Васілю Парфянкову, фігуранту крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, афіцыйна прад’яўлена абвінавачанне паводле артыкула 421 Крымінальнага кодэкса (невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду). Пра гэта яго 12 ліпеня праінфармаваў следчы Першамайскага РУУС Мінска, які вядзе гэту справу.
Нагадаем, у канцы чэрвеня Парфянкова выклікалі ў Першамайскае РУУС, дзе паведамілі, што супраць яго распачата чарговая — трэцяя па ліку — крымінальная справа за парушэнне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду. У гутарцы са следчым ён заўважыў, што паводле закона для распачынання крымінальнай справы неабходна мець тры парушэнні, а ў яго толькі іх два. Следчы адказаў, што «два парушэнні — гэта ўжо сістэма, і інспектар убачыў у гэтым падставу для распачынання справы».
Парушэнні заключаліся ў тым, што адзін раз Васіль выйшаў у неналежны час у магазін, а другі — трохі спазніўся дамоў. Менавіта ў гэтыя моманты яго прыходзілі правяраць супрацоўнікі міліцыі.
Цяпер Парфянкоў знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Паводле яго слоў, 15 ліпеня яму належыць з’явіцца ў РУУС для азнаямлення са справай, якая потым будзе перададзена ў суд. Пасля судовага пасяджэння, якое, як чакаецца, адбудзецца прыкладна праз месяц, будзе пададзена касацыйная скарга.
Парфянкову пагражае арышт на паўгода ці пазбаўленне волі да аднаго года. «Віны сваёй я не прызнаў, таму, думаю, што прысуд будзе жорсткі. Але я да гэтага гатовы, мяне гэта не палохае. Калі трэба, то давядзецца яшчэ раз з’ездзіць у турму», — заявіў ён.
***
- Васіль Парфянкоў быў першым, каго асудзілі па справе аб падзеях 19 снежня 2010 года. У лютым 2011 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Акрамя таго, Парфянкоў павінен быў выплаціць больш як 14 млн. рублёў за разбітае шкло дзвярэй у Доме ўрада падчас несанкцыянаванай акцыі апазіцыі. У жніўні 2011 года ён быў памілаваны ўказам прэзідэнта.
- 5 студзеня 2012 года за Парфянковым устанавілі прафілактычны нагляд, а ў красавіку Следчы камітэт Першамайскага раёна Мінска распачаў у дачыненні да яго новую крымінальную справу — за парушэнне ўмоў прафілактычнага нагляду. У маі 2012 года суд Першамайскага раёна прызнаў Парфянкова вінаватым у парушэнні ўмоў прафілактычнага нагляду і прыгаварыў да шасці месяцаў арышту. У жніўні Парфянкова этапавалі ў арыштны дом у Баранавічы, дзе ён і адбываў пакаранне.
- Выйшаўшы на волю ў пачатку лютага гэтага года, Парфянкоў заявіў, што мае намер працягваць грамадскую дзейнасць, «падтрымліваць беларускі рух». У красавіку суд Першамайскага раёна Мінска аштрафаваў яго на восем базавых велічынь за парушэнне рэжыму прэвентыўнага нагляду. 17 мая гэты ж суд ізноў асудзіў Парфянкова за парушэнне правіл прэвентыўнага нагляду, аштрафаваўшы яго на тры мільёны рублёў.