На 1963 прыпалі дзве юбілейныя даты, шчыльна звязаныя паміж сабой, — 100-гадовы юбілей паўстання 1863 — 1864 гг. і 125 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага (1838 — 1864), які адыграў далёка не апошнюю ролю ў гэтым паўстанні. Улады БССР, навуковая і творчая грамадскасць, рэдакцыі галоўных часопісаў і газет рэспублікі не пакінулі па-за ўвагай гэтыя даты.

Мэта дадзенага артыкула — зрабіць кароткі гістарычны экскурс у юбілейны 1963 г. Для зручнасці і лаканічнасці замест фармулёўкі «100-годдзе паўстання 1863 — 1864 гг. і 125-годдзе з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага» (ў 1963 г. у большасці выпадкаў гэтыя два юбілеі «аб’ядноўваліся» ў адзін) мы будзем ужываць тэрмін «паўстанцкі юбілей».

Пачнём з «вуліц». У студзені 1963 адной з цэнтральных вуліц гарадскога пасёлка Свіслач Гродзенскай вобласці было нададзена імя Кастуся Каліноўскага[1]. У лютым 1963 вуліца Кастуся Каліноўскага з’явілася ў сталічным мікрараёне «Усход»[2]. Мінскія ўлады пастараліся, — імем кіраўніка паўстання ў Беларусі і Літве была названа новая гарадская магістраль даўжынёй 3,3 км.[3].

У энцыклапедычным даведніку «Минск», які выйшаў у выдавецтве Беларуская савецкая энцыклапедыя ў 1983 г. мы можам прачытаць абгрунтаванне прычыны прысваення імя К. Каліноўскага мінскай вуліцы. Там гаворыцца, што вуліца названая ў гонар кіраўніка, на тэрыторыі Беларусі і Літвы, — «нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 — 1864 гг. супраць царызму»[4].

Дарэчы будзе нагадаць, што такая ж фармулёўка змешчана і ў рашэнні (па пытанні памятных дошак) Мінгарвыканкама ад 21 красавіка 2005 г. № 656, дзе канстатуецца, што «Вуліца названа ў гонар Кастуся Каліноўскага (1838 – 1864), беларускага рэвалюцыянера-дэмакрата, кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гг. супраць самадзяржаўя ў Беларусі і Літве»[5].

Адгукнуліся на «паўстанцкі юбілей» і беларускія кінематаграфісты. У ліпені 1963 былі закончаныя здымкі дакументальнага фільма «Кастусь Каліноўскі»[6]. Фільм быў створаны Мінскай студыяй навукова-папулярных і дакументальна-хранікальных фільмаў, — рэжысёр Пётр Шамшур, аўтар сцэнарыя Тарас Хадкевіч[7].

Цікава, што на працягу 1963 у газеце «Літаратура і мастацтва» перыядычна з’яўлялася інфармацыя пра гэты фільм, здымкі якога пачаліся ў лютым[8]. Як адзначалася ў кінарэцэнзіі, у фільме «Кастусь Каліноўскі» адлюстравана біяграфія «барацьбіта за свабоду беларускага народа»[9]. Прэм’ерная дэманстрацыя фільма адбылася ў снежні 1963 г., у сталічным кінатэатры «Дзіцячы», ёй папярэднічала сустрэча рэжысёра П. Шамшура з юнымі гледачамі[10].

Уражанне ад прагляду фільма было вялікае: «кадр за кадрам перад намі вырастае вобраз мужнага, мэтаімкнёнага барацьбіта, пры тым не адцягнены, а надзелены рэальнымі, толькі яму ўласцівымі рысамі. Гэтыя штрыхі і дэталі, якія памагаюць раскрыць чалавечую прывабнасць Кастуся Каліноўскага, беражліва, абдумана і таленавіта сабраны аўтарамі ў рэльефны, шматгранны вобраз. Ён складаецца з удала падабранага партрэта; з радкоў пісьма, са шчырага палымянага закліку са старонак „Мужыцкай праўды“; з аблічча дома, у якім ён жыў; з данясення ў ахранку…»[11].

Асоба К. Каліноўскага выразна стаяла ў прыярытэтах, калі так можна сказаць, беларускага дакументальнага кінематографа, — «за апошні час … выпушчаны фільмыЯнка Купала“, „Якуб Колас“, „Кастусь Каліноўскі“, і „Георгій Скарына“, — паведамляў часопіс «Беларусь» у апошнім нумары за 1963 [12]. Калі ўлічыць вялікую працаёмкасць і фінансавую затратнасць прац кінематаграфістаў на пачатку 1960-х гг., то можна меркаваць, што рашэнне здымаць дакументальны фільм пра К. Каліноўскага прымалася ў высокіх уладных кабінетах БССР.

Хоць, разам з гэтым, што цікава, афіцыйнага прадстаўніка БССР не было на ўрачыстасцях адкрыцця ў Вільні на Лукішскай плошчы памятнай дошкі К. Каліноўскаму і З. Серакоўскаму, якое адбывалася з удзелам першага сакратара ЦК КП Літвы Антанаса Снечкуса і афіцыйнага прадстаўніка пасольства ПНР у СССР[13]. Разам з гэтым, часопіс «Полымя» інтэрпрэтаваў згаданую падзею як ушанаванне ў Літве памяці «вялікага сына беларускага народа», маючы на ўвазе К. Каліноўскага[14].

Многія падзеі, звязаныя з ушанаваннем памяці пра паўстанне 1863 — 1864 гг. і К. Каліноўскага адбыліся ў Свіслацкім раёне, які на той час лічыўся радзімай кіраўніка паўстання ў Беларусі і Літве. Напрыклад, на пачатку лютага 1963 г. настаўнікі і вучні Грынкаўскай школы Свіслацкага раёна планавалі зрабіць лыжны паход па мясцінах К. Каліноўскага, наведаць Якушоўку і «месца бітвы паўстанцаў з царскімі войскамі» [15].

Пра юбілейныя ўрачыстасці, якія адбываліся ў Свіслацкім раёне пісала рэспубліканская прэса. Тут цікава будзе разгледзець, як паказваліся гэтыя ўрачыстасці, якім ідэйным зместам былі напоўнены. Орган Саюза пісьменнікаў БССР газета «Літаратура і мастацтва» ўжо ў другім нумары за 1963 г. пісала: «У гэтым годзе спаўняецца 100 гадоў з пачатку рэвалюцыйных падзей на Беларусі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Гэты юбілей адзначаюць землякі рэвалюцыйнага дэмакрата — жыхары пасёлка Свіслач» [16].

У канцы студзеня 1963 інфармацыю пра святкаванне «паўстанцкага юбілею» ў Свіслацкім раёне дала газета «Звязда», — орган ЦК КПБ, Вярхоўнага Савета і Савета міністраў БССР: «працоўныя Свіслацкага раёна адзначаюць 100-годдзе ўзброенага сялянскага паўстання на Беларусі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага … Яшчэ летась вучні школы-інтэрната (у Свіслачы— А.У.) вырашылі стварыць музей свайго земляка. Яны наладзілі сувязі з музеямі Ленінграда, Гродна, Вільні, Варшавы, Кракава. У адрас школы прыходзілі цікавыя матэрыялы. Літоўскі дзяржаўны музей прыслаў копіі пратаколаў допыту Каліноўскага, былі атрыманы копія першай беларускай газеты «Мужыцкая праўда», якую выдаваў Каліноўскі, бюсты Кастуся Каліноўскага і яго сябра Валерыя Урублеўскага … У школе-інтэрнаце рыхтуецца вечар, прысвечаны барацьбе беларускага народа за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне» [17].

Зразумела, што адзначаць «паўстанцкі юбілей» рыхтаваліся загадзя, і маштаб падрыхтоўкі яўна перавышаў раённы ўзровень. Пра гэта сведчыць, напрыклад, апісанне мастацкага афармлення музея Кастуся Каліноўскага ў Свіслацкай школе-інтэрнаце: «На сценах вісяць карціны беларускіх мастакоў Сергіевіча, Бараноўскага, Бугеля[18], якія адлюстроўваюць вобраз героя беларускага народа» [19]. Натуральна, што карціны вядомых мастакоў, нават іх рэпрадукцыі, маглі з’явіцца ў школьным музеі толькі пры спрыянні ўладаў.

