Старэйшае пакаленне памятае Міколу Шаляговіча. Гэты лінгвіст, родам з вёскі Агдэмер Драгічынскага раёна, на пачатку 1990-хпрыдумаў народ. Ён назваў яго «яцвягамі» і змясціў на тэрыторыі Берасцейшчыны, Валыні і Паўднёвага Падляшша.

На той час жыхары Берасцейшчыны і Піншчыны гаварылі на дыялектах украінскай мовы, але мелі беларускую нацыянальную самасвядомасць. У гэтым Шаляговіч і пабачыў падставы для фармавання асобнай нацыі. А назваў яе іменем летапіснага балцкага племені, якое, паводле класічных гісторыкаў, жыло, аднак, на поўнач ад Берасцейшыны — між Бугам, Нарвай і Нёманам.

Частка берасцейскай і пінскай інтэлігенцыі Шаляговіча падтрымала ў частцы публікацыі твораў на дыялектах, бо шукала шляхоў уратавання мясцовай мовы і традыцый, але да «яцвяжскіх ідэй» нават і яны ставіліся скептычна.

Шаляговіча, затое, дзівосным чынам патроху падтрымліваў дзяржапарат, і дзейнасць яго скончылася на 1994 годзе, калі ён падтрымаў на выбарах Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля гэтага Шаляговіч заняўся бізнэсам. Сярод іншага, звязаная з ім кампанія «Гірства» будавала шматпавярховік на вуліцы Захарава, замоўцам якога выступала контрразведка КДБ. (Назва кампаніі паходзіць ад слова «гір», што значыць «пан, спадар» — наватвор з «яцвяжскай мовы», якую ствараў Шаляговіч.) Пасля Шаляговіч пераехаў у Калінінград.

Дык вось, яцвягі вяртаюцца! «Наша Ніва» атрымала рассылку ад Калінінградскага рэгіянальнага аб’яднання «Етвязь».

У гэтым праграмным тэксце праводзіцца думка, што Етвязь распрасціралася не толькі на Брэст, Пінск і Белую Падляску, а да Балтыйскага мора. Што ятвягі насамрэч уваходзілі ў «4-ю славянскую групу — балтаславянскую (варажскую), цэнтрамі якой былі востраў Руген (Руян, Буян), Брэст, Полацк, Тураў і Твангест (Калінінград)».

Рассылка так і называецца: «Ятвяжская Русь. ІХ-ХІІІ века». Аўтар — а ў тэксце праглядаецца цвёрдая рука Мікола Шаляговіча — сцвярджае, што яцвягі і прусы — гэта было адно і тое самае племя, толькі назва прусы ўжывалася для яго заходнімі храністамі, а яцвягамі яго называлі ў рускіх крыніцах. Для аўтара дакумента, тэорыю пра неславянскае — балцкае — паходжанне прусаў, літоўцаў і латышоў прыдумалі немцы ў ХІХ ст., каб пасеяць рознь між гэтымі народамі і расейцамі.

«Паўднёвая і Цэнтральная Етвязь», піша аўтар, вярнуліся ў «Рускі свет» у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай. І «Паўночная Етвязь» — г.зн. Усходняя Прусія з Караляўцом-Кёнігсбергам-Калінінградам «уз’ядналася» з Рускім светам у 1945 годзе.

Відаць, у ідэй Шаляговіча і ў Калінінградзе няшмат прыхільнікаў, бо сайт аб’яднання мізэрны, а зробленая ў гэтым духу старонка Вікіпедыі выдаленая «за відавочнае парушэнне аўтарскіх правоў».

Прывяду заключныя сказы 33-старонкавага дакумента: «У планах КРА «Етвязь» аб’яднаць яцвяжскія намаганні жыхароў Калінінградскай вобласці з яцвяжскімі намаганнямі жыхароў Брэсцкай і Гомельскай абласцей Беларусі, з яцвяжскімі намаганнямі жыхароў польскіх — Холмшчыны, Бельшчыны, Беласточчыны, Сувальшчыны і Вармініі, з яцвяжскімі намаганнямі жыхароў Валынскай і Ровенскай абласцей Украіны. І такое аб’яднанне яцвяжскіх намаганняў бачыцца актывістам КРА «Етвязь» накіраваным на славу трыумфу Рускай цывілізацыі, пакліканай быць захавальніцай аснаватворных людскіх каштоўнасцей».

Да гэтых словаў няма чаго дадаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?