Старшыня Нацбанка Надзея Ермакова прызнала, што толькі за першыя дзесяць дзён ліпеня беларусы перавялі з рублёвых укладаў у валютныя аж трыльён рублёў. Разам з тым Ермакова паведаміла, што «Беларусбанк» і «Белаграпрамбанк» рэзка ўзнялі працэнтныя стаўкі па дэпазітных укладах і сэртыфікатах. «Стаўкі высокія, значыць, нявыгадна пераводзіць рублі ў валюту», — адзначыла яна.

Сапраўды, прапановы беларускіх банкаў па дэпазітах выглядаюць фантастычна.

Два дэпазітныя планы ад «Беларусбанка» — «Гарантаваны даход» і «Накапляльны» — прапануюць 30% гадавых, прычым працэнты па «Гарантаваным даходзе» выраслі ад учора адразу на 10 пунктаў.

Прарэкламаваны Ермаковай «Белаграпрамбанк» таксама падняў выплаты па ўкладзе «Старт» на 2%, і з 17 ліпеня ўкладчыкі будуць атрымліваць 30% гадавых замест ранейшых 28%.

Але самым прывабным пунктам «Белаграпрамбанку» сталі дэпазіты-сертыфікаты (ананімныя) на 35 дзён пад 35%. На 20% больш за тэмп інфляцыі, які сёлета складае каля 15%!

Іншыя банкі таксама не адстаюць. «Ідэя Банк» павялічыў уклад «Летні» да 33% гадавых, «МТБелкі» ад «МТБ Банку» скокнулі ўверх з 28 да 32% гадавых, уклад «Надзейны» ад «Дэльта Банку» таксама вырас да 32% 12 чэрвеня.

Самы высокі працэнт прапануюць кароткатэрміновыя ўклады — каб толькі людзі тут і цяпер не мянялі рублёў на валюту. Доўгатэрміновыя — меншы, аднак усё роўна такі, што ў любога замежніка вочы на лоб вылезуць ад 10–12% гадавога чыстага, здавалася б, прыбытку.

Высокія працэнты хаваюць за сабой высокую рызыку. Усім зразумела, што падзенне курсу рубля непазбежнае. Якім яно будзе і калі? Скажам, калі на працягу наступных 35 дзён курс рубля адпусцяць да 9150, г.зн. на 3,7%, чалавек, які паклаў на гэтыя самыя 35 дзён рублі пад максімальны працэнт — г.зн. 35% у Белаграпрамбанку — усё роўна акажацца ў страце, бо атрымае назад усяго на 3,6% больш, чым уклаў. У даляравым выражэнні гэта будзе менш, чым паклаў.

А хто ведае, ці курс адпусцяць і наколькі? Ці не адпусцяць, у страху, што нават малая і плаўная паніка выкліча паніку? Той, хто ведае, і можа сабе дазволіць класці грошы на дэпазіты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?