Важнай формай адзначэння любога юбілею з’яўляюцца тэматычныя выставы. У студзені 1963 г. выставы «аб жыцці і рэвалюцыйнай дзейнасці Кастуся Каліноўскага» былі арганізаваныя ў Грынкаўскай школе Свіслацкага раёна і ў чытальнай зале Свіслацкага раённага дома культуры[20].

У Мінску адпаведную выставу арганізавала Дзяржаўная бібліятэка БССР. У інфармацыйным паведамленні адзначалася, што выстава прысвечана: «стагоддзю з дня паўстання 1863 года. На выстаўцы прадстаўлены матэрыялы аб жыцці і рэвалюцыйнай дзейнасці К. Каліноўскага, аб яго паплечніках Сігізмундзе Серакоўскім і Валерыі Урублеўскім і інш. Экспануюцца рэдкія выданні часопіса „Колокол“ з заклікам да паўстання, газета „Мужыцкая праўда“, кніга польскага гісторыка В. Кардовіча „К. Каліноўскі“, выдадзеная ў Варшаве, і іншыя цікавыя матэрыялы» [21].

Тут адметна, што газетная зацемка мае назву «Выстаўка, прысвечаная Каліноўскаму», а ў тэксце мы чытаем — «выстаўка, прысвечаная стагоддзю з дня паўстання 1863 года». Напісана так, што чытачу не зусім зразумела чаму менавіта прысвечана выстава, — паўстанню ці Каліноўскаму? Тут ёсць два варыянты, — або гэта просты «ляп», або на той час гэтыя рэчы, — паўстанне і Каліноўскі, — былі настолькі «ў адной звязцы», што нават карэспандэнт «Літаратуры і мастацтва» і рэдактар газеты не палічылі патрэбным іх разводзіць.

Як відаць, падзеі ўшанавання «паўстанцкага юбілею» былі даволі разнастайныя. Што датычыць ідэй, якія былі выказаныя ў працэсе адзначэння, то яны былі выкладзены ў юбілейных артыкулах, навуковых манаграфіях, рэцэнзіях, мастацкай літаратуры і г.д. Думаецца, што не вельмі вялікім грахом супраць праўды будзе аднясенне ўсяго, што выйшла з друку ў БССР у 1963 г. і было прысвечана паўстанню 1863 — 1864 гг. ці К. Каліноўскаму да выданняў «юбілейных» незалежна ад таго пазначалася гэта ў назве або тэксце матэрыялу ці не.

Безумоўна, рэй у плане адзначэння «паўстанцкага юбілею» вёў часопіс «Полымя», рэдагаваны Максімам Танкам. Мяркую, тут дарэчы будзе пэўнае адступленне ад непасрэднай логікі артыкула і прывядзенне ўрыўку з «Дзённіка» Максіма Танка, прысвечанага нашай тэме. У канцы студзеня 1956 г. Танк запісаў: «Знайшоў у кнігарні гістарычны нарыс С. С. Вайткевіча пра Серакоўскага[22]. Можна было б цікавей напісаць пра паўстанне 1863 г.., пра палітычнае становішча ў Літве, пра Камітэт Чырвоных. Недаравальна мала аўтар удзяліў увагі К. Каліноўскаму. Непраўдападобнай атрымалася і сцэна перад шыбеніцай, дзе шэф жандармерыі Шахоўскі на развітанне працягвае сваю руку Каліноўскаму, бо за такі жэст Мураўёў павесіў бы свайго служаку, як сабаку» [23].

Як вынікае, можна з упэўненасцю канстатаваць, што тэма паўстання і К. Каліноўскага «балела» М. Танку, які яшчэ ў 1938 апублікаваў паэму «Каліноўскі», таму ён проста не мог прапусціць «паўстанцкі юбілей» у 1963.

Ужо ў першым нумары «Полымя» за 1963 г. быў змешчаны юбілейны артыкул Генадзя Кісялёва, прысвечаны К. Каліноўскаму[24]. Малады літаратуразнаўца (на той час Г. Кісялёў меў 31 год) адзначаў, што афіцыйны расійскі гістарыёграф паўстання генерал Васіль Ратч, які атрымаў загад ад віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва напісаць гісторыю «мяцежа» адразу ж пасля пачатку сваёй працы зацікавіўся асобай К. Каліноўскага, нават прасіў члена Віленскай асобай следчай камісіі паручніка Югана апісаць яго выгляд. Такім чынам, Г. Кісялёў аргументавана даказваў, што расійскія ўлады лічылі К. Каліноўскага цэнтральнай фігурай паўстання ў Беларусі і Літве[25].

Вялікую ўвагу Г. Кісялёў надаваў «нацыянальнаму пытанню» ў паўстанні 1863 — 1864 гг. і ў поглядах К. Каліноўскага. Ён прааналізаваў погляды шэрагу кіраўнікоў паўстання ў Беларусі і Літве, і цытуючы В. Ратча, сцвярджаў, што К. Каліноўскі «не быў схільны працаваць для Польшчы … Каліноўскі баяўся зліцця з Польшчай, пры якім потым ад яе нельга было б адвязацца … Каліноўскі пільна стаяў на варце інтарэсаў Літвы і дамагаўся, каб сродкі і сілы Літвы зусім не ішлі б на справу Царства Польскага. Літва, гаварыў ён сваім сябрам, скарыстаўшы разлад паміж Расіяй і Польшчай, павінна стаць самастойнай» [26].

Фактычна, Г. Кісялёў канстатаваў, што К. Каліноўскі змагаўся і аддаў жыццё за палітычную самастойнасць Беларусі, якая на той час мыслілася ў форме адроджанага Вялікага Княства Літоўскага. І гэта была аўтарытэтная думка.

Яшчэ ў 1960 маладому навукоўцу Г. Кісялёву было даручана падрыхтаваць «Памятку» па археаграфічнай апрацоўцы дакументаў для выдання «беларуска-літоўскіх зборнікаў», прысвечаных паўстанню 1863 г. Праект выдання шэрагу дакументальных зборнікаў быў прымеркаваны да 100-годдзя паўстання і выконваўся на ўзроўні міжнароднага пагаднення паміж СССР і ПНР.

Г. Кісялёў справіўся са сваёй задачай бліскуча, паказаўшы пры падрыхтоўцы «Памяткі» не толькі грунтоўнае веданне законаў археаграфіі, але і глыбокую абазнанасць у комплексе дакументаў, датычных паўстання 1863 — 1864 гг. у Беларусі і Літве[27].

Пры падрыхтоўцы юбілейнага артыкула Г. Кісялёў абраў дастаткова простую, але як выявілася даволі эфектыўную тактыку, якая давала магчымасць даказаць слушнасць яго пазіцыі, — ён паказваў асобу і погляды К. Каліноўскага ў ацэнках ягоных праціўнікаў, у першую чаргу генерала В. Ратча. Падмацоўваючы фактычна кожны свой тэзіс спасылкай на архіўныя дакументы ён нібы адразу даваў адказ на крытычныя заўвагі.

У рэдакцыйным архіве «Полымя» знаходзіцца аўтарскі машынапіс артыкула Г. Кісялёва, у ім фактычна няма сутнасных правак, толькі моўныя ды стылістычныя[28], у адрозненне ад юбілейнага артыкула гісторыка Анатоля Смірнова, прысвечанага гістарыяграфіі паўстання 1863 — 1864 гг. у Беларусі і Літве, машынапіс якога вельмі грунтоўна папраўлены[29].

