамадскага абмеркавання праекта «Дэталёвы план тэрыторыі першачарговага асваення Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку», — паведамляюць эколагі.

ГА «Экадом» ініцыявала правядзенне незалежнай экалагічнай экспертызы праекта, якая выявіла шэраг парушэнняў і неадпаведнасцяў заканадаўства. Вынікі экспертызы былі прад’яўленыя адпаведным дзяржорганам, аднак, нягледзячы на гэта, генплан парку быў ухвалены трыма дзяржаўнымі экспертызамі і ў далейшым зацверджаны пастановай урада.

Паводле інфармацыі эколагаў, заключэнне дзяржаўнай экспертызы выдала РУП «Галоўдзяржбудэкспертыза»; дзяржаўнай экалагічнай экспертызы — Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; санітарна-гігіенічнае заключэнне выдадзена ГУ «Смалявіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».

Варта таксама адзначыць, што з 9 па 23 ліпеня Смалявіцкі райвыканкам праводзіць грамадскія абмеркаванні праекта «Дэталёвы план тэрыторыі першачарговага асваення Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку».
У гэты перыяд матэрыялы праекта павінны быць размешчаныя на сайце: www.smolevichi.minsk-region.by.

На 24 ліпеня ў Смалявічах запланавана сустрэча арганізатараў і распрацоўшчыкаў плана з грамадскасцю.

***

    Указ Лукашэнкі аб Кітайска-беларускім індустрыяльным парку, які размяшчаецца на тэрыторыі больш як 8 тыс. га ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці, быў падпісаны ў чэрвені 2012 года. Меркаваны аб’ём прамых інвестыцый у гэты праект складзе прыкладна 2 млрд. долараў ЗША, а паводле прагнозаў пасольства КНР, можа быць павялічаны да 5,5 млрд. долараў. Праз два месяцы ўсе аргпытанні па стварэнні індустрыяльнага парку былі вырашаныя: падрыхтавана неабходная нарматыўна-прававая база, створана адміністрацыя парку, зарэгістравана сумесная беларуска-кітайская кампанія па яго развіцці.
    Тым часам, многія жыхары Смалявіцкага раёна і мясцовыя дачнікі актыўна выступаюць супраць будаўніцтва індустрыяльнага парку. Яны ўпэўненыя, што ад такога маштабнага праекта, які прадугледжвае стварэнне сотняў прадпрыемстваў, непазбежна пацерпіць экалогія. У сваю чаргу, эколагі заяўляюць, што індустрыяльная забудова ў рэкрэацыйнай зоне Мінска сур’ёзна пагоршыць экалагічнае становішча і ў самой беларускай сталіцы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0