Забойства Таццяны Слонімскай не было спланаваным, паведаміў 19 ліпеня на прэс-канферэнцыі начальнік УУС Мінскага аблвыканкама Віктар Сянько. «Гэта было выпадкова», — сказаў ён.

Нагадаем, мінчанка Таццяна Слонімская знікла 3 ліпеня, калі паехала ў вёску Малы Трасцянец (Мінскі раён) да маці, а затым адправілася на сваёй машыне «Мазда-3» у лес па ягады. 17 ліпеня былі затрыманы два падазроныя ў забойстве жанчыны, цела якой знайшлі 18 ліпеня ў Мінскім раёне каля вёскі Дварэц.

Пакуль ідзе следства, Сянько адмовіўся даваць якія-небудзь каментарыі, але паведаміў, што галоўным падазраваным з’яўляецца неаднаразова судзімы 21-гадовы мінчанін.
Нібыта менавіта ён нанёс жанчыне некалькі нажавых раненняў, ад якіх яна памерла, затым пагрузіў цела ў багажнік яе ж машыны і адвёз у іншую мясцовасць, дзе закапаў. Другі падазроны, мінчанін 1994 года нараджэння, аказваў яму садзейнічанне, яго роля ва ўчыненні злачынства зараз вывучаецца.
Сянько паведаміў, што працу па раскрыцці злачынства кантраляваў асабіста міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
Ён таксама адзначыў добрае ўзаемадзеянне з расійскай паліцыяй. Інфармацыя аб спробе зарэгістраваць у Расіі выкрадзеную «Мазду-3» паступіла ў МУС Беларусі ў той жа дзень, калі такая спроба была зроблена. Менавіта дзякуючы гэтаму ўдалося аператыўна выйсці на падазроных.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0