Гістарыяграфічны артыкул А. Смірнова з’явіўся ў трэцім, сакавіцкім, нумары «Полымя» [30]. У артыкуле ўзгадавалася пра 100-гадовы юбілей паўстання і адзначалася выключная цікавасць грамадскасці да гэтай падзеі. Але, разам з тым, з рукапісу былі выкраслены радкі пра тое, што вывучэнне падзей паўстання становіцца «больш актуальным» у сувязі з надыходзячым 100 гадовым юбілеем[31].

На пачатку артыкула гісторык разгарнуў агульную панараму паўстання, што з’яўляецца выключнай з’явай для «юбілейных» матэрыялаў, якія пабачылі свет у БССР, і таму выклікае асаблівую цікавасць.

Паводле А. Смірнова: «Паўстаннем была ахоплена тэрыторыя з насельніцтвам больш за пяць з палавінай мільёнаў чалавек, а саміх паўстанцаў было, толькі паводле афіцыйных дадзеных царскіх улад, каля 80 тысяч узброеных байцоў. За паўтара года адбылося каля 260 баявых сутычак, а ў падаўленні паўстання ўдзельнічала 7 баявых дывізій царскай арміі пад камандаваннем генерала В. Назімава (насамрэч Уладзіміра Назімава.‑ А.У.), а потым М. Мураўёва („Вешальніка“). У судзе і ў адміністрацыйным парадку „за ўдзел у мецяжы“ было пакарана больш за 20 тысяч чалавек…» [32].

Такой сціслай і разам з тым падрабязнай інфармацыі няма нават у адпаведным артыкуле «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 5, 1999 г.). Варта адзначыць, што А. Смірноў даючы вышэйзгаданыя лічбы, як і Г. Кісялёў, апеляваў да звестак расійскіх крыніц.

Звяртаючы ўвагу на расійскую дарэвалюцыйную гістарыяграфію паўстання, гісторык пісаў, што ў часы Расійскай імперыі «найбольш фальсіфікавалася праграма паўстанцаў, іх барацьба за забеспячэнне свабоднага нацыянальнага развіцця» [33]. Разам з гэтым, з рукапісу самога А. Смірнова, былі выкраслены цэлыя старонкі дзе моцна крытыкавалася расійская «шавіністычная гістарыяграфія».

Так, напрыклад, быў выдалены з артыкула наступны абзац: «Надзвычай характэрна, што з надыходам эпохі імперыялізму, з ростам рэакцыйнасці ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, царызм прадпрыняў спробу гальванізацыі мураўёшчыны. У 1898 г. у Вільні з вялікай урачыстасцю быў адкрыты „Мураўёўскі музей“ і помнік Мураўёву вешальніку. Гэтым афіцыйна стваралася спецыялізаванае гняздо паслугачоў рэакцыі з прамой задачай фальсіфікацыі гісторыі паўстання 1863 г.. У „даследаваннях“ і публікацыях супрацоўнікаў музея паўстанне набыло выгляд „польскай, панскай крамолы“, якая ўносіць „смуту ў рускае сямейства» [34].

Не пайшла ў друк таксама крытыка А. Смірновым поглядаў філосафа Івана Лушчыцкага[35], які ахарактарызаваў К. Каліноўскага як «сепаратыста». На думку А. Смірнова «Патрабаванне незалежнасці ў спалучэнні з барацьбой за знішчэнне дваранскага землеўладання, ніяк не магло весці да таго, каб „аддаць Беларусь памешчыцкай Польшчы» [36].

Цікава, што ў канцы 1963 г. у гэтай палеміцы на бок А. Смірнова стаў Мікалай Улашчык, які пісаў, што «калі лозунг стварэння літоўска-беларускай дзяржавы быў у той час рэакцыйным … то адпаведна праціўнікі яго, г.зн. самадзяржаўе і ў першую чаргу М. М. Мураўёў стаялі на прагрэсіўных пазіцыях … У гэтай справе здзіўляюць не столькі выказванні праф. Лушчыцкага, колькі тое, што кнігі яго выдадзена Беларускім дзяржаўным універсітэтам» [37].

А. Смірноў цвёрда настойваў на тым, што паўстанне мела вялікае значэнне менавіта для беларускай гісторыі, асабліва што тычылася пытання беларускай дзяржаўнасці. Менавіта таму, лічыў ён, падзеі 1863 — 1864 гг. і знаходзіліся пад вельмі пільнай увагай рускага і польскага бакоў, погляды якіх у многім былі падобныя: «Характэрна, што ў ацэнцы падзей 1863 года ў Беларусі і Літве пазіцыя польскіх нацыяналістаў многа ў чым супадала з пазіцыяй рускіх вялікадзяржаўных шавіністаў. Апошнія стараліся паказаць, што паўстанне пачалі польскія памешчыкі і ксяндзы, якія не мелі нічога агульнага з асноўнай масай насельніцтва» [38]. З канстатацыі гэтага факту вынікаў абавязак «беларускіх і літоўскіх гісторыкаў — адзначыць стогадовы юбілей паўстання выпускам спецыяльных манаграфій» [39]. А. Смірноў у гэтым артыкуле абгрунтавана сцвярджаў, што «паўстанцкі юбілей» будзе спрыяць узрастанню цікавасці да падзеі і даваў канкрэтныя рэкамендацыі, што патрэбна было зрабіць у накірунку навуковага асэнсавання паўстання.

Завочны апанент А. Смірнова прафесар БДУ, філосаф І. Лушчыцкі таксама пісаў пра юбілеі 100-годдзя паўстання ў Беларусі і Літве і 125-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага. Ягоны матэрыял быў апублікаваны ў газеце «Звязда» [40]. З прычыны таго, што газета з’яўлялася органам ЦК КПБ, пазіцыю, якую агучыў І. Лушчыцкі можна лічыць афіцыйнай, ці, прынамсі, максімальна набліжанай да афіцыйнай.

Паўстанне І. Лушчыцкі ахарактарызаваў як сялянскае і антыпрыгонніцкае. Разам з гэтым, беларускі філосаф пісаў, што пра стаўленне К. Каліноўскага да нацыянальнага пытання можна меркаваць па тым, што ён карыстаўся беларускай мовай. Варта таксама дадаць, што ў якасці ілюстрацыі да матэрыялу І. Лушчыцкага, газета «Звязда» змясціла вялікі фотаздымак К. Каліноўскага, зроблены Ахілесам Банольдзі напярэдадні паўстання.

Яшчэ адзін друкаваны орган ЦК КПБ, газета «Советская Белоруссия» змясціла на сваіх палосах юбілейны артыкул гісторыка, супрацоўніка Акадэміі навук БССР Васіля Мілаванава[41]. Артыкул напісаны вельмі яскрава, нават эмацыйна, добрым публіцыстычным стылем.

Пачынаецца ён з апісання апошніх хвілінаў жыцця К. Каліноўскага: «Ён меў дваццаць шэсць гадоў, калі царскія суддзі засудзілі яго да смерці. Малады, прыгожы, ён ішоў да месца публічнай страты, высока ўзняўшы галаву. Спыніўся тварам да шыбеніцы. У баку, за шэрым ланцугом салдатаў, гуртаваўся натоўп простых людзей. Ён зрабіў для іх усё, што мог: бясстрашна змагаўся, вёў у бой за зямлю і волю тысячы паўстанцаў Беларусі і Літвы» [42].

Далей аўтар спыніўся на поглядах К. Каліноўскага, які, на яго думку не быў „праціўнікам знаходжання Беларусі, Літвы і Расіі ў адной дзяржаве“. Не менш яскравым за пачатак з’яўляецца і завяршэнне артыкула: «Амаль стагоддзе таму царскі кат накінуў пятлю на шыю Кастуся Каліноўскага. Але смерць не мае ўлады над тымі, хто аддаў сваё жыццё за справу народную. Сёння беларускі народ, усе савецкія людзі з любоўю і павагай адзначаюць 125-годдзе з дня нараджэння свайго героя — палымянага рэвалюцыянера дэмакрата Кастуся Каліноўскага» [43].

