«НН»: Чым скончылася справа з экстрэмізмам?

Алег Рудакоў: Нічым. А кіраўніка Следчага камітэта па Іркуцкай вобласці ўсё-ткі знялі, са скандалам. Не ведаю, ці гэта з-за нас, ці яшчэ нешта нарабіў.

«НН»: А што з хлопцам, праз якога ўсё і пачалося?

АР: Асудзілі. Яму восем месяцаў папраўчай працы далі. Але ён будзе працаваць на ранейшай пасадзе — ахоўнікам дзіцячага садка і дзесяць працэнтаў ад заробку будзе плаціць дзяржаве.

«НН»: Вы прыехалі ў Мінск на Шосты з’езд беларусаў свету. Што пазітыўнага адбылося за час ад апошняга з’езда?

АР: Яшчэ чатыры гады таму я казаў, што хутка мы зможам сыходзіць у адпачынак з грамадскага кіравання супольнасцю.

Шмат вырасла моладзі, якая нарадзілася ў Сібіры, якая прыйшла да нас і за сямнаццаць гадоў існавання нашага таварыства так натхнілася беларускай справай, што лічаць сябе апантанымі беларусамі.

І 27 красавіка мы правялі свой дзясяты з’езд, на якім я склаў паўнамоцтвы старшыні Іркуцкага таварыства беларускай культуры: я цяпер шараговы сябар. Але я спакойны за наша аб’яднанне. У нас шмат людзей, гатовых натхнёна працаваць на карысць беларушчыны. Тая моладзь, якая нарадзілася ў другім-трэцім і нават пятым пакаленні ў Сібіры.

«НН»: Як вы моладзь прыцягваеце?

АР: Выходжу з сеткамі на вуліцу і крычу: «А ну да кучы!» (жартуе)

Аднойчы да нас у сядзібу прыйшла дзяўчына — на выгляд буратка: «Дзень добры ў хату!» Падумаў, што недзе пачула і паўтарыла. Пачалі размаўляць. А яна просіць нешта сказаць па-беларуску. Сказаў. «Не, вы не па-беларуску кажаце». — «Як гэта не па-беларуску?» — «Я выхоўвалася ў бабулі і дзядулі на вёсцы (у бацькоў быў змяшаны шлюб: маці — беларуска, бацька — бурат), яны па-іншаму размаўляюць».
Я тады перайшоў на такую вясковую манеру.

«НН»: Колькі беларусаў у Сібіры?

АР: Афіцыйна — мала. У адным раёне, напрыклад, запісалася толькі 9 чалавек. Хаця там у нас існуе гурт, ёсць аддзяленне таварыства. Я прыязджаю ў вёску: «Як вы не запісаліся беларусамі?» — «А нас ніхто не пытаў». Перапіс як праходзіў? Перапісчык у сельсавеце перапісаў звесткі: раз у Сібіры нарадзіліся, значыцца рускія. І я дадзеным перапісу не веру.

Па адной Сталыпінскай рэформе ў Сібір пераехала каля 300 тысяч беларусаў — архіўныя звесткі. А ўвогуле 1,5 мільёна. Канечне, ішла асіміляцыя. Адна бабуля мне казала:

«Вось сестра мая — дык яна беларуска, а я ужо руская». — «Можа ў вас бацька ці маці розныя?» — «Яна ж радзілася яшчэ ў Беларусі, а я ў Сібіры».

— «А кроў жа ў вас адна?» Яна так падумала: «Адна. А як пашпарт пашла палучаць, мне сказалі, што я руская». Хаця яна размаўляла з беларускім вымаўленнем.

«НН»: А мову многія ведаюць?

АР: Мову ведаюць тыя, хто пачынае яе вывучаць і адраджаць.

Калі вы прыедзеце ў сібірскую вёску, заснаваную перасяленцамі сто гадоў таму, вёска нічым не будзе розніцца ад маёй роднай вёскі ў Полацкім раёне — гамоняць на трасянцы.

«НН»: А маладыя?

АР: У нас дзейнічае моладзевы клуб «Крывічы». У яго межах кожную шасніцу [суботу - НН] мы выкладаем беларускую мову.

Нядаўна да нас далучылася дзяўчына па прозвішчы Маркус. Яе бацька — венгр, а маці з беларускага паходжання — Лойка. Яна прыйшла да нас зрабіць нейкую абвестку. Пачалі размаўляць. І ёй стала цікава. Уступіла ў таварыства.

Адзін хлопец кажа: «У мяне продкі — палякі». Палякі дык палякі. Мы неяк з ім сядзелі, бульбу дастаём: «Бульбачкі поедім». «Кажаш палякі?» — «У мяне так цётка казала». Аказалася, з Гомельшчыны.

«НН»:Часта беларусы збіраюцца?

АР: Каляды — адно з масавых святаў, на якое сем’ямі прыходзяць. На Каляды да нас прыязджаюць артысты з Беларусі. Сёлета быў Аляксандр Памідораў. Раней наведвалі Зміцер Вайцюшкевіч, Таццяна Беланогая, Зміцер Сасноўскі, Кася Камоцкая... Фактычна кожны месяц мы праводзім нейкае свята: Купалле, Дажынкі... І ўсё на грамадскіх пачатках альбо за свой кошт.

«НН»: А бізнэсоўцы беларускага паходжання, якія ахвяруюць на беларускую справу, у Сібіры ёсць?

АР:

Калі доктар альбо настаўнік — беларус, а калі бізнэсовец — то новы рускі.

Я жартую. Ёсць. Але такіх, каб ахвяравалі штомесяц па пэўнай суме грошай, няма.

Я працую памочнікам дэпутата Заканадаўчага сходу. І людзі звяртаюцца да мяне. Я дапамагаю ім проста так, бо беларусы. А яны хочуць аддзячыць. «Мне не трэба. А вось калі вы ахвяруеце на нейкае наша свята — калі ласка», — кажу. Цяпер, праўда, такога ўжо амаль не бывае.

На выхад газеты «Маланка», напрыклад, ахвяруе грошы Генадзь Істомін (намеснік старшыні Заканадаўчага сходу Іркуцкай вобласці).

«НН»: Беларуская дзяржава падтрымлівае?

АР: Не. Вось мы праводзілі канферэнцыю, прысвечаную Сталыпінскай аграрнай рэформе. Былі навукоўцы з Масквы, Навасібірска, Екацярынбурга, Іркуцка. Я прасіў міністра культуры Беларусі, упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў накіраваць да нас навукоўца. Мы б яго размясцілі, накормілі. Але не знайшлося грошай для прыезду. Ну няма грошай у Беларусі. Я за свае сродкі запрасіў гісторыка з Мінска. Быў цудоўны яго ўдзел у канферэнцыі.

Чытайце таксама: Толькі невялікая доля эмігрантаў далучаецца да беларускай справы
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?