Беларусь з 16 ліпеня забараніла пастаўкі свініны з Маскоўскай і Валгаградскай абласцей Расіі ў сувязі з распаўсюджваннем там афрыканскай чумы свіней. Акрамя таго, як паведамляецца на сайце дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча, часова абмяжоўваюцца пастаўкі свініны з Белгарадскай вобласці.

«Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду інфармуе пра неабходнасць прыняцця мер па недапушчэнні ўвозу на тэрыторыю Беларусі з Маскоўскай і Валгаградскай абласцей жывых свіней, свініны, у тым ліку мяса дзікоў, прадуктаў перапрацоўкі, гарбарнай, рогакапытнай і кішачнай сыравіны, шчаціння, паляўнічых трафеяў, атрыманых ад успрымальных відаў жывёл, кармоў, вырабленых з сыравіны паходжання з гэтых рэгіёнаў», — гаворыцца ў адпаведным указанні.

Забарона таксама распаўсюджваецца на былое ва ўжыванні абсталяванне для ўтрымання, зарэзу і разбірання свіней.

Паводле інфармацыі Рассельгаснагляда, новыя ачагі афрыканскай чумы свіней былі выяўленыя на тэрыторыі Белгарадскай, Валгаградскай і Маскоўскай абласцей.

Пры гэтым адзначаецца, што ў Белгарадскай вобласці сканцэнтравана каля 20% усяго пагалоўя свіней краіны.

Як паведамлялася раней, у Беларусі ачагі АЧС былі выяўленыя ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці і ў Віцебскім раёне.

Беларускі дзяржаўны ветэрынарны цэнтр абвясціў, што выявіў прычыну захворвання свіней у заражаным камбікорме, пастаўленым прадпрымальнікам з-за мяжы Беларусі і пасля рэалізаваным насельніцтву прылеглых раёнаў.

У Беларусі створаны рэспубліканскі штаб па барацьбе з АЧС на чале з віцэ-прэм’ерам Міхаілам Русым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?