Стэла на месцы
дому паэта

Восень — найлепшая пара для падарожжаў. Спёку змяняе прыемная прахалода і так добра дыхаецца і думаецца ў гэты час. Менавіта ўвосень я неяк завітаў у знакамітыя Ляўкі, яшчэ раз узгадаўшы радкі Купалы. Сёлета наведаў сядзібу Дуніна‑Марцінкевіча. У Люцынцы Вінцэнт Якуб правёў усё сваё сталае жыццё — 44 гады, непадалёку на вясковых могілках у Тупальшчыне знайшоў свой апошні прытулак.

З датай нараджэння Дуніна‑Марцінкевіча пэўны час таму была блытаніна: асобныя даследчыкі сцвярджалі, што знакаміты беларускі паэт, драматург, тэатральны дзеяч з’явіўся на свет у 1807 годзе. Аднак, паводле апошніх звестак, адбылося гэта 23 студзеня 1808 года ў Панюшкавічах, што ў Бабруйскім павеце. Менавіта там бацькі Вінцэнта арандавалі маёнтак. Дунін‑Марцінкевіч вучыўся ў Бабруйскай павятовай школе, а пасля працягваў адукацыю на медыцынскім факультэце Віленскага ўніверсітэта. У Вільні Вінцэнт служыў сакратаром у прыватным бюро Бараноўскага, дзе з ім здарылася рамантычная гісторыя — ён пакахаў 16‑гадовую дачку свайго «шэфа» Юзэфу, ажаніўся з ёй без згоды яе бацькоў і звёз маладую жонку ў Мінск. Там Дунін‑Марцінкевіч спачатку працаваў у кансісторыі, а пасля ў судзе. Адтуль па стану здароўя быў вымушаны звольніцца, уладкаваўся ў кансісторыі архіварыусам.

У красавіку 1840 года Вінцэнт узяў пазыку і набыў у межавога суддзі Алозія Сялявы фальварак Люцынка, што ў цяперашнім Валожынскім раёне. Звольніўшыся са службы, менавіта сюды ён пераехаў разам з сям’ёй. Што ўяўляў сабой фальварак? Як сцвярджаюць даследчыкі, Марцінкевіч набыў 11 валокаў зямлі — больш чым 200 гектараў (1 валока складала 18 га). Сядзіба была даволі недагледжаная, але тутэйшыя краявіды вельмі спадабаліся паэту.

    Незайздросная хата: дах — лата на лаце,
    Ды затое свая, нібы родная маці.
    Калі хмара жыцця далягляд захінае,
    Дык хаціна ахвотна бадзягу прымае.
    Боль душы супакоіць, утаймуе спачатку…
    А зімой добра мары снаваць ля камінку.
    Дзетак я ўзгадаваў пад страхою хаціны,
    Тут цудоўныя часта я ведаў хвіліны.
    Дом стаіць на пагорку — лес вокал, алешнік,
    Сад за домам, а ў садзе — і грушы, чарэшні.
    З ганка ступіш і бачыш — лес водаль, яліны…
    Дзеліць лес папалам стужкай сіняй Люцыны…

Але не ад рэчкі ўзяў назву хутар, дзе быў раней маёнтак Дуніна‑Марцінкевіча. Пра адну з версій паходжання распавёў мне мясцовы краязнаўца, стваральнік Пяршайскага народнага тэатра і школьнага музея Мікалай Ганчарык.

— Люцынка паходзіць ад імя былой гаспадыні гэтага месца, — кажа Мікалай Мікалаевіч. — Жыла тут доўгі час Люцына, якая пабралася шлюбам з бедным шляхціцам. У нас так часта сустракаецца на Беларусі — дзе якія людзі жывуць, так мясціны і назавуць. Маёнтак Марцінкевіча межаваў з паселішчам збяднелай шляхты, пра якую казалі так: «на назе бот рыпіць, а ў гаршку трасца кіпіць». Бедныя, але ж і ганарлівыя.

Так што ўсю неабходную «фактуру» Дунін‑Марцінкевіч мог атрымаць на месцы. Як заўважыў Мікалай Ганчарык, гаспадара Люцынкі можна па праву лічыць першым беларускім прафесійным пісьменнікам, паколькі ён пэўны час жыў за ганарары ад выдання сваіх твораў, меў менавіта з гэтага асноўны даход. Марцінкевіч — стваральнік першага на Міншчыне народнага тэатра, перакладчык, дзякуючы яму Люцынка стала добра вядомай усяму культурнаму асяроддзю. Як пісаў калісьці Максім Багдановіч, гэты чалавек «узбуджаў вакол сваіх твораў размову і палеміку, напамінаў аб існаванні беларускай мовы і пачаткаў беларускай літаратуры, наводзіў на пытанне аб магчымасці іх далейшага развіцця».

