Страйк на адным з гродзенскіх рынкаў у чэрвені 2013. Фота s13.ru.

Страйк на адным з гродзенскіх рынкаў у чэрвені 2013. Фота s13.ru.

У выніку сумеснай нарады прадстаўнікоў РГА «Перспектыва», Міністэрства гандлю, Дзяржстандарту, Міністэрства аховы здароўя і Дэпартамента па прадпрымальніцтву быў уведзены мараторый на праверкі працы прадпрымальнікаў.

— Сустрэча 9 ліпеня была на самым высокім узроўні, у ёй прымала працу і намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч, — распавёў «Салідарнасці» лідар «Перспектывы» Анатоль Шумчанка. — Нарада прайшла ў вельмі канструктыўным рэчышчы і яе вынікам стала ўвядзенне мараторыя на праверкі працы прадпрымальнікаў — пакуль да лістапада 2013 года. Засталася адкрытым пытанне па суправаджальных дакументах на тавар. Прапановы па вырашэнні гэтай праблемы гучалі і з боку міністэрстваў і прадпрымальнікаў. Упэўнены, што і гэтая праблема будзе вырашана канструктыўна.

Нагадаем, 1 ліпеня ўступіў у сілу тэхрэгламент Мытнага саюза па бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці. Прадпрымальнікі патрабуюць выключыць з яго абавязацельства прадастаўляць суправаджальныя дакументы на тавары для працэдуры спрошчанай сертыфікацыі.

Як заявіў Анатоль Шумчанка, прадпрымальнікі адклікаюць пададзеную раней заяўку ў Мінгарвыканкам аб правядзенні 15 ліпеня маршу прадпрымальнікаў.

— Што тычыцца маршу, то мы адклікаем заяўку, бо галоўнае патрабаванне — мараторый, дасягнута, — адзначыў Анатоль Шумчанка. — Наогул, мы дамовіліся праводзіць аналагічныя нарады на пастаяннай аснове, каб вырашаць вострыя моманты. Калі б сустрэча адбылася да 27 чэрвеня, то шмат якіх пратэстных акцый з боку прадпрымальнікаў наогул не было б.

Лідар прадпрымальнікаў упэўнены, што ў сённяшняй сітуацыі ніхто не застаўся ў выйгрышы, усе зацікаўленыя бакі прайграюць у выніку прыняцця шэрагу рашэнняў па Мытным саюзе.

— Пераможцаў і пераможаных няма, бо ўсім нам варта жыць і працаваць у інтарэсах людзей, — падкрэсліў Анатоль Шумчанка. — Ад прыняцця рашэння па сертыфікацыі тавару прайгралі ўсе. Засталося вырашыць яшчэ шмат пытанняў, якія дазволяць выйсці з дадзенай сітуацыі з мінімальнымі стратамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?