Усталяваньню помніку Чарадзею папярэднічаў колькігадовы конкурс. Сярод вераемных аўтараў былі й Алесь Шатэрнік і Сяргей Бандарэнка, але замову на выраб манумэнта атрымаў Аляксандар Прохараў.

Гэты скульптар ужо зьвяртаўся да вобразаў нацыянальнае гісторыі. У яго даробку ёсьць помнік Кірылу Тураўскаму, што ў дворыку Белдзяржунівэрсытэту. На 80‑годзьдзе БДУ яго ўрачыста адкрываў рэктар Аляксандар Казулін.

Аляксандар Прохараў быў блізкі да перамогі й у Менску, вырабіўшы эскіз мастакоўскае аздобы, у садружнасьці з Паўлам Вайніцкім, для новае футбольнае арэны на колішнім праспекце Машэрава. Яго скульптурная кампазыцыя «Арбіта спорту» ў 2003 г. была цёпла сустрэтая і калегамі й начальствам. Гэта мелася быць дынамічная кампазыцыя з кольцаў і фігураў, што мусіла бы паволі рухацца вакол фантану. На жаль, задуму Прохарава ня зьдзейсьнілі.

Не рэалізаваны пакуль і яшчэ адзін выдатны праект гэтага скульптара — мэмарыял у Трасьцянцы, дзе быў адзін з найбуйнейшых у Эўропе лягераў сьмерці. За праект мэмарыялу А.Прохараў з калегамі‑архітэктарамі атрымаў Гран‑пры за найлепшы праект на I міжнародным конкурсе маладых архітэктараў «Леанарда 2005».

Такім чынам посьпех Аляксандра Прохарава ў Полацку быў для яго прынцыповым.

Паводле словаў працаўніка Полацкага гарвыканкаму Станіслава Красоўскага, на 4.5‑тонны помнік Усяславу не было выдаткавана ані капейкі зь бюджэту. Усе 300 млн рублёў, якія ён каштаваў, — прыватныя ахвяраваньні.

Бронзавы Ўсяслаў Чарадзей, з сокалам, імчыць на кані на скрыжаваньні вуліцаў Кастрычніцкай і Эўфрасіньні Полацкай. Скульптар прыбраў неабавязковыя дэталі манумэнту, што былі ў эскізе. Цяпер яго сылюэт выдатна глядзіцца. Стылістыка помніка, анахранічная для нашага часу, аднак была добра ўспрынятая, зразуметая правінцыйным чынавенствам — больш, чым імпрэсіяністычны Ўсяслаў аўтарства Алеся Шатэрніка. Урэшце, конных статуяў у Беларусі вобмаль. І патрабаваньні да іх, пакуль, дыдактычныя і дэкаратыўныя.

Нягледзячы на вялікую колькасьць манумэнтаў у нашай старажытнай сталіцы, бальшыня зь іх не адыгрываюць свае ролі. Ані нягеглыя бэтоннныя Леў Таўстой зь Леніным, ані новыя бронзавыя Эўфрасіньня й Сімяон Полацкія, не кранаюць душу, не выклікаюць належнага асацыятыўнага шэрагу. Мо рамантычны герой, віцязь у ваўчынай скуры, на борздым кані, больш будзе адпаведны месцу й часу? А мо праславіцца якімі чарамі?

Сяргей Харэўскі


Першы конны Ўсяслаў.

Альтэрнатыўны праект Алеся Шатэрніка
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0