Часопісы «Беларусь» і «Работніца і сялянка» таксама адзначылі «паўстанцкі юбілей» у 1963 г. Юбілейныя артыкулы напісаў літаратуразнаўца Сцяпан Майхровіч. Першы з іх меў назву «Стагоддзе „Мужыцкай праўды» [44]. Аўтар характарызаваў К. Каліноўскага як правадыра «сялянскага паўстання», «самага ўплывовага і паслядоўнага вучня рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў на Беларусі».

Што тычыцца «нацыянальнага пытання», то С. Майхровіч, гэтак жа як і І. Лушчыцкі паказаў яго праз прызму выкарыстання К. Каліноўскім беларускай мовы: «Ён (К. Каліноўскі. — А.У.)адстойваў правы грамадзянства прыніжанай царскімі сатрапамі і вялікадзяржаўнымі шавіністамі беларускай мовы, публічна сцвердзіўшы непахісную жыццёвую сілу і рэвалюцыйную магутнасць яе ў барацьбе за свабоду і сацыяльную справядлівасць»[45].

Артыкул С. Майхровіча ў «Работніцы і сялянцы» мае назву «Кастусь Каліноўскі і сялянскае паўстанне 1863 г.» [46]. Аўтар назваў К. Каліноўскага «героем» і «пачынальнікам беларускага перыядычнага друку», правадыром «мужыцкага паўстання» і «паслядоўнікам М. Чарнышэўскага і А. Герцэна», які загінуў за «горача любімы ім беларускі народ». Варта адзначыць, што на пачатку артыкула ў «Работніцы і сялянцы» змешчаны допіс ад рэдакцыі з якога вынікае, што артыкул пра К. Каліноўскага з’яўляўся адказам на адпаведнае пытанне адной з чытачак часопіса[47].

Вялікую ўвагу надала «паўстанцкаму юбілею» газета «Літаратура і мастацтва» орган Саюза пісьменнікаў БССР. 1 лютага 1963 г. на першай паласе газеты быў змешчаны тэматычны анонс пад назвай «Незабыўны подзвіг Кастуся Каліноўскага», а большая частка другой паласы прысвечана К. Каліноўскаму і паўстанню 1863 г. Відавочна, што тэма юбілея была адной з галоўных у нумары.

Юбілейны артыкул напісаў гісторык, дацэнт БДУ, Аляксей Сідарэнка, які сцвярджаў, што «асабліва шырокіх і грозных для царызму памераў дасягнуў нацыянальна-вызваленчы і аграрны рух у царстве Польскім, Літве і Беларусі» [48]. Асобу К. Каліноўскага і ролю яе ў гісторыі Беларусі ён ацаніў наступным чынам: «Выдатную ролю ў паўстанні 1863 года адыграў слаўны сын беларускага народа Кастусь Каліноўскі, 125-годдзе з дня нараджэння якога спаўняецца 2 лютага 1963 года. Дваццаціпяцігадовым юнаком ён загінуў за справу народа» [49]. У цэлым юбілейны артыкул быў вытрыманы ў агульным для таго часу рэчышчы: шмат увагі надавалася руска-польскім рэвалюцыйным сувязям, крытыкаваліся шляхецкія колы ў паўстанцкім кіраўніцтве, у тым ліку і за польскія нацыяналістычныя памкненні і г.д. Цікава адзначыць, што артыкул А. Сідарэнкі быў ілюстраваны фотаздымкам знакамітай скульптуры Заіра Азгура «Кастусь Каліноўскі».

Не мог абмінуць увагай «паўстанцкі юбілей» і Інстытут гісторыі Акадэміі навук БССР. У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў акадэмічнай бібліятэкі знаходзіцца «юбілейны даклад» тагачаснага дырэктара Інстытута гісторыі Івана Краўчанкі пад назвай «Польское освободительное восстание 1863 — 1864 гг.» [50].

Даклад быў прачытаны 24 студзеня 1963 г. на сходзе арганізаваным Аддзяленнем грамадскіх навук АН БССР супольна з Таварыствам культурных сувязяў з замежжам і БДУ[51]. Відавочна, што даклад быў разлічаны на польскую аўдыторыю мяркуючы па тым, што вялікая частка яго прысвечана падзеям на тэрыторыі Польшчы, міжнародным адносінам і супрацьпастаўленню Польшчы «буржуазнай» і Польшчы «народнай».

Разважаючы пра паўстанне на тэрыторыі Польшчы, І. Краўчанка закрануў і Беларусь. Адметна, што калі агульная назва яго даклада была «Польское освободительное восстание 1863 — 1864 гг.», то пішучы пра паўстанне на беларуска-літоўскіх землях, І. Краўчанка не ўжываў тэрмін «польскія паўстанцы», а пісаў «паўстанцы 1863 г.» [52].

Не забыўся аўтар даклада і пра К. Каліноўскага, пішучы, што «У Беларусі на чале сялянскага руху стаяў „Чырвоны жонд“ (чырвоны ўрад) пад кіраўніцтвам выдатнага беларускага рэвалюцыйнага дзеяча Кастуся Каліноўскага, паслядоўніка Герцэна і Чарнышэўскага. Каліноўскі, беларус паводле нацыянальнасці, з’яўляўся вялікім выдатным дзеячам рэвалюцыйна-дэмакратычнага накірунку і кіраўніком па падрыхтоўцы сялянскага паўстання ў Беларусі» [53]. Таксама І. Краўчанка пісаў, пра вялікую папулярнасць «Мужыцкай праўды» і самога К. Каліноўскага праграмай якога было «звяржэнне самадзяржаўя і прыгонніцтва і ўсталяванне дэмакратычнага ладу» [54].

Непасрэдна адказным за распрацоўку тэматыкі паўстання 1863 г. падраздзяленнем Інстытута гісторыі быў сектар гісторыі БССР перыяду капіталізму (з 1 чэрвеня 1963 г. — сектар гісторыі Беларусі дасавецкага грамадства), які на той час узначальваў Канстанцін Шабуня. Ужо на самым пачатку 1963 г. у рамках пазапланавай работы на І квартал было запланавана напісанне брашуры супрацоўніцы згаданага сектара Сусаны Байковай (з 1964 г. Сусана Самбук) пад назвай «Восстание 1863 г. в Белоруссии» аб’ёмам 6–7 друкаваных аркушаў, а таксама падрыхтоўка тэматычнага дакладу пад такой жа назвай аб’ёмам 1 друкаваны аркуш[55].

Тут варта ўспомніць, што С. Байкова была кіраўніком тэмы «Паўстанне 1863 г.» у Інстытуце гісторыі АН БССР з 1959 г.[56]. Таксама на 1963 г. сектарам была запланавана падрыхтоўка да друку двухтомнага зборніка дакументаў «Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии» аб’ёмам 50 друкаваных аркушаў кожны том[57]. Гэтае выданне павінна было выйсці ў Маскве, у рамках супольнага археаграфічнага праекту Польскай акадэміі навук, Акадэміі навук Літоўскай ССР і Акадэміі навук СССР.

У рамках пазапланавай работы на сакавік 1963 г. С. Байкова запланавала «напісаць даклад для тэарэтычнай канферэнцыі па паўстанню 1863 г..» і «напісаць артыкул для «Вясцей АН БССРпа паўстанні 1863 г..»[58]. На жаль, гэты артыкул так і не з’явіўся ў друку.

У справаздачы сектара за першы квартал 1963 г. запісана, што было скончана рэдагаванне першага тома зборніка дакументаў «Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии» і гатовы тэкст высланы ў выдавецтва АН СССР у Маскву. Адказнай гэту працу была С. Байкова. Апроч яе над томам працавалі яшчэ 3 супрацоўніцы беларускіх архіваў[59].

У маі 1963 г. брашура С. Байковай «Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии» была напісана і 20 траўня яна абмяркоўвалася на сектары. У часе абмеркавання С. Байкова прасіла ўлічыць, што праца мае папулярны характар. Гэтаму запярэчыў Яфрэм Карнейчык, які зазначыў, што працу С. Байковай нельга назваць папулярнай. На яго думку, праца цалкам адпавядала крытэрыям навуковай.

