Сёння лідар расійскай апазіцыі Аляксей Навальны быў асуджаны да 5 гадоў калоніі. Напярэдадні ў сваім ЖЖ ён змясціў тэкст «Перад прысудам»

Гэта няёмкае пачуццё, калі табе трэба напісаць нешта вельмі шматзначнае перад заўтрашнім прысудам.

Праблема вядома не ў тым, каб зрабіць словы і літары шматзначнымі — гэта я лёгка. Рэч у тым, што ўспрыманне моцна вар’іруецца ад самога прысуду.

Дзіўная сітуацыя, так:

— Калі Пуцін збаяўся і невінаватаму чалавеку ў выніку неправасуднага рашэння дадуць ўмоўны тэрмін — значыць «пашанцавала».

— Калі набярэцца адвагі і тэрмін будзе рэальны — «не пашанцавала».

У другім выпадку ўсе будуць любіць і шкадаваць. Абавязкова нехта здыме ролік пра тое, як мяне вядзе канвой і пакладзе яго на вось гэтую музыку.
На такім кранальным фоне любы пост нельга каментаваць інакш, чым «гэта ён вельмі дакладна сказаў».

У першым выпадку («пашанцавала») нічога кранальнага не здарыцца, а нават і зусім наадварот. Журналісты напішуць «пасля абвяшчэння прысуду Навальны прайшоў у кафэ насупраць і замовіў сабе піва і смажанай бульбы, якія выпіў і з’еў, утаропіўшыся ў тэлевізар».

Ці можна верыць чалавеку, які замест перажывання драматычных момантаў есць смажаную бульбу? З цяжкасцю, зразумелая справа.

Тым не менш. Вось, што хачу сказаць.

Дакладней, давайце ўсё разгледзім на прыкладзе вядомых малюнкаў.

Ці правільна тое, што намалявана тут?

Правільна вядома ў плане галоўнай ідэі «няма чаго без канца ныць і палохацца, а трэба арганізоўваць працу», але зусім няправільна ў сэнсе прапорцый гэтых самых рыб.

Мы зусім не супрацьстаім нейкай здаровай рыбіне, якую трэба напалохаць, зрабіўшы яшчэ больш здаровую.

Цяперашняя ўлада — гэта не здаровая рыбіна, гэта хутчэй рыба-шар або лацінаамерыканская жаба, якая пры выглядзе небяспекі раздзімае сябе з дапамогай тэлебачання,

якое паказвае прастытутак-тэлевядучых, што бясконца хлусяць, або дзівакоў з СК ў сініх мундзірах, якія кажуць, што яны ўсіх пасадзяць.

Ну каго яны там могуць пасадзіць? Ну 20 чалавек, ну 50. Ну 100, калі моцна паспрабуюць.

Вось і ўвесь страшэнны патэнцыял.

Зразумелая справа, што даволі непрыемна апынуцца сярод гэтых 20-50-100, але ўсялякае ў жыцці здараецца. Бывае, на людзей і раялі падаюць.

Так што, наша задача прасцей, чым у рыб на малюнку, нам аб’яднацца трэба не супраць акулы, а супраць якой-небудзь Піпы Сурынамскай, якая выпадкова апынулася не вентылі нафтавай трубы і раздзімаецца ад уласнага страху і, адначасова, ад асалоды, што гэты страх прымаюць за пагрозу і веліч.

Аднак жаба сама з вентыля ня саскочыць. Для гэтага яе трэба доўга тыкаць палкай ці зняць яе, абгарнуўшы паперкай.

Гэта і патрабуе арганізацыйнай працы. Пакуль жаба перамагае тым, што мы лянуемся яе весці.

Усе гэтыя гады я разам з вамі і вучыўся арганізоўвацца ва ўмовах дзяржпрапаганды, запалохвання і адсутнасці грошай.

Нечаму навучыўся.

Мы ўмеем зараз і збіраць грошы. Упэўнены, што вы можаце дапамагчы сабраць іх нашаму Фонду, у выпадку негатыўнага развіцця падзей.

