На сайце пачаўся збор подпісаў пад зваротам да старшыні Мінскага гарвыканкама Мікалая Ладуцькі з прапановай паставіць помнік у цэнтры Мінска да 200-годдзя Станіслава Манюшкі.

«Мы перакананыя, што 200-годдзе нашага вялікага земляка, сусветна вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі павінна быць адзначана цэлым шэрагам юбілейных захадаў, у тым ліку устаноўкай годнага помніка. Найлепшым месцам для помніка, на думку большасці экспертаў, з’яўляецца сквер на плошчы Свабоды ў Мінску, тварам да гатэля „Еўропа“. У сярэдзіне ХІХ ст. на месцы гасцініцы „Еўропа“ знаходзіўся Мінскі гарадскі тэатр, дзе і адбылася прэм’ера „Ідыліі“. Акрамя таго, у непасрэднай блізкасці да гэтага месца знаходзяцца іншыя памятныя мясціны жыцця і творчасці Станіслава Манюшкі»,- пішуць аўтары звароту да Ладуцькі.

У звароце называюць Манюшку найбольш вядомым у свеце мінчуком ХІХ ст.:

«З усіх дзеячаў культуры дасавецкага перыяду, чыё жыццё і творчасць цесна звязаныя з Мінскам, няма, мабыць, ніводнага, хто мог бы супернічаць з Манюшкам у маштабе таленту і сучаснай вядомасцю ў свеце».

Вялікі беларускі і польскі кампазітар Станіслаў Манюшка (1819–1872) нарадзіўся ў вёсцы Убель Чэрвеньскага раёна, вучыўся ў мінскай класічнай мужчынскай гімназіі, наведваў музычную школу пры мінскім гарадскім аркестры пад кіраўніцтвам Дамініка Стэфановіча, ставіў на мінскай сцэне свае першыя музычныя камэдыі.

Для беларускай культуры асаблівае значэнне мае ягонае супрацоўніцтва з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, плёнам якога сталіся 4 камічныя оперы, уключаючы знакамітую «Ідылію» («Сялянка»), прэм’ера якой адбылася ў Мінску ў 1852 годзе, у якой упершыню пасля доўгага перапынку прагучала са сцэны беларуская мова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?