Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

У студзені-маі 2013 года на кожныя 1000 шлюбаў у нашай краіне прыходзілася 609 разводаў, год таму — 835 разводаў!

ААН высветліла, што за апошнія паўстагоддзя колькасць разводаў у краіне падвоілася, а для кожнай чацвёртай незамужняй 40-гадовай жанчыны няма ніводнага вольнага мужчыны адпаведнага веку.

Горшая сітуацыя вымалёўваецца толькі ў суседняй Расіі, якая па колькасці разводаў займае першае месца. Чаму мы апынуліся на другім, і як далей з гэтым жыць?

Усё псуюць грошы?

Дацэнт кафедры сацыялогіі БДУ Святлана Бурава адзначае, што, паводле даследаванняў, існуе 5 галоўных прычын, якія прыводзяць да сур’ёзных канфліктаў паміж мужам і жонкай. Першая і самая галоўная — праблемы з грашыма, на другім месцы — адсутнасць узаемапаразумення. Далей ідуць разыходжанні ў выхаванні дзяцей, размеркаванне побытавых абавязкаў і злоўжыванне алкаголем.

Жанчыны часцей падаюць на развод, але яны звычайна і трываюць да апошняга. Жонкі сыходзяць тады, калі паводзіны мужа становяцца невыноснымі. Яны, у адрозненні ад мужчын, рэдка сыходзяць з адных адносінаў у новыя.

«Закон не вызначае, па якіх прычынах можна развесціся, — заўважае Святлана Бурава. — У Кодэксе аб шлюбе і сям'і ёсць толькі агульнае ўказанне, што «шлюб скасоўваецца, калі судом будзе ўстаноўлена, што далейшае сумеснае жыццё мужа і жонкі і захаванне сям'і сталі немагчымымі».

Згодна з статыстыкай, у Беларусі за 1990—2007 гады траціна параў развяліся ў першыя 5 год шлюбу. Век уступлення ў шлюб таксама змяніўся: калі ў пачатку 2000-х для мужчын ён быў роўны 24 гадам, а для жанчын — 22,5, то цяпер ён павялічыўся на 2 гады ў тых і другіх.

Такім чынам, сучасныя беларусы жэняцца пазней, а разводзяцца раней за сваіх папярэднікаў. Асноўная прычына — змена ролі сям’і ў сучасным грамадстве.

Усё псуюць феміністкі?

Сацыёлаг Бурава адзначае, што сэксуальная рэвалюцыя працягвае карэнным чынам змяняць уяўленні людзей пра сэксуальнасць і міжполавыя адносіны.

Гендарныя ролі пачынаюць пераасэнсоўваць. У жанчын, якія ўсё яшчэ адчуваюць праблему «падвойнага працоўнага дня» (адзін за грошы ва ўстанове, а другі дома бясплатна), змяняюцца ўяўленні аб размеркаванні абавязкаў у сям'і. Многія з іх, асабліва высокаадукаваныя, хочуць, каб хатнія справы былі абавязкам не толькі жанчыны, але і мужчыны. І гэта справядліва, таму што жанчыны сёння з’яўляюцца часцяком такімі ж «кармільцамі» сям’і, як і мужчыны.

«Гендарна афарбаванай працы ў сям'і становіцца ўсё менш і менш, — каментуе сітуацыю сямейны псіхолаг Вольга Андрэева. — Націснуць на тую ж кнопку пральнай машыны можа і мужчына. Таму цяпер у сям'і засталіся дзве асноўныя функцыі: задавольванне індывідуальных патрэбаў (эмацыйных, сэксуальных) і гадаванне дзяцей.

Сацыяльная сітуацыя змянілася. У СМІ кажуць, што, маўляў, руйнуюцца традыцыйныя каштоўнасці, іх трэба аднаўляць... Але нічога там ужо не адновіш. Гэтыя традыцыйныя каштоўнасці зараз нікому не патрэбныя, таму што яны не адпавядаюць часу. Гэта не значыць, што людзям не патрэбная сям'я. Проста ствараць яе будуць для іншых мэтаў».

Усё псуюць эгаісты?

Спецыялісты адзначаюць, што сёння маладыя людзі ўсё больш і больш схільныя да нарцысізму. Вынікам такіх паводзін з’яўляецца не толькі нежаданне прыстасоўвацца да пажаданняў і інтарэсаў мужа ці жонкі, але і запаволенасць у пытаннях нараджэння дзяцей.

«На першае месца людзі ставяць не інтарэсы грамадства, не інтарэсы сям’і, а свае ўласныя, — канстатуе псіхолаг Андрэева. — Я думаю, гэты працэс ідзе па ўсім свеце. І таму сёння чалавек адчувае права шукаць асабістае шчасце. Інтарэсы сям’і ён паставіць на другое ці трэцяе месца.