Да недахопаў ён аднёс недастатковы паказ уплыву паўстання на «лёс мясцовай інтэлігенцыі», а таксама недастатковы паказ «інтэрнацыянальнага боку руху» [60].

Загадчык сектара К. Шабуня адзначыў, што пра паўстанне 1863 г. напісана шмат «але агульнага зведзенага нарыса пра ход паўстання ў Беларусі няма да гэтага часу». Цікавай з’яўляецца заўвага, якую ён зрабіў аўтару, — «не трэба акцэнтаваць увагу на тым, што сяляне дапамагалі душыць паўстанне, г.зн. збівацца на мураўёўскую ацэнку» [61].

У цэлым усімі рэцэнзентамі брашура была ўхвалена і, пастановай сектара, рэкамендавана да друку. Аднак свет яна так і не пабачыла не толькі ў 1963 г., але і ў наступныя гады.

Сталася так, што менавіта на 1963 г. было запланавана напісанне раздзела, прысвечанага паўстанню 1863 г., для шматтомнай гісторыі БССР, якая тады рыхтавалася Інстытутам гісторыі. 25 лістапада 1963 г. гэты раздзел, аўтарства С. Байковай, быў выкананы і абмяркоўваўся. Захаваўся дастаткова падрабязны пратакол абмеркавання. Напачатку выступіла С. Байкова, якая казала: «Пра супярэчлівыя ацэнкі характару паўстання, пра тое, што новы пункт погляду (несялянскае паўстанне ў Беларусі) перамагае, што ў цэлым адбываецца па дадзеным пытанні збліжэнне пунктаў погляду» [62].

У абмеркаванне актыўна ўключыўся малодшы навуковы супрацоўнік Міхась Біч, які выказаў аўтару пажаданне паказаць: «Дзе і калі Каліноўскі і яго група ставілі пытанне пра нацыянальнае самавызначэнне»[63].

Цікавым з’яўляецца пытанне-пажаданне М. Біча пра мэты паўстання: «З тэксту можна зрабіць выснову, што рэальнай больш-менш дасягальнай была мэта аддзялення ад Расіі. Мэта ж звяржэння самадзяржаўя пры даволі выпадковых кантактах з «Зямлёй і воляй» была нерэальнай і кіраўніцтва паўстання відавочна цалкам усведамляла гэта. Як у Каліноўскага праявіўся гэты момант? Ці выяўляў ён і яго група надзею на пачатак паўстання ў цэнтры, ці звязвалі з ім поспех сваёй справы, свайго паўстання?»[64].

У часе абмеркавання Я. Карнейчык параіў аўтару: спачатку даць «запеўку па Беларусі, а пасля ўжо па Польшчы». Указаў ён і на тое, што С. Байкова «змазвае класавы момант», што недастаткова паказала значэнне паўстання для Беларусі, не тлумачыла чаму заходнебеларускія сяляне ўдзельнічалі ў паўстанні больш актыўна, чым усходнебеларускія, не паказала, што гегемонам была шляхта[65].

Аднак гэтыя дыскусіі былі ўнутрыакадэмічнымі, С. Байкова здолела апублікаваць толькі 1 матэрыял у Літоўскай ССР. Спачатку ў выглядзе тэзісаў, пазней у выглядзе артыкула[66].

29 — 30 чэрвеня 1963 г. у Свіслачы, «на радзіме К. Каліноўскага», адбылася навуковая сесія, прысвечаная 100-годдзю паўстання 1863 г., арганізаваная Інстытутам гісторыі АН БССР і кафедрай гісторыі Гродзенскага педінстытута імя Янкі Купалы[67]. У праграме сесіі было заяўлена 4 навуковыя даклады.

Сесію адкрыў вітальным словам першы сакратар Гродзенскага сельскага абкама КПБ Уладзімір Міцкевіч[68]. З юбілейным дакладам пад назвай «Стагоддзе са дня паўстання 1863 г.» выступіла старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР С. Байкова[69]. Пасля гэтага прагучаў даклад вучонага сакратара Інстытута гісторыі Літоўскай ССР Магеліёны Зараўскайце «Паўстанне 1863 г. на тэрыторыі Літвы».

Быў агучаны таксама даклад студэнта 5 курса Гродзенскага педінстытута, сённяшняга акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіла Касцюка «Удзел сялян Слонімшчыны ў паўстанні 1863 года». Апошнім з навукоўцаў выступіў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН СССР А. Смірноў з дакладам «К. Каліноўскі ў ацэнцы гістарычнай навукі». Завяршыла навуковую сесію выступленне камандзіра «партызанскага злучэння імя К. Каліноўскага» Мікалая Вайцяхоўскага[70].

У юбілейным 1963 у БССР выйшлі 2 знакавыя манаграфіі, аўтарамі якіх былі Г. Кісялёў («Сейбіты вечнага», наклад — 3500 асобнікаў)[71] і А. Смірноў («Кастусь Калиновский», наклад — 4000 асобнікаў)[72], яшчэ адна грунтоўная кніга А. Смірнова («Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии», наклад — 2500 асабнікаў) пабачыла свет у Маскве[73].

Цікава, што ў кнігах Г. Кісялёва «Сейбіты вечнага» і А. Смірнова «Кастусь Калиновский» у якасці эпіграфа ўзяты пароль віленскай паўстанцкай арганізацыі 1863 г.: «Каго любіш? / Люблю Беларусь / Так узаемна!». У А. Смірнова таксама раздзел, прысвечаны перыяду кіраўніцтва паўстаннем К. Каліноўскага, носіць назву «Люблю Беларусь»[74].

А. Смірноў ва ўступе да сваёй кнігі «Кастусь Калиновский» пісаў, што царызм усяляк імкнуўся выкрасліць асобу К. Каліноўскага з гісторыі, і наадварот: «На шчыт уздымаўся вораг Каліноўскага Мураўёў-вешальнік — душыцель паўстанняў 1831 і 1863 гг., які заліў крывёй Літву і Беларусь»[75]. Адначасова, пісаў гісторык, у польскай «буржуазна-нацыяналістычнай“ гістарыяграфіі, паўстанне 1863 г. паказвалася як «сутыкненне рускіх і палякаў з прычыны межаў», такім чынам для прадстаўнікоў гэтай плыні К. Каліноўскі быў «сепаратыстам»[76].

А. Смірноў прыйшоў да высновы, што К. Каліноўскі быў нязручнай фігурай як для «манархічнай Расіі», так і для «пілсудчыкавай Польшчы»[77].

Нібы ў працяг апошняй думкі А. Смірнова, Г. Кісялёў пісаў, што асоба К. Каліноўскага важная ў першую чаргу для беларусаў: «Імя Кастуся Каліноўскага свята шануе беларускі народ, і гэта — лепшае сведчанне той вялікай ролі, якую адыграў непахісны барацьбіт у яго гісторыі»[78].

На думку Г. Кісялёва: «Калі змоўклі стрэлы і разбітыя паўстанцы 1863 года пакінулі поле бою, разгарэлася не менш упартая барацьба вакол духоўнай спадчыны, вакол ідэй, што натхнялі паўстанцаў. Асабліва многа дзідаў было паламана вакол імя Кастуся Каліноўскага»[79]. Менавіта апошняя акалічнасць і 100-гадовы юбілей паўстання падштурхнулі Г. Кісялёва ўзяцца за напісанне нарыса пра К. Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання 1863 г., якія паўплывалі на фарміраванне беларускай ідэі.

Выйшлі кнігі — з’явіліся і водгукі на іх. Водгукі і рэцэнзіі на кнігі, прысвечаныя паўстанню 1863 — 1864 гг. таксама можна лічыць «юбілейнымі» матэрыяламі, часта пра «паўстанцкі юбілей» узгадвалі і самі іх аўтары.

