Генеральная пракуратура Беларусі ў канцы мінулага тыдня адправіла для разгляду ў кампетэнтныя органы Італіі запыт Следчага камітэта аб выдачы Ларана Арыніча, былога кіраўніка ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў».

Нагадаем, Ларан Арыніч знаходзіўся ў міжнародным вышуку як абвінавачваны па крымінальнай справе, якая была распачата пасля пажару 25 кастрычніка 2010 года ў цэху па вытворчасці драўнянастружачных пліт СТАА «Пінскдрэў-ДСП» ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў». У выніку пажару 14 работнікаў прадпрыемства загінулі, 22 — атрымалі траўмы рознай ступені цяжару.

20 ліпеня 2011 года тагачасны генпракурор Рыгор Васілевіч паведаміў журналістам, што Арыніч знаходзіцца ў Польшчы.
«У вышук не аб’яўляўся, таму што пакуль няма звестак, што ён ухіляецца ад яўкі (па выкліку следчых органаў)», — сказаў Васілевіч. Аднак 22 верасня таго ж года была вынесена пастанова аб прымяненні ў дачыненні да Арыніча меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, а 20 кастрычніка яго аб’явілі ў вышук.

Арыніча знайшлі ў Польшчы ў жніўні 2012 года. Тады ж польскаму боку Генпракуратура Беларусі накіравала патрабаванне аб яго выдачы. «Першапачаткова польскім судом была абрана такая мера працэсуальнага прымусу, як нагляд паліцыі і забарона пакідаць тэрыторыю Польшчы. Пасля гэтага там, відаць, палічылі, што гэта занадта строгая мера і нагляд паліцыі быў заменены на дамашні арышт пад залог 2.000 злотых. На наша патрабаванне польскі бок так і не адказаў», — паведаміў журналістам 25 чэрвеня намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук. Ён праінфармаваў, што Ларан Арыніч 16 чэрвеня быў затрыманы на тэрыторыі Італіі, у камуне Ізеа, і ўтрымліваецца пад вартай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?