У мяне ёсць свае думкі наконт прычыны такіх паводзінаў. Была Другая сусветная вайна, якая патрабавала ад людзей вялікіх ахвяраў. А пасля прыйшло асэнсаванне таго, што жыццё ўсяго адно і трэба пажыць трошкі дзеля сябе. Гэта натуральны адкат пасля любой вялікай вайны — у бок нарцысізму. Людзі зараз хочуць больш высокага ўзроўню жыцця ў розных галінах. Таму сёння размаўляць пра самаахвяраванне не мае сэнсу».

Усё псуюць інфантыльныя юнакі?

У дадатак да нарцысізму на постсавецкай прасторы назіраецца і вельмі высокі ўзровень інфантыльнасці маладых.

Пры якіх умовах фарміруецца інфантыльная асоба? Калі шмат апекі ў сям’і. «Гэта тое, што ў нас называецца гіперапека, — апісвае сітуацыю Вольга Андрэева. — Тата звычайна актыўнага ўдзелу ў выхаванні не бярэ, ён звычайна альбо на працы, альбо на канапе перад тэлевізарам. У нашай культуры любоў да дзіцяці выражаецца праз гіперапеку. Больш за тое, шмат мам з дзяцінства даюць устаноўку сваім дочкам, што тыя павінны як мага хутчэй выйсці замуж і нарадзіць дзіця. Вартасць жанчыны ў нас вымяраецца не персанальнымі якасцямі, а тым фактам, ці знаходзіцца яна ў шлюбе, наколькі паспяхова яна выбудавала зносіны з мужчынам».

Часам у небагатых сем’ях можна назіраць цікавую сітуацыю: калі дзяўчынка расце, бюджэт сям’і пераразмяркоўваецца на карысць яе гардэроба. Мама ўжо апранаецца горш, за сабой амаль не сочыць, а дачцэ набываюць новыя спадніцы, туфлі на высокіх абцасах. У 35 гадоў ідзе так званая «выбракоўка мам». Затое дачка не зможа пасля папракнуць, што, маўляў, яна была дрэнна апранутая і таму не змагла знайсці сабе мужчыну.

У кахання няма выпрабаваўчага тэрміну

Такім чынам, цяпер сем’і ствараюцца для таго, каб задаволіць эмацыйныя і сэксуальныя патрэбы і каб узгадаваць дзяцей. У адрозненне ад савецкага часу, дзе пара ўтваралася ў тым ліку і для эканамічнай стабільнасці партнёраў.

Зразумела, у шлюбе могуць быць такія праблемы, якія вырашыць немагчыма. Напрыклад, у людзей розныя жыццёвыя каштоўнасці.

«Кожны чалавек упэўнены ў сваіх каштоўнасцях і за іх гатовы стаяць да канца, — кажа псіхолаг. — Ці, напрыклад, палітычныя погляды. Калі адбываюцца нейкія значныя палітычныя падзеі, яны штораз расколваюць не толькі краіну, але і сем’і. Гэта таксама невырашальны канфлікт. Ці калі адзін хоча эміграваць, другі — застацца. Адзін партнёр мае патрыярхальныя ўстаноўкі, а іншы мае свае ўласныя амбіцыі і дасягненні.

Калі закаханыя людзі пачынаюць адносіны, яны шукаюць тое, што іх яднае, а не тое, што адрознівае. І не спяшаюцца гэтую тэму абмякоўваць, бо баяцца, што шлюб не адбудзецца. Асабліва баяцца гэтага дзяўчаты. Яны ўпэўненыя, што каханне робіць цуды, і калі мужчына яе кахае, то зможа шмат з чым прымірыцца. Але зразумела, што гэта не так».

Спецыялісты лічаць, што няма ніякіх тэрмінаў, пасля якіх адразу можна ўступаць у шлюб і не баяцца за свае адносіны. Нямецкі псіхатэрапеўт Берт Хелінгер кажа, што самае галоўнае паміж мужчынам і жанчынай адбываецца ў першыя 15 хвілін знаёмства, а пасля ўжо паступова фарміруюцца ўсе патрэбныя прывязанасці. Гэта штосьці чароўнае, і для таго, каб закаханасць адбылася, патрэбная ідэалізацыя партнёра.

Але жыць чалавек вымушаны не з прыдуманым ідэалам, а з рэальнай асобай. Таму для таго, каб пазбегчы непрыемных сюрпрызаў, варта ўсё з партнёрам як след абмеркаваць. І толькі пасля прымаць рашэнне наконт шлюбу.

Так званага выпрабаваўчага тэрміну ў адносінаў няма, таму не варта чакаць моманту, каб з упэўненасцю сказаць, што цяпер можна жаніцца і шлюб будзе доўгім ды шчаслівым. У гэтай справе, на жаль, ніхто не дае ніякіх гарантый.

Пяць прычын разводаў:

• праблемы з грашыма

• адсутнасць узаемапаразумення

• разыходжанні ў выхаванні дзяцей

• размеркаванне побытавых абавязкаў

• злоўжыванне алкаголем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?