Валер Варанецкі

Беларусь і Еўрасаюз павінны пераходзіць ад простага гандлю да больш прагрэсіўных форм эканамічнага ўзаемадзеяння. Беларускі бок запрашае еўрапейскіх інвестараў у стратэгічныя сферы эканомікі рэспублікі: энергетыку, машынабудаванне, хімічную і нафтаперапрацоўчую прамысловасць. Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валерый Варанецкі на канферэнцыі "Сумесныя дзеянні - умацаванне Еўрапейскай палітыкі суседства" ў Бруселі, паведамілі БЕЛТА у знешнепалітычным ведамстве.

"Нашым краінам пара на справе пераходзіць да фарміравання агульнай канкурэнтнай эканамічнай прасторы на еўрапейскім кантыненце, да стварэння адзіных тэхналагічных ланцужкоў, адзіных лагістычных і транзітных схем. Без гэтага Еўропа будзе прайграваць у глабальным эканамічным спаборніцтве", - сказаў намеснік кіраўніка беларускага МЗС.

Паводле яго слоў, заслон на шляху нелегальнай міграцыі, крыміналу, гандлю людзьмі і наркатрафіку таксама не будзе надзейны без глыбокага і сістэмнага супрацоўніцтва. "Сумесна з ЕС Беларусь магла б больш эфектыўна процідзейнічаць арганізаванай злачыннасці і тэрарызму. Бяспека і дабрабыт радавых еўрапейцаў толькі выйграюць ад устанаўлення плённага ўзаемадзеяння пагранічных і мытных службаў, праваахоўных органаў Беларусі і Еўрасаюза", - адзначыў Валерый Варанецкі.

Ён таксама падкрэсліў, што ваенна-палітычныя бяспека і баланс зноў становяцца вострай і важнай стратэгічнай тэмай для ўсёй Еўропы. "Беларусь, знаходзячыся ў асабліва адчувальнай у гэтых адносінах зоне ў Еўропе, таксама зацікаўлена ва ўзаемадзеянні з усімі ключавымі партнёрамі ў інтарэсах агульнай стабільнасці", - дадаў намеснік міністра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?