Трыкатажнае прадпрыемства ААТ «КІМ» (Віцебск) можа быць далучана да віцебскага ААТ «Світанак». Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч 16 ліпеня падчас наведвання віцебскага прадпрыемства.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, зараз ААТ «КІМ» з’яўляецца стратным і ўстойліва неплацежаздольным з-за фактычнага поўнага зносу абсталявання, нізкіх аб’ёмаў вытворчасці, значных даўгавых абавязацельстваў і недахопу абаротных сродкаў, што не дазваляе своечасова закупляць сыравіну, фарбавальнікі, хімікаты, разлічыцца за энергарэсурсы.

«Выйсце з такой сітуацыі кіраўніцтва прадпрыемства бачыць у аказанні ААТ „КІМ“ дадатковых мер дзяржаўнай падтрымкі, звязаных з выдзяленнем крэдытаў на тэхнічнае перааснашчэнне і рэструктурызацыяй запазычанасці па плацяжах. Аднак гэта прапанова не знайшла падтрымкі ў прэм’ер-міністра», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

«Нельга вечна жыць за чужы кошт», — падкрэсліў Мясніковіч. Ён зазначыў, што прадпрыемству тры разы аказвалі дапамогу, аднак эфекту гэтыя меры не прынеслі — прадукцыя прадпрыемства прадаецца слаба, на рынку са сваёй нішы яго значна пацяснілі іншыя вытворцы.

«Прадпрыемства, як і жывы арганізм, не можа існаваць вечна. Яго трэба ці абнавіць, ці ліквідаваць», — дадаў прэм’ер-міністр падчас абмеркавання розных варыянтаў адносна далейшага лёсу ААТ «КІМ». Выйсце ў гэтым выпадку ён бачыць у кааперацыі віцебскага прадпрыемства з ААТ «Свiтанак», у якога ёсць развітая тавараправодная сетка, узоры запатрабаванай прадукцыі, і стварэнні на базе апошняга трыкатажнага холдынгу. «Прадпрыемствам трэба ствараць холдынгі — трыкатажны, абутковы і гэтак далей. І тады ў адных руках будуць аб’яднаныя кадры, адзіная тэхнічная палітыка, падыход да працы, будзе агульная цікавасць», — упэўнены Мясніковіч.

ААТ «КІМ» спецыялізуецца на вытворчасці трыкатажных і панчошна-шкарпэткавых вырабаў для ўсіх узроставых груп насельніцтва. Доля дзяржавы ў статутным фондзе таварыства складае 99,76%. За першае паўгоддзе 2013 года прадпрыемства выпусціла прадукцыі на 42,2 млрд. рублёў, або 86,8% да аналагічнага леташняга ўзроўню. Вытворыя магутнасці за студзень-чэрвень па выпуску панчошна-шкарпэткавых і трыкатажных вырабаў загружаныя на 27% і 52,4% адпаведна. Рэшткі гатовай прадукцыі склалі 180,4% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?