Першыя фоты на волі.

Першыя фоты на волі.

На волі Малчанава сустракалі сябры і паплечнікі.

На волі Малчанава сустракалі сябры і паплечнікі.

Ахоўнікі калоніі паведамілі, што Малчанава вызвалілі, а 6-й раніцы, яшчэ да пад’ёму.

Малчанава на вуліцы Ленінскай у Барысаве сустракаў ягоны бацька Валеры. Бацька ўжо сталага веку і да журналістаў ды грамадзкіх актывістаў, якія прыехалі пазьней, ня выйшаў.

Малчанаў выглядае бадзёра. Ён схуднеў і загарэў. Кажа, што вельмі рады апынуцца дома.

Хлопец гаворыць, што гэтым разам у калёніі да яго ставіліся больш лагодна, чым калі сядзеў за Плошчу. Адміністрацыя і вязьні ведалі пра ягоную першую справу за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010. Малчанаў гаворыць, што ахова ў калёніі абкружыла яго вязьнямі, якія ўсё дакладалі.

Прафіляктычны нагляд на паўгоду ён атрымаў за два парушэньні. Кажа, што згодны толькі з адным.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, ці лічыць ён сябе палітвязьнем, Аляксандар Малчанаў заявіў: каб не было пільнага кантролю і была магчымасьць знайсьці працу, ён бы ня краў мэталялом.

Малчанаў прызнаўся, што зрабіў высновы з той гісторыі і болей ня будзе такім займацца.

У калёніі былы палітвязень скончыў курсы станочніка. Цяпер ён можа працаваць токарам. Малчанаў сказаў, што бліжэйшым часам будзе займацца агародам, што ля дому. Маўляў, пакуль яго не было, усё зарасло.

У суботу вечарам ён зьбіраецца на могілкі, адведаць магілу маці.

Да 5 раніцы ў нядзелю ён павінен стаць на ўлік у міліцыі. З пачаткам новага навучальнага году, Аляксандар Малчанаў зьбіраецца аднавіцца на вучобе.

Даведка радыё «Свабода»

Аляксандар Малчанаў. Нарадзіўся 22 чэрвеня 1988 г. у Барысаве.

Вучыўся ў барысаўскай школе № 22. На пачатку 2000-х быў сябрам руху «Зубр». Працаваў на Барысаўскім рамонтна-мэханічным заводзе, «Гідраўзмацняльніку», БАТЭ.

Вучыўся ў Міжнародным гуманітарна-эканамічным інстытуце. Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 г. Быў затрыманы 6 студзеня 2011 г. у сябе дома ў Барысаве.

Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў зьнявазе дзяржаўнага сьцяга, які сарваў з будынку КДБ. 2 сакавіка судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Тацяна Чаркас асудзіла Малчанава на 3 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў калёніі № 15 Магілёва. Вызвалены 14 верасьня 2011 г.

Вясной 2012-га Малчанава прызналі вінаватым у крадзяжы мэталалому зь мясцовага заводу і асудзілі на 1,5 года зьняволеньня. Зьбіраючы мэталалом, ён прайшоў на тэрыторыю мясцовага заводу цяжкіх штамповак, якая не ахоўвалася. Там яго і затрымалі. У чэрвені 2012-га ў Барысаве памерла маці — Галіна Малчанава. Адміністрацыя турмы ў Жодзіне, дзе тады ўтрымлівалі Малчанава, адмовілася адпусьціць сына на пахаваньне маці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?