У сваім фальварку Дунін‑Марцінкевіч стварыў усе свае вядомыя творы, у тым ліку і «Пінскую шляхту», якая стала сапраўднай ягонай «візіткай». Самае цікавае, што для тутэйшых мясцін беларускі дудар не пераўтварыўся з цягам часу ў нейкую амаль нябачную выяву, ён быццам і цяпер жыве недзе побач. Пра «дзядзьку Вінцэнта» (так пра яго мне казала адна з мясцовых кабет) добра ведаюць усе наўкола. Як заўважыла бібліятэкар Пяршайскай сельскай бібліятэкі Надзея Мацвеева, творы свайго вядомага земляка ўсе вывучаюць не па прымусу, а з‑за вялікай павагі і любові. Мясцовай дзятве далёкія, здавалася б, па часе падзеі і акалічнасці вельмі цікавыя.

— Вельмі важна адчуваць сябе гаспадарамі на сваёй зямлі, нашчадкамі вялікіх людзей і слаўных падзей, — адзначае настаўніца гісторыі Пяршайскай сярэдняй школы, кіраўнік школьнага музея Алена Шапавал. — Экскурсіі па знакамітых мясцінах заўсёды праходзяць з карысцю — дзеці чытаюць вершы, спяваюць песні. Да нас прыязджаюць з усіх куткоў Беларусі, наведваюцца таксама і госці з‑за мяжы — з Германіі, Японіі. За апошнія некалькі гадоў неаднойчы прыязджалі і нашчадкі Дуніна‑Марцінкевіча. У прыватнасці, у родныя мясціны завітала яго прапраўнучка Барбара, якая ў Чыкага валодае карціннай галерэяй.

Вельмі цікавая жанчына, падаравала нашаму музею копію абраза, які вісеў у хаце яе бацькоў у Люцынцы. Таксама ў нас ёсць фотакопія карціны, дзе намалявана сядзіба Дуніна‑Марцінкевіча: мора кветак, прастора і вядомыя чатыры прыступкі пры ўваходзе.

55 гадоў таму ў Пяршаях быў створаны народны тэатр, дзе ўсе пастаноўкі рыхтуюцца месцічамі. Як узгадала дырэктар Пяршайскага сельскага Дома культуры Наталля Прачкоўская, глядзельная зала заўсёды поўная — «імкнуліся запрашаць прафесійныя трупы, дык на іх менш людзей прыходзіць». На юбілей народнага тэатра мяркуецца падрыхтаваць каля 10 «міні‑п’есак», у асноўным гэта будуць урыўкі з твораў вядомага земляка. А да 200‑годдзя Дуніна‑Марцінкевіча, які адсвяткуюць налета, плануецца аднавіць дом, дзе ён жыў і дзе будзе створаны адметны музей. Зараз на гэтым месцы застаўся толькі падмурак, а непадалёку — выява беларускага дудара. З Мікалаем Ганчарыкам стаім на блізкім сэрцу кожнага беларуса месцы і ён тлумачыць, дзе якія пабудовы размяшчаліся. Мікалай Мікалаевіч бачыў гэты будынак, які нават падчас Вялікай Айчыннай вайны ўцалеў, а пасля яго разабралі і некуды вывезлі.

У Дунінскай школцы ў свой час вучыўся будучы пісьменнік Ядвігін Ш.

«Памятаю я, — узгадваў ён пасля, — і Люцынку, і яе гаспадара: старэнькі ўжо тады быў, але добры, вясёлы, жартаўлівы. Памятаю і вялікі куфар, куды хаваў сваё пісанне, паўнюсенькі быў, але мала выйшла гэтага пісання адтуль у свет… Дзіўлюся я цяпер, як ён мог столькі працаваць, пісаць… На кожны важнейшы, бывала, дзень нябожчык пісаў для нас усіх — дзяцей, якую‑колечы камедыю, мы яе вучылі, з’язджаліся госці і ішло прадстаўленне. Памятаю доўгія восенныя вечары, цікавыя апавяданні аб роднай бацькаўшчыне, шчымелі нашы сэрцы, у грудзёх нешта бунтавалася…».

Мікалай Літвінаў, Фота Яўгена Пясецкага, «Звязда»

Глядзі яшчэ:
Фотаздымкі з фальварка Дуніна-Марцінкевіча на Radzima.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0