12 кастрычніка 1963 г. здаў у друк сваю рэцэнзію на даследаванне А. Смірнова «Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.» М. Улашчык (рэцэнзія пабачыла свет у 1965 г.[80]). Хоць рэцэнзія была зроблена на маскоўскае выданне, для нас важным з’яўляецца тое, што яна адлюстроўвае погляды аднаго з самых аўтарытэтных беларускіх гісторыкаў таго часу на паўстанне 1863 г. і на асобу К. Каліноўскага.

Напачатку рэцэнзіі М. Улашчык адзначаў, што дадзеная праца падагульняе шматгадовыя даследаванні аўтарам падзей паўстання 1863 — 1864 гг. Тамсама ён канстатаваў, што пры вялізнай масе літаратуры, прысвечанай паўстанню 1863 г., «спецыяльных работ, прысвечаных падзеям гэтых гадоў у Літве і Беларусі мала»[81]. Далей М. Улашчык аргументавана даводзіў, што найважнейшай справай у працэсе даследавання паўстання 1863 г. з’яўляецца крыніцазнаўчы аналіз. У якасці прыкладу неабходнасці ўважлівага стаўлення да крыніц, М. Улашчык прыводзіў паказ вобразу К. Каліноўскага ва ўспамінах «белых», які, на яго думку, зусім не адпавядаў рэчаіснасці[82].

На думку М. Улашчыка, паўстанне 1863 г. мела вялізны маштаб і гістарычнае значэнне, што пацвярджаецца маштабам рэсурсаў, задзейнічаных Расійскай імперыяй для яго задушэння: «Ураду давялося скіраваць толькі ў Літву і Беларусь 120 тыс. чалавек, г.зн. не на шмат менш таго, колькі было выстаўлена супраць Напалеона ў пачатку вайны 1812 г..» [83].

Аднак нягледзячы на гэта, як пісаў М. Улашчык «Ва ўмовах падполля і найбольш жорсткага тэрору паўстанцы стварылі свой апарат улады, які месцамі меў большае значэнне, чым афіцыйны … Сам генерал-губернатар не адчуваў сябе ў бяспецы, а яго чыноўнікі, якія перасядзелі ў Вільні ўвесь перыяд паўстання лічылі сябе героямі, адзначыўшы, аднак, якіх страхаў яны тады нацярпеліся» [84].

Цікавым з’яўляецца і тое, што як паказаў гісторык, паводле «ступені інтэнсіўнасці руху» на першым месцы ішла Ковенская губерня, пасля яе — Гродзенская, далей Віленская і Мінская[85].

К. Каліноўскага М. Улашчык назваў правадыром «крайне дэмакратычнага крыла паўстання» , які паходзіў з дробнай шляхты[86].

Адметнай з’яўляецца характарыстыка К. Каліноўскага, дадзеная М. Улашчыкам у 1963 г.: «З усіх іх (кіраўнікоў паўстання. — А.У.) найбольш яскравай фігурай з’яўляецца Канстанцін Каліноўскі. Будучы кіраўніком паўстання на апошнім яго этапе Каліноўскі меў магчымасць сысці за мяжу, але не зрабіў гэтага, працягваючы жыць у Вільні, кіраваць рухам, які згасаў і нават праводзіць таварышаў на пакаранне смерцю. Да гэтага часу быў амаль цалкам знішчаны паўстанцкі апарат, знішчаныя ці разагнаныя амаль усе атрады, вынішчаныя ці збеглі за мяжу дзеячы паўстання і даўно ўстаноўленае яго прозвішча, і аднак гэты незвычайны чалавек заставаўся ў Вільні, маючы намер наноў раздзьмухаць пажар, які гас» [87].

Водгук на кнігу Г. Кісялёва напісаў літаратуразнаўца Сцяпан Александровіч[88]. Водгук вельмі станоўчы, шмат месца займае постаць К. Каліноўскага, якога С. Александровіч называе «вялікі сын беларускага народу».

У 1963 г. у якасці рэцэнзента згаданай працы Г. Кісялёва выступіў А. Мальдзіс[89].

Паводле яго «1863 год — гэта канец аднаго і пачатак другога этапу ў духоўным жыцці беларускага народу» [90]. А. Мальдзіс пісаў, што Г. Кісялёў здолеў выпрацаваць «правільны погляд на падзеі паўстання 1863 года. Правільны таму, што заснаваны на гістарычных фактах, вядомых і невядомых раней».

Сутнасць погляду Г. Кісялёва ў тым, што паўстанне не было «сялянскай вайной», а хутчэй «буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй», і што паўстанне мела нацыянальна-вызваленчы характар[91].

Паводле А. Мальдзіса, К. Каліноўскі «паходзіў з той часткі паланізаванай шляхты, якая ў першай палове мінулага стагоддзя (ХІХ ст.— А.У.) пачала ўсведамляць свой абавязак перад беларускім народам, сваю нацыянальную належнасць» [92].

Нельга абмінуць увагай водгук Алега Лойкі на кнігу Г. Кісялёва. Знакавым з’яўляецца апошні абзац водгуку, у якім А. Лойка выказвае думку пра значэнне паўстання 1863 г. і К. Каліноўскага для беларускай гісторыі: «На першым лісце даследавання адзначана, што яно выйшла ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, Мінск, 1963 (выдзяленне А. Лойкі. — А.У.). Гэтыя словы, гэтая дата на вокладцы кнігі пра людзей, якія змагаліся за народ, за Беларусь, за яе шчасце сто год назад, гучаць для нас сёння па-асабліваму красамоўна: яны нібы гавораць, што кроў, пралітая сейбітамі вечнага, была праліта недарма, што справа, якую распачалі яны, перамагла» [93].

Ідэі, якія выпрацоўваліся навукоўцамі і апрабоўваліся на навуковых сімпозіўмах і ў дыскусіях, знаходзілі сваё адлюстраванне і ў мастацкай літаратуры. Калі казаць пра 1963 г., то тут, вядома, рэй вёў Уладзімір Караткевіч. У гэтым годзе ён працягваў працу над раманам «Каласы пад сярпом тваім», у студзені ён з мэтай збору матэрыялаў для рамана працаваў у віленскіх архівах[94].

1 лютага 1963 г. у «Літаратуры і мастацтве» быў надрукаваны «раздзел» з рамана. Як адзначаў сам пісьменнік: «Дзея гэтага раздзела адбываецца 27 студзеня 1864 года, напярэдадні таго дня, калі ў Вільню прыбыла шыфравальная тэлеграма ад жандарскага палкоўніка Лосева аб месцазнаходжанні Кастуся Каліноўскага. Франс Раўбіч, на пакаранні смерцю якога прысутнічае Кастусь, ‑ швагер героя рамана Алеся Загорскага» [95].

Гэты «раздзел» — узнёслае апавяданне пра К. Каліноўскага. У. Караткевіч выкарыстаў у апісанні пакарання смерцю Франса Раўбіча «стары ўмоўны знак паўстанцаў» — «Люблю Беларусь», які падалі адзін аднаму перад шыбеніцай героі рамана Каліноўскі і Раўбіч.

Практычна, адначасова з працай над «Каласамі …» У. Караткевіч пісаў знакамітую п’есу «Кастусь Каліноўскі: смерць і неўміручасць». П’еса датуецца 16 лютым — 30 жніўня 1963 г. Існуе каля 10 яе варыянтаў. Адзін з першых варыянтаў носіць назву «Руна пра Кастуся»[96]. У рукапісе ад 26 лютага 1963 г. назва п’есы пазначана як «Руна пра Кастуся. (трагедыя ў трох актах, дзевятнаццаці карцінах, з інтэрмедыямі, пралогам і эпілогам)»[97]. Сам У. Караткевіч тлумачыў, што слова «руна» азначае «паданне, песня».

У ранніх варыянтах п’еса «Кастусь Каліноўскі» наўпрост пераклікаецца з «Каласамі». Так, у пралогу п’есы пісьменнік уклаў у вусны «Беларусі» выказванне, што Каліноўскі «не ведае яшчэ, што вось зараз, пад Магілёвам, захапілі ў палон Аляксандра Загорскага, друга»[98].

