У чэрвені сярэдні кошт квадратнага метра ў кватэрах тыпавых спажывецкіх якасцяў на другасным рынку нерухомасці Мінска быў самым высокім за апошнія чатыры гады. Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН паведаміла спецыяліст аддзела кансалтынгу і аналітыкі групы кампаній "Твая сталіца" Анастасія Абражэвіч.

Паводле яе слоў, кошт квадратнага метра на другасным рынку кватэр у Мінску ў чэрвені 2013 года склаў 1.512 долараў. У адносінах да здзелак, заключаных у студзені гэтага года, рост склаў 18,3%. Рост цэн у чэрвені ў адносінах да студзеня склаў: на аднапакаёвую кватэру — 19% да 1.626 долараў за 1 кв. м, двухпакаёвую — 11,9% да 1.430, трохпакаёвую — 18% да 1.387.

Аднапакаёвыя кватэры з мэбляй або з папярэднім рамонтам рэалізоўваліся ў чэрвені ў сярэднім на 160 долараў за квадратны метр даражэй за кватэры тыпавых спажывецкіх якасцяў. Добры рамонт у двухпакаёвых кватэрах дадаваў больш як 300 долараў за 1 кв. м да кошту продажу, адзначыла Абражэвіч.

"На рынку захоўваецца высокая актыўнасць яго ўдзельнікаў. Колькасць здзелак, зафіксаваных у чэрвені РУП "Нацыянальнае кадастравае агенцтва", павялічылася амаль на 11% у адносінах да паказчыкаў мая і амаль зраўнавалася з паказчыкамі сакавіка—красавіка і складае прыкладна адну тысячу", — сказала эксперт.

Сярэдні тэмп росту цэн квадратнага метра на пярвічным рынку жылля сёлета склаў 2,8% у месяц. Пры гэтым у чэрвені гэты паказчык знізіўся да 1,6%. Кошт жылля на пярвічным рынку ў чэрвені склаў: эканамклас — 1.381 долар за квадратны метр, бізнес-клас — 1.576, элітклас — 2.517. Такім чынам, сярэдняўзважаная цана ў чэрвені гэтага года склала 1.590 долараў за квадратны метр, што на 12,9% больш, чым у студзені 2013 года.

Паводле слоў спецыяліста, кошт арэнды кватэр у Мінску ў чэрвені практычна не адрозніваўся ад устаноўленага ў маі. Заключэнне дагавора арэнды аднапакаёвай кватэры ў чэрвені адбывалася ў сярэднім за 337 долараў за месяц, дзвюх- і трохпакаёвых — за 398 і 428 адпаведна.

Рынак офіснай нерухомасці прыкметнай актыўнасцю ў чэрвені не вызначаўся. Кошт долевага будаўніцтва квадратнага метра ў бізнес-цэнтрах класа В ўстанавіўся на ўзроўні 2.152 долараў за квадратны метр, класа С — 1.765 з улікам ПДК. Кошт арэнды квадратнага метра склаў 20 і 17 еўра з ПДК адпаведна ў бізнес-цэнтрах класа В і С. Арэнда ў бізнес-цэнтрах класа А каштавала арандатарам у сярэднім у 38-40 еўра з ПДК за квадратны метр, паведаміла Абражэвіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?