Сінагога ў Індуры — помнік архітэктуры, які развальваецца на вачах. Фота svaboda.org.

Сінагога ў Індуры — помнік архітэктуры, які развальваецца на вачах. Фота svaboda.org.

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч сьцьвярджае, што дзяржава наўмысна блякуе папаўненьне Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.

І нават падрыхтавала адмысловае распараджэньне, у адпаведнасьці зь якім гэты сьпіс будзе скарачацца. Прычына — прага інвэстыцыяў, карупцыя і нежаданьне браць на сябе адказнасьць.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў даручэньне ад 23 сакавіка 2013 году № 05/206-88 аб неабходнасьці аналізу Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь і ўнясеньня прапаноў па яго скарачэньні, — кажа Астаповіч. Старшыня Таварыства аховы помнікаў прапануе зьвярнуць увагу на дату дакумэнта: 23 сакавіка — гэта субота, выходны дзень. Чаго так сьпяшаліся? — цікавіцца Астаповіч.

Астаповіч адзначае, што Міністэрства культуры, пачынаючы з гэтага году, рэгулярна адмаўляецца даваць інфармацыю Таварыству аховы помнікаў і раз за разам адхіляе прапановы Таварыства папоўніць Дзяржаўны сьпіс.

Так, Мінкульт адмовіўся надаць статус матэрыяльнай каштоўнасьці будынку 18 стагодзьдзя, які знаходзіцца ў Магілёве на вуліцы Вароўскага. Абгрунтаваньне, якое прыводзіць Мінкульт, па словах Астаповіча, больш чым дзіўнае. Мінкульт лічыць, што будынак «не зьяўляецца рэдкім або выдатным узорам збудаваньня пэўнага гістарычнага пэрыяду, ня мае тыповых уласьцівасьцяў, характэрных толькі для культуры народу Беларусі». «Будынкі 18 стагодзьдзя для нас ужо ня рэдкія!» — абураецца Астаповіч.

Такія ж адмовы атрымала Таварыства ў адказ на просьбы ўнесьці ў сьпіс такі яскравы аб’ект, як драўляны будынак па вул. Ваўковіча, 23 у Гародні. А прапанова, якую накіравалі ў Мінкульт аб будынку былой сынагогі ў Жалудку ў верасьні 2012-га, дагэтуль не разгледжаная.

У скарачэньні сьпісу Астаповіч бачыць менавіта эканамічны інтарэс. Асабліва там, дзе справа тычыцца гарадзкіх гістарычных тэрыторыяў.

Астаповіч: «Статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці не спыняе інвэстара, але ставіць перад ім пэўныя перашкоды. Тут яшчэ моцна прасочваюцца карупцыйныя працэсы. Калі ў нас заканадаўства аб ахове спадчыны прагінаецца на карысьць інвэстара, то як гэта назваць? Гэта карупцыя. У гэта завязаны цэлы шэраг дзяржаўных службоўцаў, якім нявыгадная цяперашняя заканадаўчая сытуацыя».

Зь іншага боку, кажа Астаповіч, чыноўнікі проста перастрахоўваюцца. «Заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўскладае адказнасьць на ўласьніка, але не здымае адказнасьці і зь дзяржавы. Таму чыноўнік кіруецца думкай: «Няма помніка — няма праблемы».

Аднак знаходжаньне аб’екта ў сьпісе гісторыка-культурнай спадчыны не ратуе яго ад разбурэньня.

Астаповіч: «У нас практычна страчаны гістарычны цэнтар Менску, хоць ён і ў сьпісе. Ад яго засталіся аскепкі. І тыя працы, якія цяпер вядуцца на вуліцы Гандлёвай, гэта апошні цьвік у гістарычны цэнтар Менску. Ёсьць і іншыя аб’екты. Тая ж царква Крыжаўзьвіжанская ў Вошчаве, якую перабудавалі да непазнавальнасьці. Такіх аб’ектаў шмат — нават пералічваць не хачу!» — роспачна апавядае Астаповіч.

«Лепей хай аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны стаіць і дэградуе, — заключае старшыня Таварыства аховы помнікаў, — чым на ім праводзяцца навукова не абгрунтаваныя работы. У іншым выпадку аб’ект проста забіваюць. Тут трэба думаць: рэстаўрацыя ці захаваньне. Я, напрыклад, абедзьвюма рукамі за захаваньне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?