«Гэта той самы аповед, урыўкі якога я публікавала ў сябе на старонцы. Ён быў напісаны год таму і вядзе гаворку пра жыццё ў Горацкай і Глыбоцкай калоніі. Артыкул вялікі, магчыма, не так проста адразу прачытаць яго, але ён напоўнены тым болем і жорсткасцю рэчаіснасці,
той радасцю ад турэмных сяброў і горыччу растання з каханымі. Ён пра голад у турме і жахлівасць камернай сістэмы. Ён пра самоту. Пра страх перад невядомасцю. Ён пра рэальную турму, пра тую, якую мы не ведаем. Гэта артыкул, каторы жывы. Ён баліць», — напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку жонка Змітра Наста Дашкевіч.

* * *

Я стаяў у «клетцы». Гэта была адна з трох камер КПП-2 — 50 на 50 см, з цаглянымі сценамі і замест дзвярэй кратамі, якія гэтак жа адчыняліся і зачыняліся. Дзякуючы дызайнерскім асаблівасцям, буды гэтыя і называюць у народзе «клеткамі» ці «стаканамі».

КПП-2, як і кожнае такое КПП у іншых лагерах, падзяляе жылую і працоўную зоны. Апроч камер для правапарушальнікаў, на КПП, перадусім, знаходзяцца: пакой дзяжурнага, дзе ўсталяваны электронныя прыборы кантролю калоніі; у выглядзе дзвярной рамы — металашукальнік, праз які мусяць праходзіць зэкі вяртаючыся з прамзоны. Ёсць тут яшчэ невялікі кабінецік, на сцяне яго вісіць пластыкавы макет зоны з усімі абарончымі рубяжамі: адначасова і пакой для інструктажу змены перад працаю, і перакусачная; а побач месціцца пакой для дагляду асуджаных, перад закрыццём у «стакан». У пакоі гэтым, чамусьці, стаіць вялізны сейф.

— Што захоўваеце ў сейфе? — запытаў я неяк у кантралёра, каторы асабліва пільна там мяне раздзяваў.

— Паслядоўнасць расстрэлу бандытаў пры надзвычайным становішчы, — ці тое усур’ёз, ці тое па прыколу заявіў мне наглядчык.

— Дык якія вам паслядоўнасці? — даў я ў сваю чаргу параду. — Шмаляйце ўсіх направа-налева і канцы ў ваду.

— Ну так, вады тут шмат, — загадкава пагадзіўся той.

Што мне было яшчэ казаць? Вады і сапраўды там шмат — зона стаіць у возеры. Віцебшчына — край блакітных азёраў.

— Трымай.

Я працягнуў з клеткі руку і зэк гэтак жа хутка паклаў нешта мне ў далонь ды тут жа выйшаў у шэрагу асуджаных, што вярталіся з працы ў зону.

Я расціснуў кулак: то былі тры шакаладныя цукеркі. Мяне ажно праняло: не тое, каб ад шакаладных пачастункаў (раздаваць якія невядома каму — гэта святатацтва для зэка), як ад разумення таго, што сярод гэтага шэра-чорнага натоўпу чалавекаў, усё ж, больш, чым тое можна было б меркаваць. Вось гэты-невядома хто, але не пабаяўся падтрымаць, хоць, безумоўна, ведае, што вокамгненна можа патрапіць у няласку і стаць побач, у суседнюю клетку.

Чытаць далей: Чарвяк

Зміцер Дашкевіч быў затрыманы — паводле афіцыйнай версіі — 18 снежня 2010 г., за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, нібыта за бойку і асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі за хуліганства. Аднак у 2012 годзе выязным судом ён быў прыгавораны да яшчэ аднаго года зняволення, нібы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Выйсці на волю Зміцер Дашкевіч мае 28 жніўня 2013 года.

Раней у турме ён напісаў апавяданне «Гумовы тапак».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0