Санкцыі Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Беларусі з’яўляюцца «абсалютна ненармальнай з’явай» і павінны быць адмененыя. Пра гэта заявіў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей 10 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Маскве.

Сустрэча з журналістамі адбылася па выніках перамоў Уладзіміра Макея з расійскім калегам Сяргеем Лаўровым. Прэс-канферэнцыю трансляваў тэлеканал Russia Today.

«Мы заўсёды выступалі за дыялог і за любыя прапановы, якія маглі б спрыяць развіццю гэтага дыялогу з нашымі еўрапейскімі партнёрамі,
— сказаў Макей. — Мы маем намер падтрымліваць цесныя адносіны з усімі нашымі суседзямі, з усімі краінамі, якія гатовы ісці нам насустрач».

Кажучы пра саміт Усходняга партнёрства, які мае адбыцца ў Вільні ў лістападзе, Макей зазначыў:

«Мы спакойна глядзім на тыя дыскусіі, якія адбываюцца на тэму таго, хто будзе запрошаны на гэты саміт [ад Беларусі], у якім статусе і гэтак далей.
Мы мяркуем, што калі ЕС зацікаўлены ў тым, каб мець дыялог з Беларуссю, то гэта павінен быць раўнапраўны дыялог без якога-небудзь шантажу і ўльтыматумаў».

Паводле слоў міністра, на гэтым этапе Беларусь зацікаўленая ва ўдзеле ва Усходнім партнёрстве. «Мы можам узяць адтуль пэўныя карысныя моманты для сябе, можам удзельнічаць у нейкіх рэгіянальных праграмах, якія могуць прынесці дывідэнды для Беларусі», — патлумачыў ён.

«Але мы вельмі спакойна глядзім на ўдзел Беларусі ў гэтай ініцыятыве, — сказаў Макей. —

Калі становішча складзецца так, што нам нявыгадна будзе браць удзел у гэтым вымярэнні, то мы будзем аналізаваць сітуацыю і прымаць рашэнне, зыходзячы з наяўных акалічнасцяў».

Нагадаем, 24 чэрвеня на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў ЕС у Люксембургу было прынятае рашэнне аб прыпыненні візавых санкцый у дачыненні да Уладзіміра Макея. Санкцыі прыпыненыя на той час, пакуль ён займае пасаду міністра замежных спраў Беларусі. Разам з тым Макей застаецца ў спісе асоб, на якіх распаўсюджваюцца фінансавыя санкцыі (рахункі і ўласнасць гэтых асоб на тэрыторыі ЕС павінны быць замарожаныя).

У паведамленні па выніках пасяджэння гаварылася: «Савет спрашчае дыпламатычныя кантакты паміж ЕС і Беларуссю. Каб аблегчыць кантакты, савет сёння прыпыніў забарону на ўезд для беларускага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?