1 верасня ў Беларусі адкрыты сезон палявання на арабка, шэрую курапатку, зайца-беляка і зайца-русака.

Як паведаміў БелаПАН начальнік упраўлення паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Сяргей Новікаў, сезон працягнецца па 2-ю нядзелю снежня.

Здабыча зайцаў можа ажыццяўляцца ружэйным спосабам, а таксама з паляўнічымі сабакамі, што маюць палявы дыплом, з хартамі і лоўчымі птушкамі. З 1 лістапада паляўнічыя змогуць выкарыстоўваць падчас палявання на зайцоў любых паляўнічых сабак, нават без палявых дыпломаў. Паводле слоў С.Новікава, паляванне на зайцоў - самае масавае ў Беларусі.

У верасні таксама дазволена паляванне на лася і высакароднага аленя. У прыватнасці, дазволена адстрэльваць дарослых самцоў трафейнай якасці і селекцыйных жывёл любога полу і ўзросту.

З 1 кастрычніка па 15 снежня ў Беларусі будзе праходзіць восеньска-зімовы сезон палявання на дзіка і еўрапейскую казулю. Працягнецца таксама паляванне на лася і высакароднага аленя. У гэтыя перыяд усіх жывёл дазволена здабываць загонам і з сабакамі. Усе жадаючыя змогуць паляваць на капытных любога полу і ўзросту, акрамя свінаматак і важакоў статку. З 15 снежня па 31 студзеня высакароднага аленя і дзіка (акрамя самак, якія водзяць маладняк) можна здабываць ружэйным спосабам з засады і з падыходу. Плануецца, што за ўвесь сезон палявання будзе здабыта больш за 1,1 тыс. ласей, каля 600 высакародных аленяў, амаль 4 тыс. казуль, крыху больш за 12 тыс. дзікоў.

Паводле слоў С.Новікава, па стане на пачатак года ў Беларусі налічваецца каля 16 тыс. ласей, 5,7 тыс. высакародных аленяў, 51 тыс. казуляў, 43,2 тыс. дзікоў, 74 тыс. зайцоў-белякоў, 125 тыс. зайцоў-русакоў, 69 тыс. шэрых курапатак і 86 тыс. арабкоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?