Адразу дбаючы пра пастаноўку п’есы на тэатральнай сцэне, пісьменнік напісаў «Заўвагі для акцёраў», якія для нас цікавыя тым, што адлюстроўваюць бачанне У. Караткевічам галоўных асоб 1863 г.

Пісьменнік раіў не даваць нічога ў характары К. Каліноўскага ад «правадыра», а паказаць яго як чалавека са сваімі моцнымі і слабымі бакамі. Каліноўскі ў п’есе «ваявода, герой, талент, але ніяк не правадыр, не манумент. Проста чалавек страсны, гарачы, нястрыманы чалавек, любоў якога да народа (абстрактная спачатку) запаліла ўрэшце невялікую, найбольш чуйную да праўды частку гэтага народа і стала ў канцы асэнсаванай любоўю»[99].

У. Караткевіч вуснамі «Беларусі» называе К. Каліноўскага «сапраўдным чалавекам», які і ў адзіноце можа вельмі шмат, але праблема ў тым, што «сапраўдных людзей» у Беларусі тады было мала[100]. Разам з гэтым, у п’есе К. Каліноўскі паказаны як сапраўдны дваранін, які адрозніваецца ад астатніх тым, што мае ўласную думку[101].

Не менш цікавым з’яўляецца вобраз М. Мураўёва, якім ён бачыўся У. Караткевічу: «Мураўёў, магчыма нават разумнейшы за Кастуся (іначай перамога не дасталася б яму так параўнаўча лёгка), але гэта ганебны розум бліскучага адміністратара дзяржавы катаў, розум, не сагрэты ні дабрынёю, ні вераю ў людзей. І, аднак, Мураўёў чалавек. Яму нельга дараваць, але яго можна зразумець (вылучана У. Караткевічам. — А.У.[102].

М. Мураўёў у. Караткевіча разумее, што паўстанцкія настроі вельмі пашыраныя ў беларускім грамадстве, і што іх не вынішчыш аднымі толькі рэпрэсіўнымі захадамі: «Кіньце іх, салдаты. Калі забіваць усіх вінаватых, то тут трэба пакінуць пустыню ад Буга да Дняпра» — кажа ён сваім падначаленым[103]. Адначасова ён заявіў цару Аляксандру ІІ: «Каб не я, каб не памылкі іхняга ранейшага Камітэта — сёння існавала б ужо літоўска-беларуская рэспубліка … паўстанне на Беларусі стала мужыцкім … гэта ўжо не дваране, а народ! (падкрэслена У. Караткевічам. — А.У.[104].

Што тычыцца ідэйнага паказу паўстання, то ў п’есе ёсць сюжэт, дзе сяляне ловяць паўстанцаў і нават хочуць іх забіць, але, паводле У Караткевіча, робяць яны гэта, таму што проста баяцца, каб іх не палічылі «мяцежнікамі» і не «спалілі хат» [105]. Выразна паказаны таксама канфлікт паміж белымі і чырвонымі, за якім праглядаецца адценне польска-беларускага канфлікту ў паўстанцкім кіраўніцтве[106].

У 1963 г. п’еса так не і выйшла з друку. Упершыню яна была апублікавана ў 1980 г. у шостым нумары «Полымя», а перад гэтым, у 1978 г., пастаўлена на сцэне Віцебскага тэатра імя Якуба Коласа Валерыем Мазынскім. 16 лістапада 1963 г. У. Караткевіч пісаў: «п’еса („Кастусь Каліноўскі“. — А.У.) ляжыць у ЦК ужо шмат тыдняў … і адтуль зноў жа ніякага знаку»[107].

Хоць, нягледзячы на гэта, у 10-м нумары «Полымя» за 1963 г., на апошняй старонцы, было змешчана паведамленне пра хуткі выхад раману «Каласы пад сярпом тваім». У гэтым невялічкім анонсе У. Караткевіч пісаў, што раман прысвечаны «Найлепшым людзям дваранства, якія разумеюць, што так жыць больш немагчыма, пераходзяць на бок народа».

Такім чынам, як вынікае, «паўстанцкі юбілей» ажывіў навуковыя пошукі, паспрыяў выхаду новых навуковых даследаванняў па гэтай тэме. У працэсе навуковага асэнсавання падзей 1863 — 1864 гг. навукоўцы паступова прыходзілі да высновы, што паўстанне не было «сялянскім», і што «нацыянальна-вызваленчы» складнік быў не менш важным чым складнік сацыяльны. І, хоць на афіцыйным узроўні гэтыя думкі ў 1963 г. не былі замацаваныя, на прыкладзе твораў У. Караткевіча мы бачым, як яны ўплывалі на мастацкую літаратуру.

У юбілейных артыкулах і іншых матэрыялах канстатавалася, што вакол спадчыны К. Каліноўскага ідзе вострая ідэйная барацьба. Сэнс яе заключаўся, паводле трапнай ацэнкі М. Улашчыка, у тым, каго лічыць «прагрэсіўным дзеячам» — Каліноўскага ці Мураўёва. Паводле назірання А. Смірнова, адмаўленне станоўчай ролі Каліноўскага ў гісторыі Беларусі вядзе да прыпісвання станоўчай ролі Мураўёву і царызму ў цэлым, што ў сваю чаргу непазбежна прыводзіць да адмаўлення права беларусаў на ўласную дзяржаўнасць.

Стогадовы юбілей паўстання і падзеі, звязаныя з яго адзначэннем, дазволілі па-новаму паглядзець на маштаб падзеі. Калі прыгадаць аргумент М. Улашчыка, які займаўся гэтым перыядам, што Расійская імперыя была вымушана накіраваць супраць паўстанцаў войска мала меншае за тое, якое яна выставіла супраць Напалеона ў 1812 г., то становіцца зразумелым, што паўстанцаў падтрымлівала насельніцтва беларускіх земляў. Гэта ў сваю чаргу дазволіла ў 1963 г. казаць пра «народнае паўстанне супраць царызму».

У 1963 г. навукоўцы-гуманітарыі БССР канстатавалі тое, што пазіцыя польскай і расійскай нацыяналістычнай гістарыяграфіі ў дачыненні паўстання 1863 г. падобная, — і для першых, і для другіх гэта паўстанне было «польскім», чужым для беларусаў. Таму задачай беларускіх навукоўцаў, як пісаў 50 гадоў таму А. Смірноў, з’яўляецца ўсебаковае вывучэнне падзей 1863 г. на аснове першакрыніц. І пакаленне 1960-х гг. дастаткова шмат зрабіла для таго, каб сёння гэта праца не вялася з нуля.

Беручы пад увагу ўсё вышэйнапісанае, можна з упэўненасцю канстатаваць, што 100-годдзе паўстання 1863 — 1864 гг. і 125-годдзе з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага ў БССР адзначалася, і адзначалася даволі шырока. Юбілейныя артыкулы і матэрыялы з’явіліся практычна ва ўсіх галоўных газетах і часопісах рэспублікі. Фактычна на дзяржаўным узроўні было прызнана, што паўстанне 1863 — 1864 гг. мела вялікае пазітыўнае значэнне для беларускай гісторыі, а Кастусь Каліноўскі — гэта гістарычны сімвал, які займае вельмі высокае месца сярод славутых беларусаў усіх часоў.