Па маёй ацэнцы гадавы патэнцыял збору грошай з грамадзян на палітычныя праекты — не менш за 300 млн рускіх рублёў.

Трэба іх проста збіраць, а цяпер гэта робіць толькі наш Фонд і яшчэ пара арганізацый. Мы выбіраем толькі малую частку.

Умеем весці расследавання лепш, чым любыя структуры, якім пакладзена весці расследавання.

Умеем знаходзіць нерухомасць і актывы жулікаў, іх віды на жыхарства.

Умеем рабіць, дэцэнтралізавана фінансаваць і выпускаць газеты. Першы выпуск ўжо больш, чым мільённым накладам разышоўся, значыць можам і 5–10 мільёнаў кожныя тры месяцы рабіць, калі пастараемся.

Умеем мітынгі вялікія праводзіць.

Умеем партыі ствараць. Партыі настолькі сапраўдныя і палохаюць ўладу, што яны іх не хочуць рэгістраваць, нягледзячы на «лібералізацыю і паведамляльны парадак».

Умеем пад петыцыямі збіраць 100 тысяч рэальных подпісаў.

Умеем праводзіць сумленныя выбары ў інтэрнэце і ведаем цяпер як фармаваць моцныя прадвыбарчыя спісы на аснове папярэдніх выбараў для любой выбарчай кампаніі.

Зараз вучымся арганізоўваць тысячы валанцёраў і абавязкова навучымся гэта рабіць.

Наш штаб ўжо цяпер уяўляе сабой фантастычную штуку, такое ніхто не рабіў у расейскай палітыцы. Нам шмат хто гатовы дапамагаць і мы будзем змагацца за яшчэ большую падтрымку.

Гэта значыць зразумела што рабіць, зразумела як рабіць, зразумела на што рабіць.

Галоўнае набрацца смеласці, адкінуць ляноту і рабіць.

Ніякага асаблівага кіраўніцтва і не трэба, на самой справе.

Таму нашу сітуацыю значна больш характарызуе не карцінка з рыбкамі, а вось такая:

Першаму страшна, другому — яшчэ страшней, а потым, усім астатнім, зусім не страшна, лёгка і гарантуе вынік.

І тут пераходзім да галоўнага, дзеля чаго я і сеў гэта пісаць.

Агульнае намаганне гарантуе вынік, але агульнае складаецца з прыватнага і асабістага.

Гэта не нейкі посуд, які злучаны паміж сабой, дзе вы можаце ухіліцца і пасядзець на лаўцы, а хтосьці зробіць працу за вас.

Проста зразумейце: нікога акрамя вас няма.

Нікога тое, што адбываецца ў краіне і горадзе не хвалюе больш, чым вас.

Няма дзіўных валанцёраў, якія прыедуць і зробяць працу за вас.

Няма выдатных пералічальнікаў за пяцьсот рублёў, якія накідаюць грошай у той момант, калі вам лянота увайсці ў інтэрнэт-банк.

Няма тых, хто, як на малюнку, падымецца за вас.

Калі вы ўжо дайшлі да таго, што чытаеце гэты жж, то вы і ёсць пярэдні край.

Няма нікога свядомей, няма нікога больш прасунутага.

Няма тых, на каго могуць спадзявацца няшчасныя, запалоханыя і абдураныя мільёны жыхароў Расіі. Ім пашанцавала ў жыцці менш, чым вам і вы — іх надзея.

Няма таямнічага падполля, улёткі якога вы са здзіўленнем выявіце раніцай у пад’ездзе.
Няма чалавека, які прыйдзе і моўчкі паправіць ўсё, пра вас нехта думае як пра такога чалавека.

Ніхто не ў стане супраціўляцца мацней за вас.

Абавязак перад астатнімі, калі вы яго ўсвядомілі, гэта такая штука, якую нельга дэлегаваць каму-небудзь яшчэ.

Няма нікога, акрамя вас.

Калі вы гэта чытаеце, вы і ёсць супраціў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0