[1]
Полубинский А. Памятные места и памятники, связанные с жизнью и деятельностью К. Калиновского // Кастусь Каліноўскі (1838 ‑ 1864). Материалы республиканской научной конференции, посвящённой 150-летию со дня рождения выдающегося белорусского революционера-демократа и мыслителя К. Калиновского. Гродно, 1988. С. 76.
[2]Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966. С. 226; Говар В. Бессмяротны Кастусь // Маладосць. 1964, № 3. С. 146 — 147.
[3]Калиновского улица // Минск. Энциклопедический справочник. Мн., 1983.С.183.
[4]Тамсама.
[5]http://minsk.gov.by/ru/normdoc/1216/.
[6]Мілова Э. Як жывыя з жывымі … // Літаратура і мастацтва. 1963. 1 кастрычніка, № 29. С. 3.
[7]Белы А. Вобраз К. Каліноўскага ў літаратуры і мастацтве. Мн., 1988. С. 18.
[8]Літаратура і мастацтва. 1963. 5 лютага, № 11. С. 1.
[9]Мілова Э. Як жывыя з жывымі … // Літаратура і мастацтва. 1963. 1 кастрычніка, № 29. С. 3.
[10]Літаратура і мастацтва. 1963. 13 снежня, № 99. С. 3.
[11]Мілова Э. Як жывыя з жывымі … // Літаратура і мастацтва. 1963. 1 кастрычніка, № 29. С. 3.
[12]Лаўроў В. Георгі Скарына на экране // Беларусь. 1963, № 12. С. 26.
[13]Літва ўшаноўвае памяць Кастуся Каліноўскага // Полымя. 1963, № 4. С. 192.
[14]Тамсама.
[15]Вайкуль А. На родине Кастуся Калиновского // Гродненская правда. 1963.2 февраля,№ 24. С. 4.
[16]Вайкуль А. На радзіме Кастуся Каліноўскага // Літаратура і мастацтва. 1963. 4 студзеня, № 2. С. 3.
[17]Вайкуль А. На радзіме Кастуся Каліноўскага // Звязда. 1963. 29 студзеня, № 24. С. 4.
[18]Відавочна меўся на ўвазе мастак Адольф Гугель. — А.У.
[19]Вайкуль А. На родине Кастуся Калиновского // Гродненская правда. 1963. 2 февраля,№ 24. С. 4.
[20]Вайкуль А. На радзіме Кастуся Каліноўскага // Звязда. 1963. 29 студзеня, № 24. С. 4.
[21]Навіцкі М. Выстаўка, прысвечаная Каліноўскаму // Літаратура і мастацтва. 1963. 29 студзеня, № 9. С. 3.
[22]Верагодна гаворка ідзе пра працу: Wojtkiewicz S. Sierakowski. Opowieść z lat 1848–1863. Warszawa, 1954.
[23]Танк М. Збор твораў у 13 т. Т. 9. Мн., 2009. С. 471.
[24]Кісялёў Г. Старонкі вялікага жыцця (Да 125-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага) // Полымя. 1963, № 1. С. 127 — 140.
[25]Тамсама. С. 128.
[26]Тамсама. С. 132.
[27]Шумейка М. Из истории подготовки международных археографических публикаций (Методические рекомендации по археографической обработке документов серии сборников «Восстание 1863 г.«) // Беларускі археаграфічны штогоднік. 2010, № 11. С. 276 — 277.
[28]Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей ‑ БДАМЛМ). Ф. 42, воп. 1, спр. 390.
[29]БДАМЛМ. Ф. 42, воп. 1, спр. 394.
[30]Смірноў А. Гісторыкі пра паўстанне 1863 года // Полымя. 1963. № 3, С. 157 — 172.
[31]БДАМЛМ. Ф. 42, воп. 1, спр. 394, арк. 2.
[32]Смірноў А. Гісторыкі пра паўстанне 1863 года // Полымя. 1963, № 3. С. 157.
[33]Тамсама. С. 158.
[34]БДАМЛМ. Ф. 42, воп. 1, спр. 394, арк. 7.
[35]Лушчыцкі І. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палове ХІХ веку. Мн., 1957. С. 235.
[36]БДАМЛМ. Ф. 42, воп. 1, спр. 394, арк. 62 ‑ 63.
[37]Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (далей ‑ АРКР ЦНБ). Ф. 44, воп. 1, спр. 269, арк. 11; Радкі «У гэтай справе здзіўляюць не столькі выказванні праф. Лушчыцкага, сколькі тое, што кнігі яго выдадзена Беларускім дзяржаўным універсітэтам» у друку не з’явіліся, гл. АРКР ЦНБ. Ф. 44, воп. 1, спр. 269, арк. 16.
[38]Смірноў А. Гісторыкі пра паўстанне 1863 года // Полымя. 1963, № 3. С. 162.
[39]Тамсама. С. 172.
[40]Лушчыцкі І. Барацьбіт і мысліцель. Да 125-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага // Звязда. 1963. 3 лютага, № 29. С. 3.
[41]Милованов В. За дело народное. К 125-летию со дня рождения К. Калиновского // Советская Белоруссия. 1963. 2 февраля,№ 28. С. 4.
[42]Тамсама.
[43]Тамсама.
[44]Майхровіч С. Стагоддзе «Мужыцкай праўды» // Беларусь. 1963, № 1. С. 30.
[45]Тамсама.
[46]Майхровіч М. Кастусь Каліноўскі і сялянскае паўстанне 1863 г. // Работніца і сялянка. 1963, № 1. С. 17.
[47]Тамсама.
[48]Сідарэнка А. Пад сцягам еднасці братняй // Літаратура і мастацтва. 1963. 1 лютага, № 10. С. 2.
[49]Тамсама.
[50]АРКР ЦНБ. Ф. 19, воп. 1, спр. 215.
[51]Институт истории Национальной академии наук Беларуси (1929 — 2009 гг.). Мн., 2009. С. 588.
[52]АРКР ЦНБ. Ф. 19, воп. 1, спр. 215, арк. 6.
[53]Тамсама.
[54]Тамсама. Арк. 7.
[55]Цэнтральны навуковы архіў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (далей ‑ ЦНА НАНБ). Ф. 3, воп. 1, спр. 593, арк. 4.
[56]ЦНА НАНБ. Асабовая справа С. М. Самбук, арк. 15.
[57]ЦНА НАНБ. Ф. 3, воп. 1, спр. 593, арк. 6.
[58]Тамсама. Арк. 11.
[59]Тамсама. Арк. 53.
[60]Тамсама. Арк. 88.
[61]Тамсама. Арк. 89.
[62]Тамсама. Арк. 197.
[63]Тамсама.
[64]Тамсама.
[65]Тамсама. Арк. 198.
[66]Байкова С. Аграрный вопрос в восстании 1863 г. в Белоруссии // Тезисы докладов и сообщений шестой сессии симпозиума по аграрной истории Восточной Европы в гор. Вильнюсе (сентябрь 1963 г.). Вильнюс, 1963. С. 21 — 23.; Байкова С. Аграрный вопрос в восстании 1863 г. в Белоруссии // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы 1963 г. // Вильнюс, 1964. С. 45 — 60.
[67]Белы А. Вобраз К. Каліноўскага ў літаратуры і мастацтве. Мн., 1988. С. 18.
[68]Научная сессия на родине К. Калиновского // Советская Белоруссия. 1963. 4 июля,№ 155. С. 2.
[69]ЦНА НАНБ. Ф. 3, воп. 1, спр. 593, арк. 243.
[70]Научная сессия на родине К. Калиновского // Советская Белоруссия. 1963. 4 июля,№ 155. С. 2.
[71]Кісялёў Г. Сейбіты вечнага: Артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў і дзеячоў рэвалюцыйнага руху 1863 года. Мн., 1963.
[72]Смирнов А. Кастусь Калиновский. Мн., 1963.
[73]Смирнов А. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. М., 1963.
[74]Смирнов А. Кастусь Калиновский. Мн., 1963. С. 138.
[75]Тамсама. С. 5.
[76]Тамсама. С. 6.
[77]Тамсама. С. 10.
[78]Кісялёў Г. Сейбіты вечнага: Артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў і дзеячоў рэвалюцыйнага руху 1863 года. Мн., 1963. С. 120.
[79]Тамсама. С. 6.
[80]Улащик Н. Рецензия на книгу Смирнов А. Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. — Москва: Изд-во АН СССР, 1963. 393 С. // История СССР. 1965. № 4. С.158–161.
[81]АРКР ЦНБ. Ф. 44, воп. 1, спр. 269, арк. 1.
[82]Тамсама. Арк. 3.
[83]Тамсама. Арк. 4.
[84]Тамсама.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?